Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыя-эскпэрты камэнтуюць свабоду СМІ ў Беларусі

абноўлена

Беларусь у рэйтынгу свабоды СМІ фігуруе сярод краінаў, дзе стан найгоршы. РБ на 193-м месцы з 197 краінаў і тэрыторый. Горай толькі ў Эрытрэі, Узбэкістане, Туркмэністане і Паўночнай Карэі. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе Freedom House.

«Свабода» падае меркаваньні экспэртаў.

Гары Паганяйла: дзяржава робіць усё, каб свабоды не было

Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла назваў ацэнкі міжнародных арганізацый у справе свабоды мэдыяў у Беларусі справядлівымі.

«Свабода прэсы як адна з асноўных свабодаў не забясьпечваецца ў Беларусі. Больш за тое, дзяржава, яе чыноўнікі робяць усё, каб гэтай свабоды не было. Каб адзінай крыніцай інфармацыі пра дзейнасьць органаў улады і так далей маглі быць толькі дзяржаўныя СМІ, то бок з аднаго ідэалягічнага рупару, якім і кіруе дзяржава. І гэтая сытуацыя пагаршае ў прынцыпе захаваньне правоў чалавека. У Беларусі ўсё зроблена дзеля таго, каб адзіны чалавек кіраваў доўга, грунтоўна і бязь нейкіх для сябе выдаткаў».

Вадзім Гігін: пэўныя парушэньні правоў журналістаў у Беларусі ёсьць

Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін называе Freedom House «заангажаванай арганізацыяй» і ня ставіцца сур’ёзна да яе высноваў. Гэтыя экспэрты робяць высновы па справаздачах, якія паступаюць «ад пэўных палітычных колаў унутры Беларусі».

«Безумоўна, пэўныя парушэньні правоў журналістаў у Беларусі ёсьць. Ёсьць пэўныя праблемы з доступам да інфармацыі. Сказаць, што жыцьцё журналістаў у Беларусі беспраблемнае, мы ня можам. Але казаць пра тое, што гэта нейкая спэцыфічная праблема, якой няма ў іншых краінах, наогул нельга».

Натальля Радзіна: Дыктатуры баяцца любых свабодаў

Рэдактарка сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна з-за перасьледу з боку ўладаў вымушаная была ўцячы зь Беларусі і атрымала палітычны прытулак у Літве. Яна адзначае, што ацэнкі свабоды прэсы ў Беларусі ў дакладзе «Freedom House» даюць падставы для міжнароднага рэагаваньня на сытуацыю ў Беларусі, у прыватнасьці — для ўвядзеньня санкцыяў.

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
«Як журналіст, які неаднойчы зазнаваў рэпрэсіі ў Беларусі, які сёньня ня можа працаваць у сябе на радзіме, я, канечне ж, падзяляю такія ацэнкі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага — Беларусь ужо фактычна 20 гадоў уваходзіць у такія сьпісы ворагаў свабоды слова. Бо ў нас забіваюць журналістаў, перасьледуюць іх па крымінальных справах, праводзяць вобшукі ў рэдакцыях, рабуюць іх. Таму ўвесь спэктар парушэньня правоў журналістаў у Беларусі прысутнічае. З інтэрнэт-СМІ ў Беларусі распраўляюцца самым брутальным чынам, бо сёньня інтэрнэт застаўся практычна адзінай даступнай крыніцай свабоднай інфармацыі. І тое, што мы сёньня ня можам працаваць у Беларусі, таму пацьвярджэньне. Улады душаць свабоду слова вось ужо 20 гадоў, і калі зьяўляецца нейкая магчымасьць перадаваць беларусам інфармацыю, значыць, трэба заглушыць яе. Дыктатуры баяцца любых свабодаў».

Старшыня БАЖ Жана Літвіна адзначае,што ў гэтым годзе шэраг сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў трапілі ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу. Але мінулы год быў беспрэцэдэнтны па ціску на мэдыі:

Жана Літвіна
Жана Літвіна
"У мяне такое адчуваньне, што і ўлады, і журналісцкая супольнасьць ужо прызвычаіліся да гэтых рэйтынгаў і стала такой свайго роду традыцыяй, што, на жаль, нашая краіна займае "лідэрскія" месцы з канца таго сьпісу. Хаця калі аб'ектыўна паглядзець на мінулы год, то гэта быў абсалютна беспрэцэдэнтны час для незалежнай журналісцкай супольнасьці па ціску на яе. Гэта і пачатак крымінальных спраў за ўдзел у выбарчай кампаніі, гэта і канфіскацыя тэхнікі, і ператрусы, і папярэджаньні пракуратуры. І мы ўсе добра памятаем пра тое, што ў мінулым годзе ізноў па артыкуле Крымінальнага кодэксу асуджаны быў наш калега Пачобут. На мяжы закрыцьця знаходзіліся "Народная воля" і "Наша ніва". Пералік гэты можна яшчэ і працягнуць. Але сэнс у тым, што ўсё роўна, нягледзячы на гэты ціск, незалежная журналістыка як інстытут захавалася".


Шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько адзначае, што ў дакладзе Freedom House пададзена «аб’ектыўная рэальнасьць беларускай сытуацыі»:

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
«У Беларусі няма незалежных тэлебачаньня і радыё. Усе тэле- і радыёканалы кантралююцца адным чалавекам. І гэта самая вялікая праблема, якую мы маем. Застаюцца праблемы з распаўсюдам незалежных газэт. Многія газэты і часопісы не прадаюць у „Белсаюздруку“. Добрыя газэты і часопісы, а іх ня выпішаш празь „Белпошту“. Амаль немагчыма зарэгістраваць новыя грамадзка-палітычныя выданьні. І ў цэлым сама атмасфэра характарызуецца нагнятаньнем падазронасьці, часам гістэрыі ў адносінах да незалежных журналістаў, незалежных крыніц інфармацыі. Няўзброеным вокам бачна, што тут, у Эўропе, другой такой краіны няма. У Польшчы, ва Ўкраіне і Літве, якую краіну ні вазьміце, вы абавязкова сустракаеце плюралізм думак, публічную дыскусію. Кіраўнік краіны дыскутуе зь лідэрамі апазыцыі. Нічога такога ў Беларусі няма і блізка. І ўсё гэта вядзе да застою, да інтэлектуальнай, а сьледам і эканамічнай дэградацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG