У Беларусі літаральна безьліч літаратурных прэмій. Рэдкі клясык нашай літаратуры пазьбегнуў гонару даць імя літаратурнай узнагародзе.
Ёсьць прэміі імя Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Янкі Маўра, Івана Мележа. Беларускі ПЭН-цэнтар мае прэміі імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча. Разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў ПЭН-цэнтар уручае прэмію імя Максіма Багдановіча за найлепшую дэбютную кнігу.
Прэміі маюць асобныя выданьні, як часопіс Дзеяслоў, што з 2003 году вядзе лік лаўрэятам прэміі «Залаты апостраф». І нават асобныя грамадзяне — літаратар і мастак Адам Глёбус штогод вызначае найлепшую кнігу і ўручае сваю ўласную прэмію «Залатая літара». Бадай, самай пасьлядоўнай і аўтарытэтнай застаецца прэмія «Гліняны Вялес», заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Беларускія літаратурныя прэміі былі, ёсьць і дакладна яшчэ будуць.
У міжнародны дзень пісьменьніка і дзень абвяшэньня ляўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройца Радыё Свабода спытала вядомых літаратараў пра іх прэміі і ці мелі яны значэньне для іх творчага жыцьця:
Уладзімер Някляеў, лаўрэят прэміі Ленінскага камсамолу (1979), ордэну Знак пашаны за ўнёсак у літаратуру (1986), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1998), «Гліняны Вялес» (2010), у 2011 ПЭН-цэнтар вылучыў яго на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.
Някляеў: «Я бы падзяліў прэміі на тыя, што былі за савецкім часам, і тыя, што пасьля. На творчае жыцьцё яны ані тады, ані цяпер ніяк не ўплывалі. А вось на зьнешнія праявы гэтага жыцьця, канечне, уплывалі. Хоць бы нейкім сваім матэрыяльным складнікам. Я памятаю, калі першы раз займеў такую вялікую прэмію — прэмію Ленінскага камсамолу. Я сядзеў тады ў Маскве, частаваў усіх, хто прыходзіў за стол — а грошы ўсё не сканчаліся. (Прэмія Ленінскага камсамолу складала 5000 савецкіх рублёў — РС).
Пасьля адкрываў шлях да публікацыяў у саюзным друку. А гэта было няпроста — у часопісе надрукавацца. Ужо ня кажучы пра тое, каб выдаць у Маскве кнігу.
У найноўшыя часы з гэтых прэмій не вынікала нічога, апроч унутранага задавальненьня. Бо звычайна гэтыя прэміі, якія ўручаюцца ці па рашэньні ПЭН-цэнтру, ці Саюзу пісьменьнікаў, ці нейкіх грамадзкіх суполак... Яны насамрэч маюць у сваім складніку перш за ўсё маральную сутнасьць. І гэта вельмі важна сёньня, калі ніхто не зьвяртае ўвагу на тое, што ты там пішаш, як ты там днямі і начамі сядзіш за пісьмовым сталом. Бо ня гэта сёньня патрэбна для нашага шчасьлівага заможнага жыцьця. А вось калі ты адчуваеш, што ўсё ж такі гэта нехта чытае і ставіцца да гэтага неабыякава, гэта насамрэч дае дадатковы імпульс для таго, каб ты ня спаў, а прачынаўся раней і сядаў за пісьмовы стол».
Вольга Гапеева, лаўрэатка прэміі Залаты апостраф (2010): «Я пакуль атрымала адну прэмію — гэта прэмія часопіса „Дзеяслоў“ за паэтычную падборку, якая была надрукаваная ў мінулым годзе. Было вельмі прыемна, што такое паважанае выданьне адзначыла якасьць маіх тэкстаў. Але думаю, што для пісьменьніка гэта ня самае галоўнае ў жыцьці. Можа, таму, што вельмі часта прэміі раздаюць зусім ня тым людзям, якія іх заслугоўваюць. Усё гэта даволі суб’ектыўна. У журы таксама ўваходзяць звычайныя людзі».
Віталь Рыжкоў, ляўрэат прэмій «Плястылінавы бусел» (2005), «Залаты апостраф» (2008): «Я атрымліваў за сваё творчае жыцьцё некалькі розных прэмій, некалькі дыплёмаў і ляўрэацтваў. І сярод іх „Залаты апостраф“ ад часопіса Дзеяслоў і прэмія імя Максіма Багдановіча „Дэбют“ за кнігу „Дзьверы, замкнёныя на ключы“. Калі шчыра, першыя прэміі вельмі заахвочвалі да таго, каб ствараць надалей. З часам вырастаюць найперш патрабаваньні да самога сябе як да аўтара. І ты проста ня так хочаш атрымаць прэмію, колькі напісаць напраўду харошы тэкст, які табе самому будзе падабацца».
Валярына Кустава, ляўрэат Міжнароднага конкурсу вершаваных твораў пад эгідай ЮНЭСКА (2000), ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2009): «Першая прэмія, якую мне пашанцавала атрымаць яшчэ ў школе — гэта было лаўрэацтва ў конкурсе вершаваных твораў, які праходзіў пад эгідай ЮНЭСКА ў Парыжы. Прызам было цацачнае сланяня, якое я і назвала Ляўрэат. Калі ня ўлічваць розныя рэспубліканскія школьніцкія прэміі, то былі прэміі ад міністэрства культуры, дзяржаўная стыпэндыя. І бадай на сёньняшні момант галоўная мая прэмія — гэта „Залаты апостраф“ часопіса Дзеяслоў у галіне паэзіі.
Канечне, матэрыяльны складнік ня першасны. Бо калі ты абіраеш шлях пісьменства, то болей ня можаш нічым займацца. Але матэрыяльны складнік спрыяе, вызваляе ад мітусьні, ад штодзённасьці, часам абсалютна непатрэбнай. Калі я была на стыпэндыях у Швэцыі, Нямеччыне, Польшчы, зараз зьбіраюся ў Латвію, то гэта час, калі ты можаш аддацца таму, што пішаш. У нас у Беларусі няма прафэсіі пісьменьнік і творчы стаж скасавалі. Гэта праблема. Я цешу сябе надзеяй, што калісьці „пісьменьнік“ будзе прафэсіяй, якой ты зможаш аддацца цалкам».
Ігар Бабкоў, «Гліняны Вялес» (2003), «Залатая літара» (2005), шорт-ліст прэміі «Angelus» (2009): «Самая першая прэмія, на якую я быў вылучаны, ці гэта быў конкурс, ня памятаю, гэта прэмія выдавецтва „Мастацкая літаратура“. Мой першы зборнік „Solus rex“ выйшаў у 1992 годзе, і аказалася, што ён быў вылучаны на прэмію гэтага выдавецтва. Праўда, я пра гэта даведаўся год праз 10 пасьля вылучэньня.
Першая незалежная прэмія ў Беларусі — гэта „Гліняны Вялес“ Алеся Аркуша. І я яго атрымаў за той жа „Solus rex“. Эмацыйна гэта самая важная для мяне прэмія. Згадаю „Залатую літару“ Адама Глёбуса, якую я атрымаў за „Каралеўства Беларусь“.
А самая вядомая і цікавая — гэта „Ангелюс“. Мой „Адам Клакоцкі і ягоныя цені“ выйшаў па-польску ў Варшаве і быў намінаваны на сярэдне-эўрапэйскую прэмію „Ангелюс“, якая прысуджалася ва Ўроцлаве. І гэта самае драматычнае і самае цікавае, што было. Я патрапіў у фінал і, па чутках, праіграў Шкварэцкаму. Гэта тое самае, што прайграць Музілю ці Джойсу. Шкварэцкі — дзевяностагадовы клясык чэскай літаратуры. Ён быў хворы, ляжаў у шпіталі ў Канадзе. Сам ён не прыехаў, але яму была прысуджаная прэмія.
Для беларускіх літаратараў матэрыяльная частка наўрад ці выконвае такую ролю, як для эўрапэйскіх. Хіба што Сьвятлана Алексіевіч у нас адзіная прафэсійная атрымальніца прэмій і грантаў. Яна сапраўды прафэсійны літаратар, які жыве з гэтага і ў сваёй творчасьці арыентуецца на гэтыя рэчы. Абсалютная большасьць нашых літаратараў маюць прафэсыю і зарабляюць сабе на жыцьцё чымсьці іншым. Што таксама вельмі добра, прынамсі, так у свой час раіў рабіць Райнэр Марыя Рыльке».