БХК просіць Генпракуратуру праверыць інфармацыю аб катаваньнях Саньнікава

Андрэй Саньнікаў падчас судовага працэсу, травень 2011 году

Нагодаю для звароту Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Генпракуратуру стала інфармацыя, пададзеная жонкаю экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірынаю Халіп на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 25 студзеня.

Як паведамлялася, Халіп заявіла, што ў адносінах да Саньнікава ў турмах практыкуюцца катаваньні, а таксама абмяжоўваецца яго права на ліставаньне. Жонка палітвязьня таксама паінфармавала, што што гвалтам і пагрозамі 20 лістапада Саньнікава вымусілі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

У сувязі з памянёнай інфармацыяй Беларускі Хэльсынскі камітэт выказвае глыбокую заклапочанасьць.

БХК накіраваў у Генэральную пракуратуру зварот з просьбаю правесьці праверку зьвестак аб ужываньні ў дачыненьні да Саньнікава катаванняў, даць публічную інфармацыю па выніках праверкі і прыняць у разе неабходнасьці меры пракурорскага рэагаваньня.

«Паколькі Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў зьняволеньні і яго магчымасьці абараняць свае правы, распаўсюджваць інфармацыю беспасярэдне залежаць ад адміністрацыі, варта зыходзіць з прэзумпцыі даверу да зьвестак аб парушэньні правоў, якія зьмяшчаюцца ў скаргах яго або ягоных прадстаўнікоў і сваякоў. Адпаведна дзяржава ў асобе сваіх органаў нясе абавязак асабліва ўважлівай праверкі такіх зьвестак», — гаворыцца ў звароце БХК.

***
Вядома, што пры канцы мінулага тыдня Андрэя Саньнікава з памяшканьня камэрнага тыпу перавялі ў сёмы атрад калёніі «Віцьба-3». Цяпер ён можа хадзіць на прагулкі на сьвежае паветра і кантактаваць зь іншымі палітвязьнямі.

14 траўня 2011 году суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Андрэю Саньнікаву пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітыка прызналі вінаватым «у арганізацыі масавых непарадкаў» 19 сьнежня 2010 году.

Зь ліпеня Саньнікаў адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, аднак праз два месяцы яго без тлумачэньняў перавялі ў бабруйскую калёнію № 2. У лістападзе палітвязьня этапавалі ў «Віцьбу-3». 30 студзеня суд Віцебскага раёну мае разгледзець скаргу адвакатаў Саннікава на дзеяньні адміністрацыі калёніі. Падставаю для скаргі сталі незаконныя, як лічаць адвакаты, адмовы кіраўніцтва калёніі даць ім спатканьне зь іх падабаронным.