Залатая дзясятка кніг 2011 году: Вінцук Адважны. Выбраныя творы

Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё склалі Залатую дзясятку-2011. Ужо былі прадстаўленыя зборнік казак Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч», том выбраных твораў Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці», пераствораных па-беларуску, і раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы». На чарзе — фаліянт Вінцука Адважнага, што выйшаў у выдавецтве «Кнігазбор».

Вінцук Адважны — гэта літаратурнае імя сьвятара Язэпа Гэрмановіча. Напачатку дваццатага стагодзьдзя, калі заходнебеларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду пачаў друкаваць свае першыя творы на старонках беларускамоўных пэрыёдыкаў («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»), ягоныя чытачы, за выняткам блізкіх сяброў, ня ведалі, што гэтыя два імені належаць адной і той жа асобе.

Ці стварала сьвятарскае пакліканьне Язэпа Гэрмановіча адметнасьць твораў Вінцука Адважнага? І ці была праблема ў сёньняшніх дасьледчыкаў пры прадстаўленьні чытачу кнігі такой, у пэўным сэнсе, дваістай асобы? Складальніца тому кандыдат філялёгіі Ірына Багдановіч ня мела з гэтым праблемаў.

Ірына Багдановіч

«Калі ты ёсьць чалавек-вернік, то ты разумееш сьвятара-пісьменьніка. Калі б я не была верніцай, прыхажанкай да касьцёлу, мне было б, канечне, цяжка. У цяперашняй сытуацыі, калі я бачу, што такое ёсьць сьвятар, бачу ягоную працу, чым ён займаецца, што ён робіць, то мне было прасьцей. Творца-сьвятар — гэта чалавек, які адразу разумее гэтае пакліканьне, што ён мусіць быць апосталам. Ня толькі праз слова з амбону, але праз літаратуру таксама гаварыць тыя высокія ісьціны, якія ёсьць у Бібліі. Але не навязьліва, часам з іроніяй, гумарам. Вінцуку Адважнаму быў уласьцівы вельмі адметны гумар. Пра гэта айцец Аляксандар Надсан яшчэ казаў, што яго зьдзіўляла ў гэтай асобе менавіта вось гэтая глыбінная духоўнасьць і пачуцьцё гумару. У яго асобе гэта зьлівалася проста ў нейкі дзіўны фэномэн. Напрыклад, ён мог пісаць на біблейскія тэмы і пры гэтым захоўваць гумарыстычную ноту. І гэта ўсё роўна было высока, гэта было ня нейкае блюзьнерства, а высокія і вечныя духоўныя хрысьціянскія ісьціны, якія прамаўляў чалавек-сьвятар, але прамаўляў як рэдактар часопіса „Божым шляхам“, напрыклад. Ці як пісьменьнік, які пачынаў свой шлях у канцы 20-х-30-ыя, калі пачынаў пісаць такія свае рэчы, і якія я дала ў гэтую кнігу. Гэта аповесьць „Хлапец“ і апавяданьне „Адам і Анэлька“ — тая проза, якой мы былі пазбаўленыя. Гэта проза, якая распавядала пра нейкія сьвятарскія абавязкі, пра чалавека, беларуса, які хадзіў у школу, але хадзіў таксама да касьцёлу. Гэта такія новыя рэчы, я лічу, якія праўду жыцьця таго даваеннага і пасьляваеннага, эміграцыйнага раскрываюць вельмі поўна».

У том выбранага Вінцука Адважнага складальніца ўключыла пераважна празаічныя творы сьвятара-літаратара. Гэта найперш ягоныя мэмуары пра сваё знаходжаньне ў савецкіх лягерах «Кітай — Сыбір — Масква», якія ўпершыню па-беларуску пабачылі сьвет асобнай кнігай у 1962 годзе ў Мюнхэне. Гэтая кніга пра жахі сталінскай карнай сыстэмы, якая выйшла на адзінаццаць гадоў раней за «Архіпэляг ГУЛаг» Салжаніцына, была выдадзеная і на італьянскай, польскай, літоўскай мовах. Апрача яе ў кнігазбораўскім томе ўпершыню надрукаваныя яшчэ некалькі празаічных твораў Адважнага. Менавіта яны прывабілі чытацкую ўвагу гісторыка літаратуры Анатоля Сідарэвіча:

Анатоль Сідарэвіч

​«Для мяне было адкрыцьцё — празаік Адважны. Я чытаў ягоныя вершы — гэта „нашаніўскі“ ўзровень. Ужо паэзія беларуская пераўзышла гэты ўзровень. Але я зусім не чакаў такой прозы. Я чытаў да гэтага яго кніжку „Кітай — Сыбір — Масква“. Гэта кніга ўспамінаў, цікавая кніга і павучальная. І вось я пачаў чытаць яго мастацкую прозу і ўбачыў, што проста мы, „дзякуючы“ Ватыкану і палітыцы польскіх уладаў у Заходняй Беларусі, страцілі выдатнага пісьменьніка. У Заходняй Беларусі, як вы ведаеце, празаікаў практычна й не было. Цяпер можна гаварыць пра тое, што ў Заходняй Беларусі быў прыкметны празаік Вінцук Адважны. І калі гаварыць пра прыватнасьці ягонай творчасьці, то гэта тое, што ён умее з гумарам пісаць. Па-другое, я, ведаеце, проста лавіў сябе на думцы: ну й грэшнік гэты сьвятар. Я маю на ўвазе тое, як ён жанчын апісвае. Умеў апісаць і жаночыя прынады, не кажучы ўжо пра тое, як ён умеў апісаць побыт, норавы таго асяродзьдзя, пра якое ён піша, невялікага мястэчка. Тут ёсьць нават гэтая, што называецца, пазнавальная функцыя мастацтва. І мова яшчэ не засьмечаная саветызмамі і ўсякімі іншымі такімі рэчамі. Мова вельмі цікавая. Я думаю, што Вінцук Адважны стаў адкрыцьцём для многіх».

Выдавец Генадзь Вінярскі ў сваім прыватным рэйтынгу паставіў кнігу на першае мейсца:

«Вінцука Адважнага да гэтага ў Беларусі мала хто ведаў. Яго творы выходзілі толькі за мяжой, і яны былі даступныя толькі невялікай колькасьці чытачоў. А спадчына яго пісьменьніцкая вельмі вялікая. Чаго толькі вартыя ягоныя ўспаміны „Кітай — Сыбір — Масква“? Гэта фактычна, як некаторыя параўноўваюць, лепш чым успаміны Аляксандра Салжаніцына, бо напісана больш адметным стылем і фактура больш цікавая. Самае галоўнае, што нарэшце беларусы ўбачылі незаслужана забытага на сваёй радзіме такога значнага пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і сьвятара, убачылі яго творчасьць».

Спадар Вінярскі крыху памыляецца. Кніга Вінцука Адважнага «Кітай — Сыбір — Масква» пасьля мюнхенскага выданьня выходзіла асобнай кнігай па-беларуску ў Менску ў 2003-м. Але яна тады адразу ж стала рарытэтам.

Ад 1960-га да адыходу ў іншы сьвет ў 1978-м Язэп Гэрмановіч жыў у Лёндане, узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду для беларусаў-каталікоў замежжа. Усе гэтыя гады побач зь ім быў цяперашні кіраўнік місіі дырэктар беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны айцец Аляксандар Надсан. Ён вельмі ўсьцешаны, што кніга легендарнага сьвятара выйшла на радзіме і атрымала высокую чытацкую ацэнку:

Аляксандар Надсан

«Ён прыехаў сюды, калі ўжо вырваўся з савецкіх лягераў, а пасьля яму і з Польшчы было таксама цяжка выехаць у Італію, а з Рыму ўжо прыехаў да нас і ўжо застаўся тут. Ён быў перадусім сьвятар. Гэта адзін з тых, хто ня мог ня быць сьвятаром, поўнасьцю адданым Богу. Беларус — несумненна, і то такі беларус перакананы абсалютна. Рэдка такіх сустрэнеш. Прайшоўшы праз усе нягоды, праз усе сыбіры, кітаі, польшчы, заўсёды заставаўся беларусам. За сваю беларускасьць пацярпеў яшчэ ў трыццатыя гады ад польскіх уладаў. Яму на Бацькаўшчыне не было месца. Чалавек з тонкім пачуцьцём гумару. Ягоная пабожнасьць злучалася з тонкім гумарам. І, магчыма, гэта яго ратавала ў цяжкіх абставінах, бо заўсёды і ўсюды знаходзіў нешта такое пацешнае, сьмешнае. І яму ўжо лягчэй было на душы. І быў ён вельмі працавіты, не марнаваў часу. Так укладаў свой час, што заўсёды нешта рабіў. Зь ім заўсёды было прыемна».

Айцец Надсан адзначае, што пісаць пад псэўданімам Язэп Гэрмановіч быў змушаны, бо калі ён пачынаў за так званым польскім часам, то ня толькі сьвятарам, а нават вернікам нельга было друкавацца ў беларускіх выданьнях. Язэп Гэрмановіч пакінуў сабе літаратурнае імя і тады, калі ніхто яму ўжо не чыніў ніякіх забаронаў.

«Ён заўсёды пісаў. Меў цяжкасьці праз гэта яшчэ будучы ў Беларусі. Ну а пасьля ўжо з Кітаю прысылаў свае артыкулы, нягледзячы ні на якія забароны. Праўда, пісаў пад псэўданімам „Вінцук Адважны“. Для мяне гэта быў вялікі прывілей, што я мог жыць і супрацоўнічаць зь ім праз амаль дваццаць гадоў. Такіх людзей, як ён, вельмі рэдка дзе можна сустрэць».

У бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане захоўваецца самая поўная спадчына Вінцука Адважнага, значная частка якое яшчэ чакае новых дасьледчыкаў і новых кніг.