Кветкі для Вацлава Гаўла плывуць па Лабе

Буксір з кветкамі і вянкамі прыплыў 2 студзеня раніцаю ў Дзечын

Тысячы і тысячы жывых кветак, вянкоў, якія людзі прынесьлі на разьвітаньне з Вацлавам Гаўлам да розных месцаў у Празе, не апынуліся ў сьметніцы. У асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі нарадзілася ідэя пусьціць іх у сымбалічнае плаваньне. Гэтую прапанову падтрымала і ўдава экс-прэзыдэнта Дагмар Гаўлава.

Тры дні вянкі і кветкі плылі на спэцыяльнай лодцы з Прагі да чэскага гораду Дзечына. Гэтае мястэчка злучанае з Прагаю цячэньнем ракі Лабы. У многіх месцах уздоўж ракі людзі віталі лодку зь берагоў ці мастоў.

У Дзечыне яе сустрэлі дзясяткі добраахвотнікаў, якія сёньня разам з экіпажам пачалі разьбіраць кветкавы груз, каб аддзяліць «жывы» біялягічны матэрыял ад усяго астатняга. Потым спатрэбілася прыблізна гадзіна, каб пусьціць жывыя кветкі па цячэньні ракі. Лаба зь Дзечына плыве ў Нямеччыну, дзе раку ўжо называюць Эльбай.



У Празе доўгія дні пасьля разьвітаньня з былым прэзыдэнтам Гаўлам людзі таксама працягвалі запальваць у многіх месцах памятныя сьвечкі. Пасьля таго, як сьвечкі прыбіралі, яны зьяўляліся зноў і зноў. Архітэктар Лукаш Гаўлоўскі прыйшоў са сваёй прапановаю — з воску памятных сьвечак ён хоча зрабіць сымбалічную мадэль вялікага сэрца.

Першы прэзыдэнт Чэхіі, драматург і дысыдэнт Вацлаў Гавэл памёр летась 18 сьнежня ва ўзросьце 75 гадоў. Як паведамляла Радыё Свабода, апошнім тэкстам яго жыцьця сталі віншавальныя паштоўкі да Новага году і Калядаў, накіраваныя ў турмы беларускім палітвязьням.