Сьмерць Кадафі афіцыйна пацьверджана

Фота, зробленае мабільным тэлефонам, апублікавала Guardian

Былы лібійскі лідэр Муамар Кадафі памёр ад ран, атрыманых падчас яго захопу каля роднага гораду Сірт на досьвітку ў чацьвер. Пра гэта афіцыйна заявілі некалькі высокіх прадстаўнікоў Нацыянальнай пераходнай Рады Лібіі.

21.20 Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў з заявай аб сьмерці Кадафі:

"Сёньня ўрад Лібіі абвясьціў аб гібелі Муамара Кадафі. Гэта азначае заканчэньне доўгага і пакутлівага пэрыяду гісторыі лібійскага народу, які цяпер мае магчымасьць самастойна вызначаць свой лёс у новай і дэмакратычнай Лібіі... Сёньня мы можам канчаткова сказаць, што рэжыму Кадафі прыйшоў канец. Апошнія буйныя крэпасьці рэжыму палі. Новы ўрад кансалідуе кантроль над краінай, і аднаго з самых даўніх у сьвеце дыктатараў больш ня будзе... Так што гэта знамянальны дзень у гісторыі Лібіі. Цёмны цень тыраніі быў зьняты. І з гэтым велізарным патэнцыялам лібійскі народ цяпер мае пабудаваць адкрытую для ўсіх, трывалую і дэмакратычную Лібію, якая стане канчатковым адказам дыктатуры Кадафі”.

19.30 Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі прывітаў сьмерць Кадафі і назваў яе "важным крокам для Лібіі".

19.01 Сябра НПР Абдэль Маджыд Млегта распавёў агенцтву Reuters, што адзін з сыноў Муамара Кадафі Мутасім Кадафі забіты байцамі новага ўраду ў часе апэрацыі па захопе яго бацькі. "Ён спрабаваў аказаць супраціў", – паведаміў Млегта.

Прэм'ер пераходнага ўрада Лібіі Махмуд Джыбрыль паабяцаў дамагацца ад суседняга Альжыру выдачы іншых членаў сям'і Кадафі, якія знайшлі там прытулак: яго жонкі Айішы і сыноў Мухамада і Ганібала.

Джыбрыль таксама запэўніў, што Кадафі дакладна памёр не падчас авіяўдару.


ЗАБІТЫ КАДАФІ - УВАГА! ЖАХЛІВЫЯ КАДРЫ!


Your browser doesn’t support HTML5

Муамар Кадафі забіты ў Сірце



19.00 BBC паведамляе са спасылкай на членаў Нацыянальнай пераходнай Рады, што адзін з сыноў Кадафі Сэйф-Аль Іслам знаходзіцца ў аблозе байцоў НПР ля гораду Місрата.

18:20 Прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу выступіў перад журналістамі ў Брусэлі і заявіў, што сьмерць Кадафі — гэта канец цэлай эпохі дэспатызму і заклікаў да прымірэньня ў Лібіі.

«Гэта азначае канец цэлай эпохі дэспатызму, і я веру, што настаў час скончыць з гэтай эпохай, таму што лібійскі народ пакутуе занадта доўга. Я спадзяюся, што цяпер народ Лібіі можа ва ўмовах свабоды будаваць новую дэмакратычную будучыню. Вось чаму мы заклікаем Нацыянальную пераходную Раду праводзіць на шырокай аснове працэс прымірэньня, які дойдзе да кожнага лібійца і забясьпечыць дэмакратычны і мірны пераход у гэтай краіне».

18:06 Адгукнуўся на навіну пра сьмерць Муамара Кадафі і старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк.

«Гэта добры і доўгачаканы дзень для Лібіі. Кадафі прынес шмт пакутаў лібійскаму народу. Больш яго ня будзе. Сёньняшні дзень азначае новы імпульс да правядзеньня дэмакратычных пераўтварэньняў, для стварэньня часовага ўраду».

17:56 Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран выйшаў са сваёй рэзыдэнцыі на Даўнінг-Стрыт і зрабіў заяву перад журналістамі. Сярод іншага ён сказаў:

«Прэм’ер-міністар Джыбрыль пацьвердзіў, што палкоўнік Кадафі мёртвы. Я думаю, што сёньня дзень, каб успомніць усіх ахвяраў палкоўніка Кадафі, ад тых, хто памёр падчас падзеньня самалёту авіякампаніі PanAm над Локербі і да [брытанскага паліцыянта] Івона Флетчара на лёнданскай вуліцы і, відавочна, усіх ахвяраў тэрарызму [Ірляндзкай рэспубліканскай арміі], якія былі забітыя з выкарыстаньнем лібійскіх выбуховых прыладаў Semtex... Мы таксама павінны памятаць многіх, многіх лібійцаў, якія памерлі падчас улады гэтага жорсткага дыктатара і яго рэжыму. Людзі ў Лібіі сёньня маюць нават большы шанец пасьля гэтай навіны будаваць для сябе моцную і дэмакратычную будучыню».

17.45 Выконваючы абавязкі прэм'ер-міністра Лібіі Махмуд Джыбрыль пацьвердзіў, што зрынуты дыктатар Муамар Кадафі, які кіраваў краінай 42 гады, мёртвы. Па словах Джыбрыля, Кадафі памёр ад ран, атрыманых у перастрэлцы пры спробе зьбегчы з гораду Сірт, узятага сёньня войскамі Нацыянальнай пераходнай Рады Лібіі.

Арабскія тэлеканалы паказалі відэазапіс, на якім выяўлена цела чалавека, падобнага на Кадафі, у атачэньні байцоў Нацыянальнай пераходнай Рады. На вуліцах Трыпалі і Сірту сотні людзей выказваюць радасьць ў сувязі з паведамленьнямі аб сьмерці Кадафі.

Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і НАТО пакуль заяўляюць, што не валодаюць дакладным пацьверджаньнем таго, што Кадафі мёртвы.

17.15 Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што гібель Кадафі – гэта важная вяха для Лівіі, але ў той жа час, "гэта толькі канец пачатку". На яго думку, цяпер усе лібійцы павінны аб’яднацца ды імкнуцца да прымірэння, "а не да помсты".

16:49 НАТО афіцыйна заявіла, што правярае паведамленьні лібійскага кіраўніцтва пра сьмерць Кадафі. У той жа час Дзяржэпартамэнт ЗША заявіў, што пакуль ня можа пацьвердзіць інфармацыю пра сьмерць Кадафі. НАТО таксама афіцыйна пацьвердзіла, што гэта яго сілы атакавалі канвой Кадафі, калі ён спраабаваў пакінуць Сірт.

16:15 Гэтую навіну афіцыйна пацьвердзіў міністар інфармацыі Нацыянальнай пераходнай Рады Махмуд Шаман.

14:45 Прадстаўнік Нацыянальнай пераходнай Рады Абдэль Маджыд Млегта паведаміў, што Кадафі быў захоплены і паранены ў абедзьве нагі на досьвітку ў чацьвер. Калёна Кадафі падчас уцёкаў з гораду была атакаваная паветранымі сіламі НАТО.

Паводле чыноўніка, Кадафі быў таксама паранены ў галаву. Падчас захопу была моцная перастрэлка, пасьля якой Кадафі памёр.

Прэзыдэнт Расеі Дзмітры Мядзьведзеў сказаў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ, што лёс Кадафі «павінен вырашаць лібійскі народ».

Палкоўнік Кадафі, які кіраваў Лібіяй на працягу 42 гадоў, быў зрынуты ў жніўні, калі ўзброеныя прыхільнікі НПС ўзялі сталіцу краіны Трыпалі.


Муамар Кадафі наведаў Беларусь у лістападзе 2008 году. У часе перамоваў тады А.Лукашэнка назваў Лібію «сябрам і партнэрам Беларусі», а Кадафі — «братам Муамарам». Аляксандар Лукашэнка наведаў Лібію ў 2000 годзе.

Візыт лібійскага лідэра ў Беларусь быў арганізаваны на самым высокім узроўні. У аэрапорце яго сустракаў асабіста Аляксандар Лукашэнка — гэта выключэньне з правілаў, звычайна такую ролю даручаюць прэм’еру ці нават аднаму зь віцэ-прэм’ераў.

Вітаючы госьця ў сваёй рэзыдэнцыі, А. Лукашэнка выказаў радасьць:

«Мы вельмі радыя вашай перамозе на міжнароднай арэне. Мы ведаем, як складана было выстаяць, вытрымаць міжнародныя санкцыі, абсалютна незаконна навязаныя вашай краіне. І пры гэтым вывесьці краіну ў лік дзяржаваў, якія сёньня вызначаюць палітыку ў сьвеце».

А. Лукашэнка прызнаўся, што яму імпануе палітыка Лібіі ў ААН, што ў Беларусі і Лібіі няма розных падыходаў да асноўных праблемаў пабудовы парадку ў сьвеце, што абедзьве краіны выступаюць за шматпалярнасьць.

«Закрытых тэмаў для нашага супрацоўніцтва зь Лібіяй няма, і мы хацелі б, каб вы падтрымалі імкненьне нашай краіны працаваць у Лібіі. Мы будзем вітаць вашых спэцыялістаў па любых накірунках у нас, ваш бізнэс у Беларусі».

Муамар Кадафі ў адказ заявіў, што Беларусь працягнула руку дружбы Лібіі ў цяжкі пэрыяд міжнародных санкцыяў, згадаў візыт А. Лукашэнкі ў Трыпалі ў 2000 годзе і запрасіў яго яшчэ раз наведаць Лібію.


Лукашэнка пра Кадафі сёлета


http://www.youtube.com/embed/f67mWJJMW9A


лукашэнка ў гасьцях у кадафі ў 2000 годзе


http://www.youtube.com/embed/SVL_T_IQRrE


КАДАФІ ЗАПРАСІЎ ЛУКАШЭНКУ Ў ЛІБІЮ

ЛУКАШЭНКА ЗНАЙШОЎ ЯШЧЭ АДНАГО БРАТА

ТАК КАЗАЎ КАДАФІ

ЛУКАШЭНКУ ІМПАНУЕ ПАЛІТЫКА КАДАФІ


Муамар Кадафі нарадзіўся, як лічыцца, у 1942 годзе (па іншых дадзеных у 1940 або 1944) у бэдуінскім намёце за 30 кілямэтраў на поўдзень ад горада Сірт у бэдуінскай сям’і.

Скончыў Лібійскі ўнівэрсытэт, ваенны каледж (1965). Стварыў і ўзначаліў арганізацыю «Свабодныя афіцэры юніяністы-сацыялісты» (1964). Удзельнік рэвалюцыі 1 верасьня 1969 году, якая скінула манархію Ідрыса I. У 1969-79 старшыня Савета рэвалюцыйнага камандаваньня (вышэйшы орган улады), галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі. У 1970-72 прэм’ер-міністар і міністар абароны, у 1977-79 генэральны сакратар Усеагульнага народнага кангрэса (вышэйшы орган заканадаўчай улады).

У 1979 афіцыйна адмовіўся ад усіх дзяржаўных пасад, але фактычна застаўся кіраўніком краіны, галоўнакамандуючым узброенымі сіламі і захаваў неабмежаваную ўладу.

Аўтар «Зялёнай кнігі» (1976-79), у якой выклаў сваю грамадзка-палітычную праграму.

27 чэрвеня 2011 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Кадафі за арганізацыю забойстваў, затрыманьняў і пазбаўленьня волі паўсталых лібійцаў. 21 жніўня лібійскія паўстанцы ўвайшлі ў Трыпалі, Муамар Кадафі страціў уладу ў краіне.


Муамар Кадафі: шлях дыктатара


Муамар Кадафі: шлях дыктатара