Каго вызваляць наступным і калі?

Увечары 1 верасьня выйшлі на волю 4 палітвязьні, асуджаныя за ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Гэта Алесь Кіркевіч, Андрэй Пратасеня, Дзьмітрый Даронін і Алег Гнедчык. Хто можа выйсьці наступным і калі гэтага чакаць?

Паводле Дзьмітрыя Дароніна, перад вызваленьнем ён чуў размовы пра магчымае вызваленьне Алеся Атрошчанкава, зь якім сядзеў у калёніі «Віцьба-3»:

«Я чуў, што ён мусіў вызваліцца разам са мной, але гэта не пацьвердзілася».

З самім Алесем Атрошчанкавым Дзьмітрый Даронін напярэдадні свайго вызваленьня ня бачыўся. 1 верасьня жонка вязьня Дар’я Корсак казала «Свабодзе», што да Алеся ўвогуле не зьвярталіся з прапановай падпісаць прашэньне аб памілаваньні і ён не зьбіраецца такую паперу падпісваць.

Паводле вызваленага Алега Гнедчыка, ён бачыў сьпіс на памілаваньне зь сямі чалавек і разгледзеў там прозьвішча Фёдара Мірзаянава, якога трымаюць у Івацэвіцкай калёніі. Маці Фёдара Людміла Мірзаянава заяўляе, што бачылася з сынам толькі ўчора і ведае, што той двойчы адмовіўся падпісваць прашэньне:

«Гэта нерэальна. Сёньня я званіла ў калёнію і спыталася — можа, Фёдара памілавалі, бо зьявілася інфармацыя на сайтах, што такое магчыма. Жанчына мне адказала, што не. І я таксама думаю, што не, бо Фёдар не падпісаў ніякіх папер».

Нічога ня ведае пра магчымых новых памілаваных і Алесь Кіркевіч, якога вызвалілі з Наваполацкай калёніі, дзе таксама трымаюць Андрэя Саньнікава і Мікіту Ліхавіда. Андрэя Саньнікава Кіркевіч бачыў здаля некалькі дзён таму, зь Мікітам Ліхавідам яны даўно не сустракаліся. Калі іх могуць вызваліць?
Мяркую, вызваляць будуць у апошнюю чаргу былых кандыдатаў ці такіх людзей, як Дашкевіч.

«Няма ў мяне інфармацыі пра іх. Мяркую, вызваляць будуць у апошнюю чаргу былых кандыдатаў ці такіх людзей, як Дашкевіч».

2 верасьня МЗС Баўгарыі пацьвердзіў, што міністар замежных спраў гэтай краіны Мікалай Младэнаў на мінулым тыдні сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў, што да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітвязьняў.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў мяркуе, што каб атрымаць крэдыты і выратаваць сытуацыю ў эканоміцы, Лукашэнку сапраўды давядзецца вызваляць палітвязьняў і рабіць гэта як найхутчэй:

«Бяз гэтага немагчыма выйсьці са становішча, у якім краіна апынулася па ягонай волі. Я перакананы, што крайні тэрмін вызваленьня палітвязьняў — кастрычнік, а можа нават паспрабуюць гэта зрабіць пад канец верасьня. Бо Лукашэнка зацікаўлены, каб беларуская дэлегацыя, а лепш і ён сам, былі на саміце „Ўсходняга партнэрства“, які прызначаны на канец верасьня».

Палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакараньне «хіміяй» у Пружанскім раёне, мяркуе, што вызваленьне адбудзецца не раней за сярэдзіну кастрычніка — пасьля народнага сходу, якія прызначыла апазыцыя:

«Па лёгіцы падзеяў, калі абяцана да сярэдзіны кастрычніка вызваліць, то арыенцір — гэта масавыя пратэсты. Вось калі масавыя пратэсты прамінуць для Лукашэнкі, ён вызваліць, напэўна, і самых уплывовых, тых, чые імёны на слыху на Захадзе».

Палітвязьні
Аліневіч Ігар у турме, справа анархістаў
Атрошчанкаў Аляксандар у турме, асуджаны за Плошчу
Аўтуховіч Мікалай у турме
Бандарэнка Зьміцер у турме, асуджаны за Плошчу
Буланаў Дзьмітрый у турме, асуджаны за Плошчу
Бяляцкі Алесь у СІЗА
Вазьняк Сяргей умоўны тэрмін, асуджаны за Плошчу
Васілевіч Ільля у турме, асуджаны за Плошчу
Васьковіч Яўген у турме, справа анархістаў
Вінаградаў Павал у турме, асуджаны за Плошчу
Вус Дзьмітрый, экс-кандыдат на прэзыдэнта у турме, асуджаны за Плошчу
Дашкевіч Дзьмітрый у турме, нібыта за хуліганства
Дзьмітрыеў Андрэй умоўны тэрмін, асуджаны за Плошчу
Дзядок Мікалай у турме, справа анархістаў
Класкоўскі Аляксандар у турме, асуджаны за Плошчу
Ліхавід Мікіта у турме, асуджаны за Плошчу
Лобан Уладзімер у турме, асуджаны за Плошчу
Лобаў Эдуард у турме, нібыта за хуліганства
Малчанаў Аляксандар у турме, асуджаны за Плошчу
Марцэлеў Сяргей умоўны тэрмін, асуджаны за Плошчу
Мірзаянаў Фёдар у турме, асуджаны за Плошчу
Мядзьведзь Дзьмітрый асуджаны да «хіміі», за Плошчу
Новік Дзьмітрый у турме, асуджаны за Плошчу
Някляеў Уладзімер, экс-кандыдат на прэзыдэнта з адтэрміноўкай пакараньня, асуджаны за Плошчу
Пазьняк Андрэй асуджаны да «хіміі», за Плошчу
Палажанка Наста з адтэрміноўкай пакараньня, асуджана за Плошчу
Рымашэўскі Віталь умоўны тэрмін, асуджаны за Плошчу
Саньнікаў Андрэй, экс-кандыдат на прэзыдэнта у турме, асуджаны за Плошчу
Севярынец Павал асуджаны да «хіміі», за Плошчу
Статкевіч Мікалай, экс-кандыдат на прэзыдэнта у турме, асуджаны за Плошчу
Федаркевіч Алег у турме, асуджаны за Плошчу
Францкевіч Аляксандар у турме, справа анархістаў
Фядута Аляксандар умоўны тэрмін, асуджаны за Плошчу
Халіп Ірына з адтэрміноўкай пакараньня, асуджана за Плошчу