Анатоль Лябедзька: «Неабходны тры ўмовы»

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька што да гучных заяваў Аляксандра Лукашэнкі наконт «круглага стала» ўсіх палітычных сілаў заўважыў, што гэта не падобна да Лукашэнкавай рыторыкі:

«1999 год, перамовы апазыцыі. Першае пытаньне — гэта доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ, другое — умовы правядзеньня выбараў. І гэта былі ня проста размовы, а практычныя вынікі, падрыхтаваныя дакумэнты. А зараз усё залежыць ад таго, з чаго прапануецца стартаваць.

Калі прапануецца стартаваць з тых двух пытаньняў, якія ўжо на стадыі рэалізацыі, і да іх дадаецца вызваленьне палітычных вязьняў, то я скажу, што гэта мае пэрспэктыву. А калі ўсё пачнецца з заблытваньня, са стварэньня хуралаў велізарных, са стварэньня шматлікіх структур з размытым парадкам дня, то гэта будзе вельмі падобна на зацягваньне часу, на заігрываньне з Захадам, і ня больш за тое. І самае галоўнае — бязь зьменаў унутры краіны».