Зьміцер Дашкевіч: "Жыўцом нас ніхто ня возьме"

Зьміцер Дашкевіч

25 жніўня сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Аляксей Шэін атрымаў ліст ад палітвязьня, лідэра "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў Горацкай калёніі.

Ліст датаваны 22 жніўня. Цяпер Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў ПКТ — "памяшканьні камэрнага тыпу", куды ён трапіў пасьля турэмнага карцэру. У адрозьненьне ад карцэру, цяпер Дашкевіч можа атрымліваць карэспандэнцыю і пісаць лісты.

"Сам я тут — як у казцы! :) Калі-небудзь распавяду :) Хвалявацца за мяне не выпадае — усё пад кантролем! :) Жыўцом нас ніхто ня возьме :)", — піша Зьміцер Дашкевіч, прычым пасьля кожнага сказу ў лісьце намаляваны смайлік.

Заканчваецца ліст словамі зь Бібліі: "Хто са слязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю" (Пс. 125:5).

Зьміцер Дашкевіч таксама перадаў шчырыя вітаньні Аляксею Шэіну і яго сям'і, жонцы Натальлі і дзеткам. "Беражы і ты там сябе!" — падкрэсьліў ён.

Аляксей Шэін, які добра ведае Дашкевіча, выказаў думку, што, мяркуючы па стылі і манеры пісьма, відавочна, што Зьмітру цяпер вельмі складана, хоць ён гэтага і ня кажа адкрыта.

"Сяброў-маладафронтаўцаў вельмі трывожыць сытуацыя з Дашкевічам ды іншымі палітвязьнямі. 30 жніўня а 12-й гадзіне ў Менску адбудзецца надзвычайная прэсавая канфэрэнцыя, якую будзе праводзіць "Малады фронт", — паведаміў Аляксей Шэін.