Севярынец будзе працаваць у фэрмэрскай гаспадарцы

Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец, асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, будзе працаваць у фэрмэрскай гаспадарцы.

Фэрмэрская гаспадарка знаходзіцца на тэрыторыі былой ваеннай часткі ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

"Мяне туды прызначылі працаваць па загадзе з спэцкамэндатуры Пакуль мае абавязкі ня вызначаны. Усё будзе вядома 19 жніўня. Гэта фэрмэрская гаспадарка "Бардо", — адзначыў Севярынец.

Паводле Севярынца, да гэтага часу ён "ня бачыў афіцыйна падпісанага дазволу на наведваньне царквы". Ён паведаміў, што напісаў заяву з просьбай на наведваньне царквы кожную нядзелю. Бліжэйшая царква знаходзіцца ў Пружанах, паведамляе БелаПАН.

16 траўня Павал Севярынец, які падчас выбараў 2010 году кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).