Прыдарожны гандаль з рызыкай для жыцьця й здароўя

У шмат якіх рэгіёнах уздоўж аўтамабільных дарог і нават вясковых вуліц часта можна бачыць гандляроў, якія ў вёдрах і кошыках прапануюць праежджым самую разнастайную прадукцыю — яблыкі, памідоры, бульбу, грыбы, ягады, рачную рыбу. У цяперашні эканамічны крызіс гэтая зьява набывае новыя асаблівасьці й значэньне. Падрабязнасьці — у рэгіянальным аглядзе «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Гандлярка пры дарозе: «Зь цяперашнімі цэнамі цяжка жыць»

Сёлета на Гомельшчыне прыдарожных гандляроў стала заўважна болей. У вёсцы Бабовічы, што непадалёк ад абласнога цэнтру, зэдлікі з гароднінай выстаўлены на кожнай бойкай вуліцы.

Вясковая кабета гэтак тлумачыць матывы свайго прыдарожнага гандлю:

«Грошай не хапае, пэнсіі малыя. А цэны зараз як паднялі! Бульбу, якой ёсьць нейкі лішак, дык яе трэба прадаць. Парсюка мы ўжо ня можам трымаць — цэны якія! Каб купіць парася, трэба за адно малое аддаць 350 тысяч. А каб вырасьціць яго, трэба ж і камбікорму купіць. А зараз усё дарагое, і камбікорм той дарагі. Вось і стараемся прадаць лішнюю бульбу й купіць таго ж мяса».


Кабета кажа, што індэксацыя пэнсіяў вяскоўцаў не пасьпявае за ростам цэнаў:

«Напрыклад, куплялі алей па 10 тысяч 900 — кошт яшчэ больш-менш прымальны, але пакуль пэнсію атрымалі, ён стаў ужо 15–18 тысяч. Вельмі цяжка стала жыць. У нас побач маладая сям’я, дык яны кажуць, што ня ведаюць, як сабраць дзяцей у школу. Я сама хацела ўнучку красовачкі купіць — два годзікі яму. Красовачкі тыя 65 тысяч каштуюць. Хіба ж такія цэны могуць быць? Дзіцятка, лічы, і году не паходзіць у іх — на наступны год жа яму трэба іншыя купляць».
Вельмі цяжка стала жыць. Нават маладая сям’я ўжо ня здольная сабраць дзяцей у школу!

У вёсцы цяпер кожны, хто не лайдак, імкнецца хоць неяк папоўніць сямейны бюджэт.

Маці дваіх дзяцей спадарыня Сьвятлана хоць і працуе ў сельгаспрадпрыемстве, але на прыдарожны гандаль ускладае асаблівыя надзеі:

«Кожны дзень прадам крышку — во й эканомія заробку. Лішняя капейка. Пакуль той заробак, можна пагандляваць і ў краму схадзіць. Зь цяперашнімі цэнамі цяжкавата жыць. Раней лягчэй можна было пражыць. Гэта сапраўды так. Заробак ня вырас, на тым самым месцы стаіць, а цэны ж падняліся».

Бабуля Вера таксама прадае пры вуліцы агуркі й грушы. Кажа, што свае дзеці ўжо набраліся гародніны, а лішкі — на продаж:

«Толькі дай, толькі дай. Прынясу вядзерца — купляюць. Прадаю тое, што лішняе. Самой жа ўсё трэба купіць — і муку, і крупы, і хлеб, і булку. Вось алей скончыўся, яго трэба купіць, а ён вельмі дарагі. Я сама ў краму ня ежджу — ногі хворыя. Трэба кагосьці папрасіць, каб купіў. На ўсё грошы й грошы — і пэнсія наша разыходзіцца».

Вясковы настаўнік і грамадзкі актывіст Адам Варанец з Добрускага раёну заўважае, што прыдарожны гандаль быў і раней, але цяпер ён значна актывізаваўся:

«Прычына, я думаю, зразумелая: людзям патрэбна капейка. Цэны значна ўзрасьлі, а заробкі засталіся на месцы. Людзям элемэнтарна не хапае грошай, так што зьява зразумелая. На радыяцыю, вядома, прыдарожную прадукцыю ніхто не правярае. І наагул усе гэтыя праверкі лёгка абысьці. Гэта нядобра, бо прадукцыя, вядома, трапляецца й няякасная ў радыяцыйным пляне, забруджаная. А грыбы дык наагул непажадана ўжываць. Раней прыяжджалі экспэрты са Швэйцарыі, мералі ў нас грыбы, дык у іх норма перавышана не на 5 ці там на 20 адсоткаў, а ў 800 разоў. Грыбы зь лесу нельга спажываць, яны ў любым выпадку будуць забруджаныя».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Найперш гандаль, каб дзяцей у школу сабраць

Гандлююць пры дарогах і на Магілёўшчыне. Часьцей вяскоўцы выстаўляюць яблыкі, бульбу ды свойскія ягады непадалёк ад сваіх хат. Радзей самі выходзяць з харчамі на шашу.

На ўзбочыне менскай шашы непадалёк ад райцэнтру Бялынічы жыхары навакольных вёсак выставілі на продаж дары лесу й сваіх гаспадарак. На сталах пад паветкай — грыбы, яблыкі, яйкі, ягады. Гутару з гандлярамі:
Каб зарабіць грошы, езьдзім у лес з сынамі.

Спадар: «У мяне трое дзяцей. Цяжка дужа жыць цяпер па такіх цэнах, па нашых заробках. Каб дзяцей у школу адправіць, на аднаго ня менш за мільён трэба. А дзе яго зарабіць? Зьезьдзім у лес з сынамі. Паўдня пазьбіраем. Тысяч сто пяцьдзясят, дзьвесьце можна зарабіць».

Спадарыня сталага веку: «Ну, а калі дапамога патрэбная дзецям? У мяне цэлая пэнсія застаецца. Дзеці будуюцца. Мушу дапамагаць ім, пакуль сілы ёсьць».

Карэспандэнт: «А нагул купляюць? Ці машыны спыняюцца?».

Спадар: «У параўнаньні зь мінулымі гадамі дужа кепска. Гэта зьвязана, відаць, зь фінансавым становішчам у краіне. Расейцы іншым разам спыняюцца. Вось яны бяруць. Па іх відаць, што мы нядорага бяром. І нават у аб’ёмах такіх нічогіх. Гэта мы, беларусы, бедныя».

Карэспандэнт: «Ваш, як цяпер модна казаць, бізнэс — вы даўно ім заняліся?».

Спадарыня сталага веку: «Як вось гэта тут траса, дык і я занялася. Але ў мяне машыны няма. І залатых завушніц у мяне няма. Ну, прадасі ты, як пашанцуе, на пяцьдзясят тысяч, дык гэта ж ня кожны дзень. Во цяпер яблык ёсьць, а ўзімку яго няма. Вось такі бізнэс».

Карэспандэнт: «У Бялыніцкім раёне ёсьць жа радыяцыйныя плямы. Квіткоў праверкі ў вас няма. Ці можна спадзявацца на тое, што людзі сумленна зьбіраюць — ня лезуць у радыяцыйныя зоны?».

Спадар: «Пра гэта я судзіць ня буду. Лічу, што там, дзе ёсьць што браць, там тое й бяруць».
Чарніцы я правярала. У мяне даведка. Гэты, наш лес, чысты.

Спадарыня: «Я правярала тут. Журавіны я здаю. Там радыяцыя. Магчымыя й немагчымыя нормы. Чарніцы я правярала. У мяне даведка. Гэты, наш лес, чысты. Я сама зь яго ем».

Ля гандляроў машыны часьцей прытарможваюць — рэдкія спыняюцца. Гандляры зь непрыхаваным расчараваньнем праводзяць вачыма тыя, што не спыніліся. За дзьве гадзіны, пакуль гутарыў з прыдарожнымі гандлярамі, спынілася толькі адна машына. Пакупніца пагутарыць адмовілася. Набыла на дваццаць тысяч грыбоў ды паўтара дзесятка яек. Зьехала. Грыбоў і яблык купляю і я. Гандляры непакояцца, што сваім мікрафонам я адганяю пакупнікоў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Кошты ля дарогі: лісічкі — ад 5 да 6 тыс. за літровы слоік; маліны — 7 тыс.; ігрушы — 6 тыс. за кг; яблыкі — 3–5 тыс. за кг.

Берасьцейскія пэнсіянэры не прапускаюць нагоды, каб зарабіць на дарах прыроды. Штодзень жанчыны гандлююць пры дарозе дзеля нязначнага дадатку да пэнсіі.

Самі гандляры кажуць, што назьбіраць лісічак у лесе складана:

Спадарыня: «Калі па дванаццаць гадзін у дзень пахадзіць, то набераце кіляграмы два».

Лісічкі ў прыдарожных гандлярак каштуюць 5–6 тысяч за літар. Гандляркі тлумачаць, што збор грыбоў нагадвае лятарэю — бывае, назьбіраеш пару кіляграмаў і заробіш 10–12 тысяч. А іншым «шчасьліўчыкам», бывае, што ўдаецца зарабіць і 30 тысяч, але гэта калі пашанцуе:

Спадарыня: «Я ўчора натрапіла на грыбное месца, ужо калі сыходзіла дадому. А так я выхадзіла столькі, што вам і ня сьнілася. Два кругі такія зрабіла — кілямэтраў па дзесяць, напэўна».

Паходжаньне грыбочкаў — пытаньне складанае. Дакумэнтаў з санітарных службаў на ўтрыманьне радыяцыі ў лісічках жанчыны ня маюць. Хоць і запэўніваюць:

Спадарыня: «Я кожны год дзеля цікаўнасьці правяраю. Для сябе».

Нягледзячы на тое, што вялікага прыбытку прыдарожныя гандляры ня маюць, яны рады і такой магчымасьці падзарабіць:

Спадарыня: «Вельмі складана зарабіць. Але цяпер хоць ёсьць нешта, а зімою што?».

Але прыдарожны гандаль дазволены далёка не паўсюль, і калі ў размове з патэнцыйным пакупніком гандляры адчуваюць небясьпеку, то кажуць:

Спадарыня: «Гэта ня я, мужчына адышоў, ня ведаю…».

Тым ня менш людзі спыняюцца і набываюць прадукты ў прыдарожных гандляроў. Акрамя лісічак, за 5–6 тысяч за літар у іх можна набыць і садавіну з уласнага падворку — маліны па 7 тысяч за літар, ігрушы па 6 тысяч за кіляграм, яблыкі па 3–5 тысяч за кіляграм.

Журавіны — ратунак ад беднасьці

Жыхар Ганцавічаў Пятро Гузаеўскі ўдакладняе для «Свабоды» асаблівасьці сытуацыі напярэдадні масавага збору журавінаў. Па яго словах, палешукі спадзяюцца на ягады як на ратунак ад безграшоўя.

Гузаеўскі: «Ужо лічыцца, што сёлета цана за кіляграм журавінаў пачнецца з 20–25 тысяч рублёў за адзін кіляграм. А кожны спрактыкаваны зборшчык можа сабраць за дзень паўнюткі мех ягад.

Афіцыйна зьбіраць журавіны будзе дазволена з 5-га верасьня. А пакуль людзі ходзяць у брусьніцы. Кіляграм іх каштуе цяпер 8 тысяч рублёў.

Лясныя ягады — паратунак для многіх ганцаўчанаў, бо кошты ў райцэнтры цяпер вышэйшыя, чым у Баранавічах, а пагатоў у Менску ці Берасьці. Праблема для кожнай сям’і — як сабраць малых дзяцей у школы, а большых — на далейшую вучобу.

У чаканьні пакупнікоў.

Даведка «Свабоды»:

Увосень 2007 году дэпартамэнт «Белаўтадор», Дзяржаўтаінспэкцыя і Белкаапсаюз адзіным фронтам «прабівалі» сваю заканадаўчую ініцыятыву, каб вярнуць у Кодэкс РБ аб адміністрацыйных правапарушэньнях «савецкі парадак» — артыкул за незаконны прыдарожны гандаль. Але ініцыятыва «трох ведамасных каралёў» ня трапіла ў кодэкс, бо ў парлямэнт пасыпаліся скаргі ад насельніцтва.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Зінаіда Цімошык са Слуцку ў свой час актыўна дапамагала жыхарам вёскі Шышчыцы ў ажыцьцяўленьні іх ініцыятывы, каб упарадкаваць прыдарожны гандаль. Цяпер тут змайстравалі павеці над шырокімі прылаўкамі. Ля прыдарожнага міні-рынку — пафарбаваныя лаўкі, на дарозе — шырокая ўзбочына.

Цімошык: «У Шышчыцах цяпер акуратна ўсё зроблена, цывілізавана. А раней кошыкі, напрыклад, з далікатнымі ягадамі ставілі на зямлю, пад пыл ад транспарту. Таму добра, што на Случчыне чыноўнікі зразумелі: тутэйшых людзей, як гаворыцца, ня выкурыць з гэтай дарогі. Такі гандаль існаваў не адно стагодзьдзе. Улада пайшла на кампраміс, і тутэйшыя цяпер ня мусяць езьдзіць са сваім таварам у Слуцак ці нават Менск. Людзі карыстаюцца магчымасьцю трохі падзарабіць грошай. Пры цяперашняй бядотнай сытуацыі для іх кожны рубель ня лішні».