ЗША заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць Бяляцкага

Вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага заклікалі Злучаныя Штаты Амэрыкі.

"Мы вельмі занепакоены арыштам Бяляцкага, які зьяўляецца выдатным барацьбітом за правы чалавека і кіраўніком НДА "Вясна" — адной з усяго толькі дзьвюх праваабарончых арганізацый Беларусі", — заявіў на брыфінгу 8 жніўня прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонэр. "ЗША заклікаюць урад Беларусі неадкладна і без усякіх умоваў вызваліць Бяляцкага, а таксама яшчэ больш як 40 палітычных зьняволеных", — цытуюць Тонэра РІА Новости.

Паводле яго слоў, няўрадавыя арганізацыі, такія як "Вясна", адыгрываюць крытычную ролю ў любым дэмакратычным грамадзтве, а арышт Бяляцкага штурхае Беларусь яшчэ бліжэй да самаізаляцыі і сьведчыць аб парушэньні стандартаў дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону.

Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі быў затрыманы і зьмешчаны пад варту 4 жніўня. Ён зьяўляецца падазроным па справе, распачатай на падставе часткі 2 артыкула 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).