Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча апэлюе да ЭЗ у справе Бяляцкага


Радаслаў Сікорскі, Міністар замежных справаў Польшчы
Радаслаў Сікорскі, Міністар замежных справаў Польшчы
Міністэрства замежных спраў Польшчы асуджае затрыманьне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і мае намер заклікаць партнэраў па Эўразьвязу прыняць меры, якія гарантуюць бясьпеку актывістам грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.

Арышт Бяляцкага зьнешнепалітычнае ведамства Польшчы разглядае як "чарговы прыклад поўнай адсутнасьці жаданьня беларускіх уладаў вярнуцца на шлях эўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў". "Выкарыстаньне міжнародных пагадненьняў аб падатковай інфармацыі з мэтай рэалізацыі палітыкі рэпрэсій уяўляе сабой скандальнае парушэньне духу міжнароднага супрацоўніцтва", - адзначаецца ў заяве.

МЗС Польшчы заклікае афіцыйны Менск да неадкладнага вызваленьня праваабаронцы, нагадваючы, што Алесь Бяляцкі зьяўляецца актыўным удзельнікам дэмакратычнага руху Беларусі, і ў чэрвені гэтага году ва Ўроцлаве яму была ўручаная Прэмія Свабоды.

Польшча і ўвесь Эўразьвяз цалкам салідарныя з затрыманым, падкрэсьліваецца ў заяве. Польскі МЗС абяцае заклікаць партнэраў па ЭЗ распачаць эфэктыўныя крокі, якія б гарантавалі бясьпеку прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасьці, вымушаным дзейнічаць дзеля дэмакратыі ў Беларусі па-за яе межамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG