Беларусь пасьля пераменаў

Эдвард Лукас


Некалькі месяцаў таму Эдвард Лукас -- міжнародны рэдактар часопіса The Economist, апублікаваў артыкул пра памылкі заходняй палітыкі адносна Беларусі. Тая публікацыя выклікала вялікую дыскусію, меркаваньні Э.Лукаса камэнтавалі і зь імі спрачаліся вядомыя экспэрты па Беларусі. У сваёй апошняй публікацыі Эдвард Лукас прапануе гіпатэтычны варыянт таго, што магло б адбыцца ў Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі абрынецца.

Былы прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка і яго памагатыя знайшлі прытулак у Абхазіі. Андрэй Саньнікаў, які яшчэ тыдзень таму знаходзіўся ў турме, праводзіць прэсавую канфэрэнцыю. Над намётавым мястэчкам пратэстоўцаў у цэнтры Менску ранішні туман. Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі -- ураду ў выгнаньні з 1918 году - сьпяшаецца наведаць сваю радзіму, якую даўно ня бачыла. Толькі некалькі дзён назад яе б неадкладна па прыезьдзе арыштавалі. Цяпер яна, як плянуецца, дасьць тэлеінтэрвію ў прайм-тайм.

Для ўсіх, хто дастаткова стары, каб памятаць падзеі 1989-1991 гадоў, усё гэта, здаецца, выклікае ўспаміны. Мы памятаем дзіўнае падзеньне камуністычнай улады ў тагачаснай Чэхаславаччыне, трыюмфальнае вяртаньне ў краіны Балтыі эмігранцкіх дзеячаў, якім некалі пагражаў б сьмяротны прысуд; эйфарыю маладых тэлегенічных пратэстоўцаў; рэзкі салодкі пах даўно пахаванай і сьвежавыкапанай праўды.
Калі нам пашанцуе, то праз дзесяць гадоў Беларусь можа выглядаць як Сэрбія. Калі не пашанцуе, яна будзе выглядаць як Украіна ці нават як Расея.

Але мы таксама памятаем і аб спадзяваньнях, і гэта пакутліва. Тое, што пачалося раніцай пасьля асноўных падзей, было значна больш брудным, значна больш павольным і значна менш поўным, чым мы спадзяваліся. У большасьці краін, якія некалі лічыліся «паняволенымі народамі», палітычныя свабоды і вяршэнства закону застаюцца толькі імкненьнямі, ці яшчэ горш, разглядаюцца як няўдалыя экспэрымэнты. Нават у дзясятцы дзяржаў, якія сталі чальцамі Эўразьвязу або блізкіх да гэтага, многія адчуваюць, што крах камунізму прынёс дывідэнды паслугачам старога рэжыму і даў пачатак пазбаўленьня масаў уласнасьці.

Менавіта ў гэтым духу мы павінны разглядаць пэрспэктыву краху рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Тое, што надыдзе потым, ня будзе казачным пераходам. Працэс будзе каламутным, несправядлівым, ён будзе расчароўваць і ўражваць. Калі нам пашанцуе, то праз дзесяць гадоў Беларусь можа выглядаць як Сэрбія. Калі не пашанцуе, яна будзе выглядаць як Украіна ці нават як Расея. Што б ні адбылося, людзі ў Брусэлі і ў Вашынгтоне будуць па-дурному спрачацца з нагоды таго, «хто страціў Беларусь», як быццам бы гэта зьнешнія, а ня ўнутраныя сілы вызначалі тое, што адбылося. Прагрэс будзе вымярацца ўмоўнымі крытэрамі, якія ўключаюць польскую эканамічную сілу, эстонскія стандарты дзяржаўнага кіраваньня і чэскую дыпляматыю.

У кожнай палітычнай магчымасьці ёсьць пасткі. Шчодрая стабілізацыйная падтрымка з боку зьнешніх крэдытораў нясе ў сабе рызыку таго, што безадказны ўрад прызвычаіцца да дармавых грошай. Жорсткія зьнешнія абмежаваньні азначаюць, што эканамічныя цяжкасьці будуць перашкаджаць рэформам і дэмаралізоўваць рэфарматараў. Хуткая прыватызацыя разбурае ўладу дзяржаўных бюракратаў. Але яна ж перадае права валоданьня ўласнасьцю авантурыстам і розным сябрам і знаёмым людзей рэжыму. Наўпроставыя замежныя інвэстыцыі прыносяць грошы і тэхналёгіі. Але яны ж ствараюць адчуваньне крыўды: людзі пачынаюць адчуваць, што дыямэнты ў кароне іх краіны былі прададзеныя занадта хутка і занадта танна. Эканамічная лібэралізацыя расчышчае шлях для будучага росквіту. Але яна ж прыносіць вялікі псыхалягічны шок выбаршчыкам, якія пасьля яго могуць зрабіць выбар на карысьць стабільнасьці, а не далейшага дыскамфорту. Жорсткі падыход да злачыннасьці і карупцыі жыцьцёва неабходны. Але ў выніку можа атрымацца ўплывовы дзяржаўны орган, які сам па сабе будзе прадстаўляць свайго роду мафію. Калі зьнешні сьвет будзе даваць шмат парадаў, давер да іх будзе сапсаваны расчаравальнымі вынікамі. Калі ж ён сьціпла адыдзе ўбок, ён будзе выглядаць грэблівым.
Акрамя кароткага прамежку ў пэрыяд паміж 1989 і 1994 гадамі, беларусаў кармілі атрутнай дыетай з прапаганды. Многія адчуваюць сябе ізаляванымі ад сьвету. Схільнасьць імкнуцца да бясьпекі, а не да пераменаў, будзе вельмі моцная.

Найбольш небясьпечным з усяго будзе суперніцтва з Расеяй. Гэта ўжо прывяло да кашмарных вынікаў ва Ўкраіне, дзе Захад сыстэматычна ігнараваў недахопы сваіх «саюзьнікаў» (у апошні час - Віктара Юшчанкі і Юліі Цімашэнкі) з мэтай паспрабаваць стрымаць расійскае ўмяшаньне. Гэта прывяло да дыскрэдытацыі заходніх каштоўнасьцяў, але пры гэтым без дасягненьня галоўнай мэты.

Калі найбольш ясны ўрок з мінулага -- гэта неабходнасьць рэальна глядзець на рэчы, то яшчэ адным падобным урокам можа стаць патрэба ў дальнабачнасьці. Жыцьцёва неабходнае хуткае шырокае адкрыцьцё рынкаў і межаў. (На жаль, менавіта гэтага выбаршчыкі ў астатняй Эўропе ня хочуць). Ясная доўгатэрміновая пэрспэктыва сяброўства ў ЭЗ прываблівае людзей і стварае стратэгічныя рамкі для іншых важных рашэньняў. Прапанова шчодрага зьнешняга фінансаваньня ў абмен на лібэральную эканамічную палітыку таксама зьяўляецца добрым доўгатэрміновым інструмэнтам, добрай доўгатэрміновай інвэстыцыяй

Але рэальныя перамены павінны зыходзіць з розумаў і сэрцаў. Акрамя кароткага прамежку ў пэрыяд паміж 1989 і 1994 гадамі, беларусаў кармілі атрутнай дыетай з прапаганды, запраўленай пыхлівымі, паранаідальнымі і ілюзорнымі інгрэдыентамі. Многія адчуваюць сябе ізаляванымі ад сьвету. Схільнасьць імкнуцца да бясьпекі, а не да пераменаў, будзе вельмі моцная.

Словам, мэнтальнае, культурнае і духоўнае лячэньне, якое павінна прыйсьці за заканчэньнем эпохі аўтарытарнага кіраваньня, - гэта хваравіты і пакручасты працэс. Яго нельга прысьпешыць. Зьнешні сьвет павінен набрацца цярпеньня. Як і Беларусь.
***

Чытаючы Лукаса:

Э.Лукас. У чым Захад памыляецца наконт Беларусі
Г.Ёфэ. Шэсьць перашкодаў Эдварда Лукаса
В.Бародзіч-Смаліньскі. «Тое, што прапануе Лукас, робіцца магчымым толькі пасьля Эгіпту, Тунісу і Лібіі»
В.Дубноў. «Ёсьць сытуацыі, у якіх можна толькі чакаць»
П.Гоўбл. Эўропа забыла пра эўрапейскасьць Беларусі
Д.Марплз. Уцягваньне Беларусі
М.Бальмасэда. Лукас забываецца пра “нюансы”
Я.Запруднік. Заходнія зубы й беларускі арэх