Мікіта Ліхавід: «Цяпер настаў час тых, хто маўчаў»

Мікіта Ліхавід

Гэты ліст з наваполацкай калёніі ад палітвязьня Мікіты Ліхавіда перадала яго маці Алена. Нягледзячы на тое, што допіс адрасаваны ёй і яе сям’і, жанчына палічыла, што словы яе сына тычацца і многіх іншых беларусаў.

«Добры дзень, Мама, Бабуля, Дзед і Мілка! Як у вас справы? У вас усё нармальна? У мяне ўсё добра, адчуваю сябе выдатна! Стаў займацца спортам, а то штосьці „садзьмула“ няшмат. Мама, вось тут у газэце чытаў, што ў краіне поўны калапс! Вельмі перажываю, як вы там, як усе нашы. Адбылося тое, да чаго ўсё і ішло. Пытаньне толькі: што яшчэ адбудзецца, што будзе далей? Цяпер настаў Ваш час сказаць сваё слова. Час тых, хто доўга маўчаў усе гэтыя гады, хаваючы свой страх за маскай занятасьці („бо мне сям’ю карміць“), за службовым становішчам. Час Вам сказаць сваё важкае слова, падняць вочы і сказаць: „Хопіць выціраць аб нас ногі! Мы людзі, даем уладу і мы ж яе забіраем. Мы, грамадзяне Беларусі, і ніхто іншы!“

Вельмі шкада, што я зараз знаходжуся тут і не магу быць побач з Вамі. Усім сябрам велізарнае прывітаньне, хай мацуюцца, хутка ўсё зьменіцца!

Бабуля! Хачу павіншаваць цябе з Днём нараджэньня. Дарагая мая, каханая Бабуля, хачу пажадаць табе моцнага здароўя, сіл і доўгіх гадоў жыцьця! Я цябе кахаю!

Буду заканчваць. Яшчэ раз усім вялікае прывітаньне, усіх вельмі люблю і вельмі па ўсіх сумую. Хутка буду!:)

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

Мікіта Ліхавід


Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.