Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя палітвязьняў пра заяву Лукашэнкі


Падчас працоўнай паездкі ў Шклоў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што месца асуджаных за падзеі 19 сьнежня — не ў турме, і выказаў гатоўнасьць выслаць іх у Эўрапейскі Зьвяз.

Былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага за падзеі на плошчы зьняволілі на 5,5 гадоў. Бацька палітвязьня, палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што кіраўнік краіны выдае жаданае за рэчаіснае:

Аляксандар Класкоўскі
«Натуральна, што гэты выраз пра вагон ці самалёт у Эўразьвяз з палітвязьнямі — канечне, гэта мэтафара. Але думаю, што такім чынам афіцыйны кіраўнік прагаворвае свае жаданьні. Канечне, улада хоча так ці іначай нэўтралізаваць апазыцыю і ўвогуле актыўную частку грамадзтва, якая пратэстуе супраць дыктатуры. Але я думаю, што вось гэтая „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“ цяпер паказвае, што ўсё новыя пласты грамадзтва пачынаюць пратэставаць. І з гэтым пажарам, які пакрысе разгараецца, уладам будзе ўсё цяжэй упраўляцца».

Алена Ліхавід
Маці 20-гадовага палітвязьня Мікіты Ліхавіда, асуджанага на 3,5 года турмы, Алена Ліхавід:

«Верыць гэтаму самазванцу — сябе не паважаць. Але, як гаворыцца, у кожным жарце ёсьць доля жарту і праўды. Я заўсёды верыла, што павінна штосьці адбыцца і іх будуць выпускаць. Адзінае мне не было зразумелым, як ён будзе выкручвацца і што ён будзе прадпрымаць, каб яму неяк застацца на вышыні. Бачыце, ён ужо сам прызнаў, што ў нас у краіне ёсьць палітзьняволеныя. Значыць, у яго сапраўды пачалася агонія».

Ірына Халіп
Жонка кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, асуджанага на 5 гадоў турмы, журналістка Ірына Халіп:

«Бессэнсоўна камэнтаваць такія выказваньні, бессэнсоўна шукаць лёгіку. Калі вы памятаеце, то мы ўсё ўжо гэта чулі: што ўсе яны будуць вызваленыя, бо ня трэба есьці дзяржаўны хлеб і гэтак далей. Выказваньні Лукашэнкі — гэта ня тое, што можа стаць інфармацыйнай нагодай. У іх няма ніякага сыгналу, якога вельмі часта шукаюць журналісты і дыпляматы. Тут нічога няма, а таму і казаць няма чаго».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG