Магілёў: Дзяўчатам за маўклівую акцыю — арышт

Ганну Ільіну й Аліну Скрыбунову вядуць на суд. Магілёў

4 ліпеня Ленінскі суд Магілёва пакараў адміністрацыйнымі арыштамі і штрафам грамадзян, якіх затрымалі падчас разгону маўклівага пратэсту 3 ліпеня.

Незалежная журналістка Ганна Ільіна прабудзе пад арыштам у ізалятары часовага ўтрыманьня 6 сутак. Удзельніцы акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня Аліне Скрыбуновай прысудзілі 15 сутак арышту. Андрэю Шалабодаву і Івану Панцялееву далі па пяць сутак. Яраслава Ялавога пакаралі штрафам у памеры пяцідзесяці базавых велічыняў.

Усіх затрыманых прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці з сынхронным рукаплясканьнем, а таксама ў непадпарадкаваньні загадам міліцыі. Усе пяцёра зьняволеных правялі ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Справу журналісткі Ганны Ільіной разглядала судзьдзя Натальля Панасенка. Суду Ільіна заявіла, што 3 ліпеня выконвала журналісцкае заданьне кампаніі «Вэлком» па фатаграфаваньні сьвяточных мерапрыемстваў у горадзе. Прыкладна а 20 гадзіне невядомыя нечакана падбеглі да яе, схапілі й зацягнулі ў аўтобус. Празь некалькі гадзін у Ленінскім аддзеле міліцыі яна даведалася, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці й не падпарадкоўвалася міліцыі. Сваёй віны не прызнала.

Супраць яе сьведчылі два міліцыянты: Хількевіч і Петрачэнка. Паводле іх Ільіна пляскала ў далоні, фатаграфавала ды ішла ў арганізаванай калёне, што й сталася нагодай для затрыманьня, падчас якога яна супраціўлялася. Рашэньне пра затрыманьне журналісткі міліцыянты прымалі самастойна, а тое, што шэсьце несанкцыянаванае, вызначыла кіраўніцтва гарадзкой міліцыі.

Прадстаўнік інтарэсаў Ільіной, яе муж Сяргей Стральцоў, даводзіў суду, што жонка спалохалася дужых хлопцаў у цывільным і таму адмаўлялася падпарадкоўвацца загадам невядомых людзей. Сьведкі абароны даводзілі, што затрымлівалі Ільіну невядомыя без прад’яўленьня пасьведчаньняў і не называючы сваіх імёнаў.

Без абвяшчэньня перапынку судзьдзя Панасенка прыгаварыла Ганну Ільіну да шэсьці сутак арышту.

Справу Аліны Скрыбуновай разглядала судзьдзя Аксана Ратнікава. У якасьці доказаў віны Аліны былі сьведчаньні міліцыянта, які заяўляў, што дзяўчына ўдзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці, фатаграфавала ды пляскала ў ладкі. У сваю чаргу Скрыбунова даводзіла суду, што міліцыянт, які яе затрымліваў, быў у цывільным і не прад’яўляў дакумэнтаў, а толькі патрабаваў прайсьці зь ім. Паводле слоў дзяўчыны, ён заламаў ёй руку, і калі яна адмовілася ісьці зь ім, прыгразіў, што зламае ёй руку. Судзьдзя ў сваім выраку ўлічыла, што затрыманая 3 ліпеня адседзела 10 сутак за Плошчу, і вынесла свой прысуд — 15 сутак.

Дзяўчыны будуць абскарджваць свае выракі з ізалятара часовага ўтрыманьня.

Андрэя Шалабодава судзіў Станіслаў Шандаровіч, а Івана Панцялеева Тацяна Рубіс. Хлопцаў прыгаварыла да пяці сутак арышту.

Яраслава Ялавога судзьдзя Ірына Ланчава пакарала штрафам у 50 базавых велічыняў. Яраслава затрымалі ў першы дзень на новай працы. Ён мэдык.

У маўклівай акцыі пратэсту 3 ліпеня ў Магілёве ўзялі ўдзел да адной тысячы чалавек. Раней у Магілёве адміністрацыйным арыштам не каралі жанчын-журналістак і ўдзельніц акцыяў пратэсту. Праваабаронцы лічаць, што такім пакараньнем улады застрашваюць патэнцыйных удзельнікаў акцыяў пратэсту. На гэтым тыдні маюць адбыцца суды над яшчэ сямю затрыманымі, у тым ліку над праваабаронцам Барысам Бухелем і журналістам Аляксандрам Асіпцовым.

Як гэта было. 3 ліпеня ў магілёве


Людзі прарвалі міліцэйскае ачапленьне й сабраліся ў сваім сквэры.
Людзей выцясьняюць са сквэра.
Пратэстоўцы на пешаходнай вуліцы Ленінскай за імгненьне да першых затрыманьняў.
Міліцыянты рыхтуюцца да разгону мірнай акцыі «маўчуноў».


Вачыма народнага карэспандэнта

Фота Зьмітра Ягорава