Аксана Спрынчан — пра купальскую эротыку, эстэтыку і энэргетыку

Аксана Спрынчан

Мой улюбёны прынцып — прынцып трох «Э»: усё ў жыцьці павінна быць эратычна, эстэтычна і энэргетычна. Сьвята гэтага прынцыпу, безумоўна, Купальле. А таму сёньня пяцікніжжа купальскай эротыкі, эстэтыкі і энэргетычнасьці, безь якой немагчыма ўявіць Беларусь. Нездарма ж Уладзімер Караткевіч у вершы «На Беларусі Бог жыве» напісаў свой сьвяточны радок «купальская наша зямля». Паспрабуйце назваць нашую зямлю іншым сьвятам. Наўрад ці ў вас нешта атрымаецца.



Паўлюк Трус. У купальскую ноч. Выбраныя творы.

Менск. «Беларускі кнігазбор», 2000

Ці можна даць веры маладому хлопцу-паэту, што ў купальскую ноч цалаваліся толькі явар з калінаю, а ён (лірычны герой) хадзіў-блукаў па лясах-палях зь дзяўчынаю, што «аб шчасьці з запалам сьпявала»? Ды і ня сам хлопец, а толькі «туман-малачай» «кудзеліў стан» чараўніцы. «Нельга!» — прамовіць той, хто хоць раз адзначаў Купальле. «Можна!» — не засумляваецца той, хто ўзгадваючы купальскія жарсьці, не забудзецца, што хлопец — не абы-хто, а беларус. Калі беларуса купальская ноч ад усіх схавала, дык ці варта яму сярод белага аркуша ўсё выкладваць? Не, толькі ў купальскую ноч і паміж радкоў. Не адно ж паміж іх палітычныя матывы шукаць, гэтак жа ўтульна ў беларускіх вершах паміж радкоў і купальска-эратычным матывам. А калі задумацца, што Яна Яму песьні купальскія сьпявала, ды ўзгадаць, што вянок — сымбаль дзявоцкай цноты, дык і эратычна будзе ў купальскую ноч прачытаць абраньніку верш Паўлюка Труса.


Рыгор Барадулін. Патаемства купальскае ночы. Руны Перуновы.

Выбраныя творы. Менск. «Радыёла-плюс», 2006

Нашыя продкі эратычны бок свайго жыцьця заўжды паэтызавалі, стваралі шматлікія мэтафары і параўнаньні. Прадметы падоўжанай формы, да прыкладу, агурок, таўкач, шыла, зьвязваліся з мужчынскім пачаткам. Рэчы з паглыбленьнем альбо круглыя атаясамліваліся з жанчынамі (фартух, ступа, пярсьцёнак). Падзяляліся й жывёлы ды птушкі: конь, казёл, журавель — мужчынскія; выдра, зязюля — жаночыя. Рыгор Барадулін, які нямала ўвагі аддаў беларускаму эратычнаму фальклёру, апублікаваўшы сапраўдныя пэрліны, у вершы «Патаемства Купальскай ночы» саму купальскую ноч уяўляе жанчынай, а мужчынскі пачатак увасабляе «нястомны птах».

Птах завецца па-рознаму
Ў розных краёх.
Толькі б сьпяваў ён,
Толькі б ня зьлёг.
Абвяне птах —
Зарасьце адам’евісты шлях.
I сумна задумаецца
Працяг…

Сумаваць беларусам няма калі, бо «сьпевы» на Купальле не змаўкаюць, і ўвесну нараджаюцца купаляняты — дзеці Купальля.


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Купала. Творы.

Менск. «Мастацкая літаратура», 1984

Падзеі вершаванай аповесьці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Купала» адбываюцца на фоне сьвяткаваньня Купальля. Купальскі любоўны трыкутнік выглядае гэтак: Ён — Яна — Ён. Яна — сялянская дзяўчына Агатка і напачатку ў яе цяжкі выбар: паніч альбо селянін. Але ж паніч не жадае ажаніцца, і Агатка падчас сьвята абірае Саўку.

Там друга дзяўчат грамадка,
Меж імі наша Агатка,
Хоць на шчочках туман сеў;
З Саўкаю яна жартуе,
Кулаком ня раз частуе,
Аж хлапец павесялеў.

Вось такая эратычная прэлюдыя да шчасьця — частаваньне кулакамі. Лічылася, што чым часьцей і мацней удары, тым гарачэй каханьне. Калі ваш каханы засумаваў, дык дайце яму паболей кухталёў, не забыўшыся перад гэтым прачытаць твор «Беларускага Дудара».


Ніл Гілевіч. Родныя дзеці.

Менск. «Мастацкая літаратура», 2010

Кветка Купальля, безумоўна, папараць-кветка. Прыўкрасная і недасяжная. Ніл Гілевіч у рамане «Родныя дзеці» абірае кветку прыўкрасную і блізкую — разьдзел пра купальскую ноч мае назву «Купальскія васількі». Ноч купальская, ды Купальле ў вёсцы не сьвяткавалі:

Вось — не палілі вогнішчы хлопцы,
Вянкоў дзяўчаты не вілі —
Дзень цэлы дзюбалі па стопцы
I, ачмурэўшы, спаць ляглі…

Але, як гэта ў жыцьці бывае, і не сьвяткавалі, і спаць ляглі, але ня ўсе. Некаторым ня спалася. Напачатку Яму і Ёй, а некаторыя пасьля ў жаху сярод ночы прачнуліся — Яе маці і да Яго пабегла. Сапраўдныя купальскія жарсьці, якія пацьвярджаюць, што ціхіх купальскіх начэй не бывае. Можна пашкадаваць адно тых, хто «ачмурэўшы, спаць ляглі», але ж на тое і існуе літаратура, каб ачомацца і прачытаць, няхай і са спазьненьнем.


Лера Сом. Купальская песенька. Свабода слова зіма.

Менск, «Логвінаў», 2005

Купальле — гэта сьпевы. Сьпявае кожны, як можа. Галоўнае, каб сьпевы былі эратычныя, эстэтычныя і энэргетычныя.

Гэтай ноччу ты будзеш маім
І да самага ранку.

Гэтак сьцьвярджаецца ў «Купальскай песеньцы». Але «проза жыцьця» бывае ня меней упэўненай. Адна Купальская ноч 1986 года — і Лера Сом «з безаблічнага савецкага чалавека, чый адрас ня дом і ня вуліца, а ўвесь аграмадны Савецкі Саюз, ператварылася ў беларуску, якая трывала стаіць на ўласнай зямлі». Як не паверыць пасьля гэтага ў чароўнасьць купальскай ночы?! І да вясны не давялося чакаць.

А таму сьвяткуйце Купальле — беларусаў павінна быць шмат — і тых, хто беларусамі нараджаюцца, і тых, хто беларусамі становяцца. І сьпявайце «Купальскую песеньку».