Горадня: суд над журналістам Андрэем Пачобутам

23 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні працягваецца працэс над журналістам «Газэты выборчай» Андрэем Пачобутам. Судзьдзя — Віталь Лецка. Працэс закрыты.

12:50 У судзе перапынак да 10:00 24 чэрвеня.

Адвакаты Пачобута паведамілі, што суд не задаволіў хадайніцта, каб выклікаць на працэс 10 сьведкаў.

Сёньня заслухалі экспэртаў з боку дзяржавы: кіраўніка ідэалягічнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму Паўла Скрабко, кіраўніка прэсавага цэнтру аблвыканкаму Віктара Жалезьніковіча і прафэсара Гарадзенскага дзяржаўнага унівэрсытэту Нікіцевіча.

Адвакаты кажуць, што заўтра ў судзе пачнуцца спрэчкі.

Аксану Пачобут паведаміла, што ёй удалося пабачыць Андрэя, калі яго выводзілі з суду.


Затрыманая раней Рэната Дземянчук знаходзіцца ў міліцэйскім пастарунку «Цэнтар».

Адвакаты журналіста Аляксандар Бірылаў (зьлева) і Ўладзімер Кісялевіч.
У суд накіроўваюцца экспэрты па тэкстах з крымінальнай справы Андрэя Пачобута — Віктар Жалезьніковіч і Павал Скрабко (пад парасонам) з аблвыканкаму.
Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч накіроўваецца ў суд.
Генконсула Анджэя Хадкевіча не пусьцілі ў суд.
Ахова суду.
Сёньня ля будынку Ленінскага суду была Анжаліка Борыс — экс-старшыня апазыцыйнага Саюзу палякаў.
Бацька Андрэя Пачобута Станіслаў з унукам Яраславам, сынам журналіста, спускаецца з ганку суду.
Зьлева направа: дачка журналіста Яна і жонка Аксана, справа — Анжаліка Арэхва — выканкаўца абавязкаў старшыні СПБ.
Генконсул Анджэй Хадкевіч і Аксана Пачобут.

12:00 Актывісты Саюзу палякаў пад сьценамі суду скандуюць «Свабоду!» і «Ганьба!».

Раней тут адбыўся інцыдэнт. Побач з судом — будынак Дзяржстраху. Адтуль праглядаецца падворак суду. Людзі вырашылі, што калі Пачобута будуць выводзіць, яго можна будзе там пабачыць. Міліцыянты сталі ў кола, каб ніхто не наблізіўся да дворыка. З словамі «Я хачу пабачыць свайго мужа» Аксана Пачобут залезла на агароджу. Пазьней яна адтуль зьлезла.

Міліцыянты затрымалі намесьніцу кіраўніка Саюзу палякаў Рэнату Дземянчук.

10:55 Сябры Саюзу палякаў працягваюць дзяжурыць пад судом. Яны чытаюць малітвы і сьпяваюць. Некаторыя трымаюць у руках партрэт Пачобута зь ягонымі словамі «Мяне не зламаеш».

9:57 Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хацкевіч спрабаваў трапіць на працэс. Міліцыянты не пусьцілі яго далей за ўваход у суд. Яны патлумачылі, што працэс закрыты і знаходжаньне назіральнікаў не прадугледжана.

9:45 Ля будынку суду пачынаюць зьбірацца людзі. Прыйшлі адвакаты Пачобута Аляксандар Пірылаў і Ўладзімер Кісялевіч. Яны кажуць, што сёньня стане вядома, ці задаволіць суд іхнае хадайніцтва — заслухаць па спараве болей за 10 сьведкаў.

Таксама ля будынку суду знаходзяцца экспэрты па справе Пачобута: кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму Павал Скрабко і кіраўнік прэсавага цэнтру аблвыканкаму Віктар Жалезьніковіч.


17 чэрвеня Андрэю Пачобуту было наноў выстаўлена абвінавачаньне. Артыкулы наконт абразы (368-1) і паклёпу (367-1) адносна прэзыдэнта ў ім засталіся, толькі больш як у два разы павялічыўся тэкст. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах Пачобута ў «Газэце выборчай», у ягонай калёнцы на сайце «Беларускі партызан», а таксама ў адным з допісаў у «Жывым журнале».

У мінулыя гады па абвінавачваньні ў абразе прэзыдэнта да розных тэрмінаў зьняволеньня і абмежаваньня волі былі асуджаныя лідэры прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, палітык Андрэй Клімаў, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, праваабаронца Кацярына Садоўская, актывіст рабочага руху Мікалай Разумаў. Спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці паводле адпаведнага артыкулу пісьменьніка Ўладзімера Падгола, праваабаронцу Аксану Новікаву.