Да чаго вядзе кантроль над цэнамі?

Беларускія ўлады пачалі змаганьне з ростам цэнаў. Ці эфэктыўныя такія мэтады? Ці дапамогуць яны выйсьці з крызісу? Якія гэта можа мець наступствы?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Сяргей Жбанаў
Барыс Жаліба
Валер Карбалевіч

Ці эфэктыўныя такія мэтады?


Валер Карбалевіч: «На нарадзе 27 траўня Аляксандар Лукашэнка ў катэгарычнай форме запатрабаваў спыніць рост цэнаў. Паводле яго загаду, цяпер цэны могуць павышацца толькі са згоды прэм’ер-міністра і кіраўнікоў абласьцей. Усіх, хто парушыць ягоны загад, прэзыдэнт патрабаваў пазбаўляць ліцэнзій і адпраўляць у турму.

І ўлады ўжо пачалі рэалізоўваць гэты загад. Ужо абвешчана, што Менскі гарвыканкам дамогся зьніжэньня цэнаў у крамах на 10%. Урад пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, на якія можа ўводзіцца часовае рэгуляваньне цэнаў тэрмінам да 90 дзён, і замарозіў на іх цэны да 1 ліпеня. Можа, гэта і слушна? У шмат якіх краінах з рынкавай эканомікай падчас крызісу ўлады замарожвалі цэны».

Барыс Жаліба: «Галоўнай прычынай інфляцыі стала абвальная дэвальвацыя беларускага рубля. Безумоўна, у цяперашнім росьце цэнаў прысутнічае спэкулятыўны элемэнт. Калі падаражэньне імпартных тавараў ці тавараў, якія маюць імпартныя складнікі, зразумелае, бо адбылася дэвальвацыя рубля, то рост цэнаў на беларускія тавары (найперш харчовыя) ідзе па інэрцыі. Прадпрыемствы проста скарысталі момант. Напрыклад, на хлебабулачныя вырабы цана скокнула за тыдзень удвая. У такім выпадку можна ўжыць адміністрацыйныя захады.
Наступствам кантролю над цэнамі могуць стаць пустыя паліцы крамаў.

Але замарожваньне цэнаў можна выкарыстоўваць як часовую меру на кароткі тэрмін. Таму што адмоўным наступствам кантролю над цэнамі могуць стаць пустыя паліцы крамаў і іншае».

Сяргей Жбанаў: «У гэтай сытуацыі ўладам проста нічога не застаецца рабіць. Бо сапраўды ў аснове гэтага цэнавага скачка ляжыць дэвальвацыя, прычым грандыёзная, беспрэцэдэнтная.

Зьвярніце ўвагу: калі ўлады патрабавалі зьменшыць цэны, гандаль гэта зрабіў, зьменшыўшы кошты тавараў на 5–10%. Але ж гэта мізэр. То бок улады маюць кантроль над цэнамі толькі ў аб’ёме 10%. 90% яны не кантралююць.

Найбольш эфэктыўная форма кантролю — узьдзеяньне на цэны праз валютны рынак. А там усё дрэнна. Пазабіржавы рынак валюты не працуе. Каб уплываць на яго, дзяржава павінна мець валютныя рэзэрвы. Каб ажыцьцяўляць валютныя інтэрвэнцыі, узьдзейнічаць на курс рубля, зьбіваць яго. А калі курс рубля зьнізіцца, тады і цэны панізяцца. Але ў Нацбанку няма валюты, усе чакаюць крэдыту».

Варта чакаць дэфіцыту тавараў?


Карбалевіч: «Да якіх наступстваў можа прывесьці адміністратыўнае рэгуляваньне цэнаў? Напрыклад, да дэфіцыту некаторых тавараў? Вось у тым пераліку сацыяльна значных тавараў ёсьць тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі. Напрыклад, лімоны, бананы, апэльсіны, кава. Лягічна меркаваць, што яны ўвогуле могуць зьнікнуць з рынку».

Барыс Жаліба: «Так, гэтыя тавары могуць зьнікнуць. На імпартныя тавары ня варта было рабіць абмежаваньні. Бо дэфіцыт валюты на біржавым і пазабіржавым рынках — галоўная праблема. Афіцыйны курс 5000 руб. за даляр — не раўнаважны».

Карбалевіч: «Але ўлады могуць абавязаць гаспадароў гандлёвых пунктаў забясьпечыць абавязковы асартымэнт тавараў. Каб там былі і апэльсіны, і лімоны. І куды падзецца іх гаспадарам?».

Жаліба: «Гандлёвыя фірмы могуць апынуцца без валюты, без рэнтабэльнасьці. Ня ведаю, якое ў іх выйсьце».

Сяргей Жбанаў: «Пытаньне ў тым, па якім курсе гандлёвыя фірмы да гэтых абмежавальных захадаў здолелі купіць валюту. Тыя зьніжкі на 5–10%, якія адбыліся днямі, — ня самая вялікая бяда для гэтых фірмаў. Ад такога рэгуляваньня тавар наўрад ці зьнікне.
Увогуле гэтае змаганьне з цэнамі больш носіць дэманстратыўны характар.

Тавар хутчэй зьнікне ад дэфіцыту валюты. Бо каб купляць лімоны і апэльсіны, забясьпечыць асартымэнтны мінімум, трэба дзесьці знайсьці валюту. Узровень рэнтабэльнасьці ў розьнічным гандлі — каля 3%. Зьніжкі ў 5–10% саб’юць гэты ўзровень рэнтабэльнасьці. Увогуле гэтае змаганьне з цэнамі больш носіць дэманстратыўны характар. Улада хоча паказаць, што яна кіруе і кантралюе сытуацыю».

Якія наступствы можа мець адміністратыўнае рэгуляваньне цэнаў?


Карбалевіч: «Якія яшчэ наступствы магчымыя? Вываз тавараў зь Беларусі ў суседнія краіны? Гэта ўжо пачалося ў сумежных з Расеяй рэгіёнах. Ужо даўно практыкуецца вываз бэнзіну ў Літву».

Жаліба: «Такія праблемы існуюць. Цэны павінны фармавацца па законах рынку і быць раўнаважнымі, то бок ураўнаважваць попыт і прапанову.

Каб выйсьці з крызісу, трэба вызваляць цэны. Пры гэтым атрымаць замежныя пазыкі. Бязь іх наша эканоміка працаваць нармальна ня ў стане. Прычым гаворка ідзе пра мільярды даляраў. Трэба, каб нармальна запрацаваў валютны рынак. Затым трэба скараціць бюджэтныя выдаткі».

Карбалевіч: «Абодва суразмоўцы казалі, што замарожваньне цэнаў павінна насіць часовы характар. Маецца на ўвазе, што за гэты час улады зробяць шэраг захадаў, каб пераламіць, нармалізаваць сытуацыю. Але ці зьбіраюцца, ці здольныя ўлады рабіць такія захады?».

Жбанаў: «Улады звыкла рэагуюць на крызіс адміністрацыйнымі сродкамі. Зьвярніце ўвагу на некаторыя іншыя намеры ўладаў: падвышэньне пэнсій, заробкаў бюджэтнікаў. У параўнаньні зь сьнежнем 2010 году за чатыры месяцы гэтага году заробкі ўжо вырасьлі на 24%. Гэта бег па коле. Лукашэнка ж асудзіў на нарадзе 27 траўня празьмерную грашовую эмісію. Але гэтая практыка працягваецца».