Статкевічу — 6 гадоў, Вусу — 5 з паловай

Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова вынесла прысуды былым кандыдатам у прэзыдэнты Міколу Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, а таксама ўдзельнікам Плошчы Андрэю Пазьняку, Аляксандру Класкоўскаму, Аляксандру Квяткевічу, Арцёму Грыбкову, Дзьмітрыю Буланаву.

Перад прысудам



16.20 Прысуды:

Міколу Статкевічу — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзьмітрыю Вусу — 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Арцёму Грыбкову — 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.
Аляксандру Квяткевічу — 3 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзьмітрыю Буланаву — 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі, яго вызвалілі ў залі суду.

Дзьмітрыя Вуса ўзялі пад варту ў залі суду.

Your browser doesn’t support HTML5

Відэа з суду. No comments



Your browser doesn’t support HTML5

"Лукашэнка душыць нашу сям'ю"



Your browser doesn’t support HTML5

"Я не спадзявалася ні хвіліны"



Your browser doesn’t support HTML5

"Ці выжыве мой сын – 50 на 50"



Судзьдзя Людміла Грачова

Ад будынку суду людзі доўга не разыходзіліся — доўга ішло абмеркаваньне, абурэньне, многія плакалі. Найбольш эмацыйнай рэакцыя на жорсткі прысуд Ленінскага раённага суду Менску за Плошчу была ў бацькоў палітвязьняў, і перш за ўсё ў іх састарэлых маці. Яны не хавалі сьлёз, крычалі, лямантавалі — гэтак як Сафія Вус, маці кандыдата на прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса, асуджанага сёньня на 5 з паловай гадоў турмы і арыштаванага проста ў залі суду. Яна крычала ў залі, што Міколу Лукашэнку гадуюць усёй краінай, а ў чатырохмесячнага сына Дзьмітрыя Вуса забралі ў турму бацьку.

Часовы павераны ў справах Эўразьявязу Жан-Эрык Хольцапфэль і Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Статкевіча.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан і Аляксандар Класкоўскі-старэйшы.

Маці Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія.


Людміла Класкоўская, маці асуджанага Аляксандра Класкоўкага.

Уладзімер Някляеў пра прысуды:

«Каля 30 закладнікаў. Але Лукашэнка дарма мяркуе, што за гэта яму будуць плаціць. Мне пра гэта ніякавата казаць. Я ўсё ж не за кратамі, і я не магу патрабаваць ад Захаду, каб ён ніякіх грошай ні за кога не даваў. Калі б я быў там, я сказаў бы тое ж, што сказаў Мікола. І мы найперш будзем рабіць усё, каб выцягнуць людзей з-за кратаў, а потым глядзець, што рабіць далей. Я думаю, мы гэтага даможамся».

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, пра прысуды:

«Яны столькі не пасядзяць — гэта адзінае, у чым я ўпэўненая. Улада столькі рэсурсу ня мае. А пра суд мы ня кажам, бо суду няма, калі судзяць самых годных людзей у краіне. Судзяць тыя, хто павінен сядзець на іх месцах».

Маці Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія Буланава пра прысуд:

«Яму далі тры гады за тое, што ён ударыў па дзеравяшцы, падышоў, калі ўсё было разьбіта. Гэта чыста хлапечы ўчынак. У яго разьвілося захворваньне, выклікала рэўматычную атаку, эндакардыт міякарда, ад якога сьмяротнасьць складае 51%. І цяпер яны мне кажуць, што ў яго няма зьмякчаючых акалічнасьцяў. То бок магчымасьць паўтору такога стану вельмі вялікая. Нават у нармальных умовах праз 4–6 месяцаў гэта можа паўтарыцца».

Мілана Міхалевіч, жонка Алеся Міхалевіча — пра лёс свайго мужа і сёньняшнія прысуды:

«Справа адносна Алеся яшчэ ня скончаная. Але я, безумоўна, цешуся, што ня мушу зараз зьбіраць мужу перадачы на Валадарку, у „амэрыканку“ ці ў калёнію. Гэта страшна — тое, што ў нас адбываецца. І страшна, што гэта працягваецца дагэтуль».

Праваабаронца Людміла Гразнова:

«Гэта адназначна палітычныя, груба сфальшаваныя працэсы. Яны накіраваныя на запужваньне грамадзянскай супольнасьці і цалкам усяго насельніцтва. Сёньняшні прысуд — поўная кульмінацыя. Асабліва пасьля тых словаў Лукашэнкі, што некаторыя арганізатары будуць вызваленыя, былі спадзяваньні, што сёньня суды будуць зь іншымі выракамі. Але прысуды шакавалі і дадалі Лукашэнку яшчэ больш ворагаў. Ён адразае сабе шлях для дыялёгу з апазыцыяй. Для краіны — гэта катастрофа».

Вольга Бандарэнка, жонка асуджанага раней Зьмітра Бандарэнкі — пра сёньняшні прысуд:

«Магчыма, Лукашэнка набірае закладнікаў. Ён ведае, што так было і ён таргаваўся. Раней гэта працавала. Зараз пакуль, на шчасьце, гэтая праграма гандлю закладнікамі не працуе. Але ён спадзяецца, і гэта вызначае яго паводзіны. Ён набірае закладнікаў для гандлю».

Маці Дзьмітрыя Вуса Сафія пра сёньняшні прысуд сыну:

«За што? Яны нічога дрэннага не патрабавалі: зьмяніць Выбарчы кодэкс. Яны патрабавалі мірна. А яны што ўтварылі? Акружылі ўвесь горад міліцыяй. Людзі былі зьдзіўленыя, што за выбары? Навошта сына пасадзілі? За што?».


Аляксандар Класкоўскі, бацька асуджанага Аляксандра Класкоўскага:

«Улада вытрымлівае марку так, як яна разумее. Мы чулі ўчора ў Астане — скрозь зубы нешта прагучала, што, магчыма, мы іх яшчэ і выпусьцім. Гэта цынічная, прадуманая гульня. Першы этап — гэта паказальна засудзіць, каб усе баяліся, каб ведалі, што нельга рыпацца. А потым пачаць торг з Захадам. Гэты торг насьпявае, бо Масква прэсінгуе, магільнае маўчаньне па выніках перамоваў з Пуціным. Проста так цяпер Масква і капейкі ня дасьць, усё выцісьне. І таму паратунак — трэба прасіць грошы на Захадзе. А пасьля таго як столькі наплявалі ў гэты калодзеж, гэта вельмі цяжка. Я думаю, што разьлікі беларускай улады, што яны галовамі будуць гандляваць ураздроб, — гэта наўрад ці атрымаецца, ведаючы рашучы настрой ЗША і Эўропы».

Праваабаронца Алена Танкачова:

«З прававога гледзішча гэтаму няма ніякага тлумачэньня. Гэта прававы нонсэнс. Гэта выключна палітычны расклад. Магчыма, і каляпалітычны, зьвязаны са спробай перафарматаваньня палітычнай прасторы і лідэраў грамадзкай думкі на гэтай прасторы. Масавых беспарадкаў 19 сьнежня не было, і гэты крымінальны склад павінен быць перагледжаны».

Андрэй Пазьняк атрымаў тэрмін безь зьняволеньня.

15.40 Сярод тых, хто ня трапіў у залю, а гэта каля 50 чалавек, жонка Алеся Міхалевіча Мілана, маці Мікіты Ліхавіда, маці Фёдара Мірзаянава, жонка Ўладзімера Някляева. Таксама там стаіць намесьнік кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму Яўсееў

15.32 Судзьдзя працягвае чытаць вырак.

14.38 Прысутныя ў залі абураюцца, што нічога не чуваць і патрабуюць уключыць мікрафон. Судзьдзя Грачова прыгразіла, што загадае вызваліць залю, але людзі працягвалі абурацца. Судзьдзя стала чытаць гучней.

14.14 На просьбу Статкевіча вырак зачытваецца цалкам, каб яшчэ раз пачуць пра кактэйль Молатава – сказаў Мікола Статкевіч. Судзьдзя Грачова чытае прысуд вельмі ціха.

13.55 Журналістам дазволілі правесьці відэа і фотаздыкі ў залі суду. На абвяшчэньне прысуду экс-кандыдатам у прэзыдэнты і іншым удзельнікам Плошчы прыйшлі паслы Нямеччыны, ЗША, Швэцыі, іншыя дыпляматы, з палітыкаў – Уладзімер Някляеў, а таксама сваякі асуджаных.

Уладзімер Някляеў, які зайшоў у залю, прывітаў Міколу Статкевіча і іншых абвінавачаных: "Мікола, малайцы хлопцы! Усё будзе добра, ня сёньня, дык заўтра".




Раней пракурор Кірыл Чубкавец прасіў вынесьці пакараньне:

Статкевічу — 8 гадоў;
Вусу — 7 гадоў;
Класкоўскаму — 8,5 году;
Квяткевічу, Пазьняку, Буланаву, Грыбкову — па 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.