Аднавілі надмагільле каліноўцу, ды зрабілі надпіс па-расейску

У Горках аднавілі помнік паўстанцу-каліноўцу Войцеху Дамарацкаму. Ён загінуў 24 красавіка 1863 году падчас вызваленьня мястэчка ад войскаў Расейскай імпэрыі. Надпіс на новым надмагільлі загінулага паўстанца зроблены па-расейску. На гэтай жа мове быў надпіс і на старой расколатай пліце.

Магіла студэнта Горы-Горацкага земляробчага інстытуту знаходзіцца на тэрыторыі дэндрапарку цяперашняй сельгасакадэміі. Па дапамогу ў аднаўленьні надмагільля да кіраўніцтва навучальнай установы зьвяртаўся горацкі журналіст Эдуард Брокараў:

«Мы казалі, каб надпіс пераклалі на беларускую мову. Рабіць надпіс на расейскай мове на магіле каліноўца — гэта блюзьнерства! Войцех Дамарацкі бараніў нашу краіну менавіта ад расейскіх акупантаў і загінуў ад рукі расейскага салдата. Гэты надпіс трэба перарабіць — напісаць па-беларуску. Будзем выходзіць на кіраўніцтва акадэміі, кіраўніцтва раёну і будзем гэтага дамагацца. Гэта ненармальна».

Прарэктар па вучэбна-выхаваўчай працы акадэміі Аляксандар Салянік прызнаў, што з аднаўленьнем пасьпяшаліся і пра мову не падумалі:

«Быў дадзены загад тэрмінова аднавіць што было. Шукалі фірмы, якія б зрабілі, а пра гэта не падумалі. Былі ж добрыя намеры — аднавіць. Давайце пакуль спынімся на тым, што, дзякаваць Богу, аднавілі. А я буду выходзіць з прапановамі».

Надмагільле Войцэху Дамарацкаму ўсталявалі пры канцы васьмідзесятых гадоў. Прастаяла яно нядоўга. Хто яго пашкодзіў, невядома. Больш за два дзясяткі гадоў мармуровая пліта праляжала расколатай ля ходніку адной з алеяў парку.

Фота horki.info