Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску дэмантуюць бюст Леніна


Фота babruisk.by
Фота babruisk.by
У Бабруйску ўлады вырашылі дэмантаваць бюст Леніна. На яго рэстаўрацыю нестае сродкаў. Акрамя таго, ён ня мае мастацкай вартасьці.

Пакуль яшчэ бюст застаецца на сваім ранейшым месцы — ля ўваходу ў бабруйскі філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Раней у гэтым будынку на вуліцы Савецкай месьціўся гарнізонны дом афіцэраў. Яго абавязковым атрыбутам і быў бюст Леніна. Цяпер ён заняпаў. Асыпаецца тынк, аблазіць фарба.

"Камісіяй прызнана, што ён ужо не падлягае рэстаўрацыі. Дадзенае заданьне зьнесьці яго. Для рэстаўрацыі трэба шмат грошай. У нас даволі такіх бюстаў і помнікаў у горадзе", — паведамілі ў аддзеле ідэалягічнай працы Ленінскага раёну Бабруйску.

Тое, што бюст правадыра пралетарыяту не патрэбны Бабруйску як каштоўнасьць, давялі камісіі ў аддзеле архітэктуры гарвыканкаму:

"Гэта тыпавое рашэньне, якое не ўяўляе якойсьці гістарычнай каштоўнасьці. У савецкія часы гэтае тыпавое рашэньне было папулярным чамусьці ў ваенных",--зазначыў начальнік аддзелу архітэктуры Сяргей Лявонаў.

Канкрэтная дата дэмантажу пакуль не называецца. Пляцоўку перад уваходам у навучальную ўстанову парадкуюць. Кіраўніцтва філіялу й рада было б паскорыць знос бюста, ды ня мае тэхнічных сродкаў:

"Ён жа цяжкі. Гэта ж ня тое, што ўзяў і зьняў яго ахайна. Гэта ж патрэбныя нейкія краны, трактары, пагрузчыкі. І зноў жа, як яго здымаць — не накінеш жа яму сіло на шыю і не падымеш", — наракае прадстаўнік адміністрацыі навучальнай установы.

У Бабруйску цяпер дванаццаць помнікаў Леніну. За апошняе дзесяцігодзьдзе іх колькасьць скарацілася амаль напалову, зазначае бабруйскі палітык Алесь Чыгір.

Алесь Чыгір
"Некаторыя проста занепадаюць. Некаторыя прыбіраюць адмыслова. Вось помнік, які знаходзіўся насупраць адміністрацыі Ленінскага раёну, прыбралі, бо стаяў насупраць царквы. Самага галоўнага Леніна апусьцілі падчас Дажынак да зямлі, на два — два з паловай мэтры. Цяпер ён выглядае на плошчы даволі пагрозьліва. Ён адзіны, які ахоўваецца дзяржавай".

Акрамя помнікаў Леніну, у Бабруйску ёсьць завод імя Леніна, а ў Бабруйскім раёне — санаторый імя Леніна.

На самой жа Магілёўшчыне ёсьць два райцэнтры, якія наагул ня маюць помнікаў Леніну: гэта недалёкі ад Бабруйску Глуск і старажытны Мсьціслаў. Там замест Леніна ўсталявалі помнік асьветніку Пятру Мсьціслаўцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG