Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Талака на могілках з апаганенымі надгробкамі


Сёньня ў Магілёве сябры клюбу каталіцкай інтэлігенцыі парадкавалі мясцовыя Польскія могілкі. У штогадовай талацэ, прымеркаванай да Дзядоў, бралі ўдзел і актывісты суполкі Таварыства беларускай мовы. Поруч з дарослымі талакоўцамі на могілках завіхаліся й гадаванцы каталіцкай нядзельнай школкі.


Польскія могілкі ў Магілёве адны з найстарэйшых. Тут спачываюць знаныя прадстаўнікі польскай дыяспары дзевятнаццатага й пачатку дваццатага стагодзьдзя.


Лічаныя надгробныя помнікі ня зьведалі апаганьваньня. Некаторыя надгробкі нішчыліся для новых пахаваньняў, некаторыя — для людзкой забавы й карысьці. Бальшыня помнікаў вырабленая з каляровых мэталаў і чыгуну.

Помнік Стэханавіцкім — выдраны фрагмэнт з каляровага мэталу.

Удзельніца талакі Ларыса Іванаўна: «Я прыходжу сюды штогод. Тут шмат кінутых магілаў, якімі апякуецца наш клюб. Мы б ахапілі ўсё, але сілаў нестае на ўсё. Гэтыя могілкі — мэмарыял, музэй. Яны вымагаюць захаваньня. Такіх могілак у Беларусі адзінкі. Тут і капліцы й старыя пахаваньні. Яны павінны быць дагледжанымі. Мы молімся за ўсіх. Прыбраць жа магілкі гэта па-хрысьціянску. Паглядзіце там, дзе пахаваныя Цеханавецкія. Там быў барэльеф — вырвалі яго. Потым глядзіце, што зрабілі з помнікам Даніэлю Маўру. Ён жа быў мэцэнатам. Ён пакінуў вялікую суму грошай для навучаньня дзяцей з малаёмасных сем’яў. ў як зь ім цяпер абышліся. Проста баліць душа».

Помнік Даніэлю Маўра. Адбіты крыж, выдраны мэдальён.

Тры дзясяткі талакоўцаў чатыры гадзіны выграбалі лісьце ды выносілі на сьметнік будаўнічы з друз з рамантаванай каплічкі сьвятога Антонія. Яе нядаўна перадалі ордэну дамініканаў.

Талакоўцы.

Айцец Віталь: «Тут цяпер арганізуецца парафія сьвятых Ядзьвігі й Казіміра — каралевы й каралевіча. Парафія ўжо зарэгістраваная. Хутка адновіцца й рэлігійнае жыцьцё. Кожны ордэн мае сваю адметную місію. Дамінікане вылучаюцца працай з моладзьдзю, са студэнтамі. Асноўная ж наша пакліканьне — душпастарская дзейнасьць. Дамінікане — ордэн прапаведнікаў. Пакуль наша задача прывесьці ў парадак цэнтральную капліцу, а потым возьмемся за больш шырокае парадкаваньне могілак. Улада ў гэтым зацікаўленая, але ёсьць нейкія нібыта перашкоды ў гэтай справе. Польская грамада надзвычай зацікаўленая, спадзяемся, яна дапаможа».

Айцец Віталь

Капліцу пабудавалі ў 1904 годзе. Яна помнік архітэктуры. Раней на дзень сьвятога Антонія, нябеснага апекуна Магілёва, ад касьцёлу сьвятога Станіслава да гэтай капліцы ладзіўся хросны ход. Традыцыя яго правядзеньня перарывалася за савецкім часам, а таксама ў 2008 годзе. Тады магілёўскія ўлады патрабавалі ад арганізатараў аплаціць выдаткі на паслугі міліцыянтаў, камунальнікаў і мэдыкаў. Хросны ход не адбыўся. Цяпер у магілёўскім Занядпроўі будуецца касьцёл сьвятога Антонія. Там і праходзяць усе набажэнствы да дня нябеснага заступніка Магілёва.

Капліца сьвятога Антонія.

Што да Польскіх могілак, то за савецкім часам быць пахаваным тут лічылася за гонар. Тут шмат магілаў савецкіх і партыйных функцыянэраў. Тут жа пахаваны й паэт Аляксей Пысін. Могілкі лічацца закрытымі для новых пахаваньняў.

Помнік Аляксею Пысіну.

Акрамя каталіцкай парафіі сьвятых Ядзьвігі й Казіміра на польскіх могілках таксама ў капліцы ладзяць набажэнствы й магілёўскія грэка-каталікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG