Пінчане ня вераць уладам

Пажар на "Пінскдрэве", 25 кастрычніка

Кіраўніцтва заводу “Пінскдрэў” абмяжоўвае доступ на тэрыторыю заводу. Толькі дзяржаўнае тэлебачаньне атрымала дазвол, гэтым і абмежаваліся.

Недахоп інфармацыі вакол выбуху ў цэху заводу “Пінскдрэў” правакуе зьяўленьне розных меркаваньняў, напрыклад, датычных колькасьці загінулых.

Як кажа адна з супрацоўніц заводу, у сапраўднасьці загінула нашмат больш людзей, чым агучваецца афіцыйна. Жыхары Пінску называюць розныя лічбы. Так, даводзілася чуць, што адразу ж загінула нават некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя кажуць пра 5-8 ахвяраў, якіх бачылі на ўласныя вочы. Такія высновы падмацоўваюцца найперш магутнасьцю выбуху. Жыхар Пінску, дом якога знаходзіцца акурат насупраць цэху, кажа, што добра былі чуваць два выбухі. Прычым у яго суседкі выбуховай хваляй выбіла вокны. На гаўбцах дзевяціпавярховага дому, які знаходзіцца далей, пападалі кветкі.

Паводле гараджанаў, ‎хуткая дапамога прыехала даволі позна. Магчыма, заўтра будуць хаваць загінулых.

Яшчэ адным наступствам выбуху сталася тое, што ў цэху, дзе робяць ДВП, стаялі катлы з клеем, небясьпечныя рэчывы зь якога трапілі ў паветра. Некаторыя настаўнікі раілі дзецям не выходзіць на двор: маўляў, фармалін разносіцца ветрам навокал.

Паводле людзей, у момант выбуху ў цэху знаходзілася ўся зьмена, якая працуе да 15 гадзіны. А на зьмене ня 29 чалавек, як падаецца афіцыйна, а каля 40 чалавек.

Шмат хто з гараджанаў баіцца нешта камэнтаваць і агучваць. “Пінскдрэў” – горадаўтваральнае прадпрыемства. Многія там працуюць.