Крызіс і палітычная сытуацыя выклікаюць дэпрэсію і расстройствы адаптацыі

10 кастрычніка — Усясьветны дзень псыхічнага здароўя. Адзначаецца ён з 1992 году зь ініцыятывы Ўсясьветнай фэдэрацыі псыхічнага здароўя. Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, цяпер на плянэце жыве больш за 450 мільёнаў людзей, якія пакутуюць на псыханэўралягічныя захворваньні.

У Беларусі больш за паўмільёна чалавек штогод зьвяртаюцца да псыхіятраў і псыхатэрапэўтаў. Па ацэнцы загадчыка катэдры псыхіятрыі Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі прафэсара Раман Еўсягнеева, каля 200 тысяч маюць псыханэўралягічныя захворваньні (кшталту шызафрэніі, эпілепсіі ды іншых), і колькасьць гэта стабільная. А вось колькасьць псыхічных расстройстваў у Беларусі складае, як і ў іншых краінах сьвету, прыкладна 12-15%, то бок кожны восьмы мае тое ці іншае псыхічнае расстройства.

Практыкуючы псыхіятар Ігар Сарокін: «Узровень псыхічных хваробаў больш-менш стабільны. А вось колькасьць псыхічных парушэньняў нэўратычнага кшталту (якія, па-першае, вельмі цяжка суб’ектыўна пераносяцца, па-другое, выклікаюць страту працаздольнасьці) расьце і павялічваецца ва ўсіх краінах, ня толькі ў нашай сінявокай».

Нэўроляг Васіль Аўраменка з уласнай практыкі пераканаўся, што павялічваецца колькасьць людзей у так званых памежных станах:

«Вялікая частка зь іх — гэта якраз расстройствы адаптацыі. Ёсьць такі дыягназ па новай клясыфікацыі. Гэта няўменьне чалавека прыстасавацца да нейкіх новых умоваў жыцьця, таго, што мяняецца навокал. Скажам так, гэта чыста сацыяльная хвароба. Павелічэньне гэтых нэўратычных станаў здараецца якраз у часы дэпрэсіі ў эканоміцы, крызісу, няўстойлівай палітычнай сытуацыі, калі мяняецца штосьці ў грамадзтве ня ў лепшы бок. Адмоўныя сытуацыі — так, яны ўплываюць, гэтым і можна патлумачыць».

Такім чынам, паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, эканамічны крызіс і нават выбары могуць уплываць на павелічэньне колькасьці людзей з расстройствам адаптацыі. На думку псыхіятра Ігара Сарокіна, гэта вельмі сур’ёзна можа паўплываць на эканоміку краіны:
Дэпрэсія ў бліжэйшыя гады выйдзе на першае месца па часовай страце працаздольнасьці.


«Дыягназ, які часьцей за ўсіх ставіўся раней, той і застаецца: рознага віду трывожныя парушэньні, прыгнечанасьць настрою. Дарэчы, лічыцца, што такі вось маркотны стан ці дэпрэсія (у адпаведнасьці з мэдычнай тэрміналёгіяй), дык вось гэтая дэпрэсія ў бліжэйшыя гады выйдзе на першае месца па часовай страце працаздольнасьці. Праблемы з псыхічным здароўем — яны ёсьць і будуць. Ёсьць чалавек — дык ёсьць і псыхічныя парушэньні».

Разам з тым, псыхіятры адзначаюць, што страх зьвярнуцца па дапамогу да лекараў, які панаваў раней у грамадзтве, паступова зьмяншаецца. І паспрыяў гэтаму Закон «Аб псыхіятрычнай дапамозе і правах грамадзянаў пры яе аказаньні», які быў прыняты ў 1999 годзе. Меркаваньне псыхіятра Ігара Сарокіна:

«Стан мяняецца, мяняецца да лепшага. Чалавек, ва ўсялякім разе, у вялікіх гарадах больш адукаваны ў пляне псыхоляга-псыхіятрычных пытаньняў, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, ідзе да псыхіятра, ідзе да псыхатэрапэўта. Страх ня столькі перад самой спэцыяльнасьцю, значнасьцю тых наступстваў, якія можа мець псыхічная хвароба, колькі страх перад сацыяльнымі наступствамі. Даводзіцца даволі часта чуць, а ці не паўплывае гэта на тое, што будзе пазбаўлены чалавек правоў кіроўцы, ці там яшчэ нейкія іншыя сацыяльныя наступствы. Даводзіцца тлумачыць. Але, я думаю, гэта таксама часова».