Жукоўскі: “10 сутак галадоўкі ў антысанітарных умовах”

Кастусь Жукоўскі

Сёньня пасьля дзесяці сутак арышту выйшаў на волю гомельскі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі.

Жукоўскі: «Гэтыя 10 сутак я правёў у ізалятары пры Петрыкаўскім райаддзеле міліцыі ў антысанітарных умовах. Не было нават магчымасьці прыняць хоць адзін раз душ. У маленькай камэры мы сядзелі ўчацьвярых, у суседняй такой камэры — сямёра. Дыхаць не было чым.

У першы ж дзень, калі мяне прывезьлі ў ізалятар з раённага суду, я на знак пратэсту абвясьціў галадоўку. Піў толькі гарбату, якую давалі арыштантам. Прасіў выклікаць да мяне лекара — ня выклікалі».

Нагадаем, што 24 верасьня старшыня Петрыкаўскага раённага суду Сяргей Багінскі пакараў Кастуся Жукоўскага 10 суткамі арышту. 5 суткамі нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы і 5 — за супраціў міліцыі.

Супраць актывіста сьведчылі гомельскія міліцыянты Грамкоў і Аўчыньнікаў, якія акурат і спрычыніліся да зьбіцьця актывіста 17 верасьня на фэсьце «Покліч Палесься» ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну.

Спадар Жукоўскі трапіў у Петрыкаўскі раённы шпіталь, адкуль яго праз двое з паловай сутак дачасна выпісалі, і пасьля чаго ён працягваў лячыцца амбуляторна ў Гомелі. У актывіста зафіксаваны сіняк на цемячна-патылічнай частцы галавы, вывіх правай рукі й моцны ўдар груднога аддзелу пазваночніка.

Мэдычны эпікрыз судзьдзя да ўвагі ня ўзяў: маўляў, гэта не інваліднасьць і наагул зусім іншая справа. Затое прыслухаўся да словаў міліцыянтаў, якія сьведчылі, што Кастусь Жукоўскі на фэсьце лаяўся, бегаў, чапляўся да людзей і супраціўляўся міліцыі.