Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са шпіталя Жукоўскага адвезьлі ў суд


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі
Сёньня зь Петрыкаўскага раённага шпіталя выпісаны гомельскі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі.

Тут ён знаходзіўся на лячэньні з дыягназам «страсеньне мазгоў» зь мінулай пятніцы.

Лекары знайшлі стан здароўя спадара Жукоўскага здавальняючым. Нэўрапатоляг наагул выключыў дыягназ «страсеньне мазгоў»:

«У прынцыпе стан яго, як мы кажам, здавальняючы. Такіх яўных цялесных пашкоджаньняў у яго няма. Сёньня яго яшчэ раз агледзела нэўроляг і выключыла «страсеньне галаўнога мозгу».

На выпісцы Жукоўскага чакалі міліцыянты. Яго адразу ж адвезьлі ў раённы суд, каб там разгледзелі складзены ў дачыненьні да Жукоўскага адміністрацыйны пратакол — за лаянку ў грамадзкім месцы й супраціў міліцыі.

Спадар Жукоўскі апавёў, што ў судзе расказаў усё, як было насамрэч. У вёсцы Ляскавічах, дзе праходзіў фэст «Покліч Палесься», яго затрымала міліцыя. Каля трох гадзін чапляліся — то апрануты ён неахайна, то пашпарт у яго фальшывы, то да нейкага злодзея нібыта падобны. Потым выпусьцілі.

Кастусь хутка пайшоў на фэст, каб сустрэцца з кіраўніцай гомельскай культурніцкай суполкі «Талака» Ларысай Шчыраковай, але дарогу яму раптоўна перагарадзіў бамбіза ў цывільным. Ды так, што тэлефон з рук вываліўся. Калі Кастусь стаў падымаць мабільнік, тут яго й скруцілі, выварочвалі запясьці рук. Актывіст крычаў: «Дапамажыце! Міліцыя!»

Завалаклі актывіста ў мясцовы гатэль, там надавалі каленьмі і пад дых, і па сьпіне. Валялі па падлозе. Кастусь кажа, што ня раз стукнуўся галавой і нават страціў прытомнасьць, бо калі ачуўся, рукі ў яго былі за сьпінаю ў кайданках.

Жукоўскі: «У мяне сьпіна баліць, пазваночнік — хутчэй за ўсё штосьці з пазваночнікам, ныркі і рука — рука вывіхнута».

Паводле Жукоўскага, судзьдзя Сяргей Багінскі выслухаў гэта ўсё і адклаў справу да пятніцы. А пракурор, якому Кастусь паскардзіўся на зьдзек, даў накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу.

Зь Петрыкаўскага раённага суду спадара Жукоўскага паплечнікі адвезьлі ў Жыткавічы, дзе на штрафной стаянцы знаходзілася ягоная прыватная аўтамашына. І ўжо адтуль усе разам дабіраліся ў Гомель.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG