Лужкова “сватаюць” у прэм’еры да Лукашэнкі

Напярэдадні прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што не чакае нічога добрага ад прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Праўда, потым выправіўся — маўляў, жарт. А вось расейскія мэдыі, мяркуючы па апошніх публікацыях, паставіліся да гэтага выказваньня сур’ёзна.

Тэмай № 1 для расейскіх СМІ застаецца датэрміновая адстаўка мэра Масквы Юрыя Лужкова. Аднак на гэтым тле так ці інакш усплывае і беларускі сьлед. У прыватнасьці, цяпер актыўна абмяркоўваецца магчымасьць далейшага працаўладкаваньня апальнага кіраўніка гораду. Экспэрты, згадваючы цёплыя адносіны Юрыя Лужкова з Аляксандрам Лукашэнкам, ці то жартам, ці ўсур’ёз «сватаюць» экс-мэра ў саюзную дзяржаву. Так, сёньня расейскія мэдыі цытуюць віцэ-сьпікера Дзяржаўнай думы Івана Мельнікава, які заявіў: самы лепшы сцэнар для Лужкова — стаць прэм’ерам пры прэзыдэнце Лукашэнку. Маўляў, калі ў Беларусі знайшлося месца экс-прэзыдэнту Кіргізстану Бакіеву, то заслугі Лужкова будуць ацэненыя тым больш.

Часопіс «Огонёк» згадвае: у той час, як усёй Расеі хочацца нарэшце падняцца з каленяў, не выпадае забывацца пра надзённую практыку. А яна такая, што трэба памятаць пра абавязковыя выдаткі дзеля забесьпячэньня стратэгічных інтарэсаў. І той жа Лужкоў насамрэч быў адным зь дзяржаўных «вінцікаў», які ў «размашыстых дзяржаўных задумах» праводзіў агульную з Крамлём палітыку. Напрыклад, «супольнае кармленьне славянскага рыцара Лукашэнкі ў суме 50 мільярдаў даляраў». Як піша выданьне, хапіла б на супэрэўрапейскай якасьці шматпалосны аўтабан Урал-Далёкі Ўсход. Дарэчы, таваразварот асобна ўзятай Масквы зь Беларусьсю ў лепшыя часы перавышаў 6 мільярдаў даляраў, што ёсьць вынікам асабістага сяброўства Лужкова і Лукашэнкі.

Вядучы праграмы «Однако» на Першым расейскім канале Міхаіл Лявонцьеў перакананы: каб Лукашэнка быў у статусе губэрнатара нейкага расейскага рэгіёну, што гіпатэтычна магло стаць вынікам актыўнай фазы «інтэграцыі», яго неадкладна напаткаў бы лёс Лужкова. На думку публіцыста, менавіта таму ён і згарнуў кампанію на яднаньне, каб застацца гаспадаром у сваім «калгасе». Сам жа Лявонцьеў наўпрост вінаваціць беларускага лідэра ў здрадзе, бо той назло Маскве падтрымлівае Саакашвілі, Бакіева, Закаева ды іншых «ворагаў Расеі»:

Учыніўшы геапалітычны пераварот, наш „верны саюзьнік“ Лукашэнка ўзяў сабе за правіла — шантажаваць Расею сваёй магчымай здрадай.
«Адзіны сэнс ва ўсім гэтым — нагадзіць Расеі. Тут і дурная выхадка з падтрымкай Бакіева, і абвяшчэньне бандыта Закаева кіраўніком „непрызнанай рэспублікі Ічкерыя“, што можна зразумець, як пагрозу гэтую віртуальную Ічкерыю прызнаць. Не сакрэт, што ўчыніўшы геапалітычны пераварот, наш „верны саюзьнік“ Лукашэнка ўзяў сабе за правіла — шантажаваць Расею сваёй магчымай здрадай. У сьвятле разьвіцьця гэтага тэктанічнага працэсу пытаньне толькі ў адным: гэта ён нас па-ранейшаму пужае ці ўжо здрадзіў? Хацелася б атрымаць тлумачэньне зь першакрыніцы».

«Независимая газета» ўздымае тэму маючых адбыцца ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў. Выданьне нагадвае: нязьменны цягам ужо 16 гадоў кіраўнік Беларусі заявіў, што яму выгадна, каб выбары прайшлі «чэсна і празрыста»: «Такія адгаворкі, — піша газэта, — не пакідаюць сумневу: Лукашэнка хоча захаваць зьнешнія прыкметы дэмакратычнасьці, але застацца ля руля ўлады». Аднак сёлетнія выбары ўскладняюцца тым, што ў выпадку адсутнасьці станоўчай ацэнкі АБСЭ разьлічваць на легітымнасьць Лукашэнку не даводзіцца. Дый пазыцыя расейскага кіраўніцтва не пакідае сумневаў — нядаўняя саюзьніца падыдзе да ацэнкі выбараў максымальна строга. У якасьці доказу газэта прыводзіць адказ Дзьмітрыя Мядзьведзева на пытаньне, чаго ён чакае ад выбараў у Беларусі. «Нічога добрага не чакаю», — сказаў той, але ўсё ж выказаў спадзяваньне, што выбары пройдуць з захаваньнем усіх правоў беларускіх грамадзянаў.

Артыкул на тэму прэзыдэнцкіх выбараў зьмяшчае «Новая газета». «Уласны карэспандэнт „Новой“ будзе глядзець на выбары вачыма жонкі кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі», — паведамляецца ў падзагалоўку да матэрыялу «Кандыдацкі максымум». Маецца на ўвазе журналістка выданьня Ірына Халіп, чый муж Андрэй Саньнікаў яшчэ напачатку году абвясьціў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты краіны. У першым «выбарчым» артыкуле Ірына Халіп дае раскладку патэнцыйных кандыдатаў паводле іх партыйнай прыналежнасьці і ацэньвае папярэдні шанцы на праходжаньне абавязковых рэгістрацыйных працэдураў.

«Московский комсомолец» падае «выбранае» з прэс-канфэрэнцыі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, якая днямі адбылася ў офісе рэдакцыі. «Апазыцыянэры сьвецяцца аптымізмам і вераць у посьпех кампаніі», — пачынаецца артыкул. На пытаньне пра тое, якія будуць першыя крокі Раманчука ў выпадку прыходу да ўлады, той заявіў пра неабходнасьць палітычнай рэформы. Найперш, адбудзецца рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі, якая скасуе «гіпэртрафаваную ролю» прэзыдэнта. За кіраўніком краіны будзе замацаваная магчымасьць выконваць функцыі толькі два тэрміны. Таксама будуць прапанаваныя востра неабходныя эканамічныя законы: аб бюджэце, сацыяльных гарантыях, падатках. Адпаведныя праекты ўжо падрыхтаваныя.