Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лужкоў страціў давер Мядзьведзева


Юры Лужкоў
Юры Лужкоў

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў сёньня ўказ аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў мэра Масквы Юрыя Лужкова.


Паводле паведамленьня прэсавай службы Крамля, Лужкоў адхілены ад пасады “ў сувязі з стратаю даверу прэзыдэнта Расеі”.

Часовым выканаўцам абавязкаў мэра прызначаны першы намесьнік мэра ва урадзе Масквы Уладзімір Рэсін. 74-гадовы Рэсін зьяўляецца найстарэйшым сярод намесьнікаў маскоўскага мэра. Падчас адсутнасьці кіраўніка горада менавіта на Рэсіна, як правіла, ускладаліся паўнамоцтвы выконвае яго абавязкі.

Напярэдадні Лужкоў, вярнуўшыся з тыднёвага адпачынку, заявіў, што ў адстаўку не зьбіраецца. Мэр ў кулюарах канфэрэнцыі ЮНЭСКА па дашкольным выхаваньні, якая адкрылася напярэдадні ў Маскве, казаў, што пасьля адпачынку прыступае да выкананьня абавязкаў кіраўніка горада з выдатным настроем. У гарадзкой адміністрацыі журналістам паведамлялі, што Лужкоў у кастрычніку зьбіраецца адправіцца ў тры плянавыя замежныя камандзіроўкі -- у Германію, Віетнам і Казахстан.

Нагадаем, што прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у цяперашні час знаходзіцца ў Кітаі з афіцыйным візытам. Раней меркавалася, што рашэньне аб адстаўцы будзе прынята пасьля вяртаньня Мядзьведзева ў Маскву. Як паведаміла ў аўторак журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Натальля Цімакова, Мядзьведзеў не плянуе сустракацца з былым мэрам Масквы.

Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы нагадала, што Лужкоў на тыдзень браў адпачынак, што было узгоднена з адміністрацыяй прэзыдэнта. Па словах Цімаковай, Лужкоў павінен быў "абдумаць, як ён будзе дзейнічаць далей". Паводле Цімаковай, Лужкову быў прапанаваны больш мяккі варыянт датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў. "Сёньня існуе два варыянты зыходу кіраўніка рэгіёну з пасады датэрмінова -- альбо па уласным жаданьні, што выяўляецца ў заяве аб адстаўцы, альбо калі прэзыдэнт прымае такое рашэньне, але ужо з жорсткай фармулёўкай, - стратай даверу», - нагадала Цімакова. У аўторак указ аб зьняцьці Лужкова быў падпісаны прэзыдэнтам, канстатавала прэс-сакратар. "Высновы рабіце самі", - дадала Цімакова.

"Юры Лужкоў зараз просты грамадзянін", - падкрэсьліла Цімакова. На пытаньне, ці будзе былы мэр прадстаўлены да дзяржаўных узнагарод, прэс-сакратар адказала, што "гаворка пра гэта нават не ідзе". Адзначым, што па падобным сцэнарыі ў ліпені 2010 года прэзыдэнт РФ адправіў у адстаўку кіраўніка Башкірыі Муртазу Рахімава. Пры гэтым Мядзьведзеў узнагародзіў яго ордэнам "За заслугі перад Айчынай" I ступені.

Такім чынам, зробленыя напярэдадні заявы Лужкова аб тым, што ён не сыдзе, і камэнтары прэс-службы прэзыдэнта азначаюць, што перамовы з Крамлём аб умовах адстаўкі мэра вяліся і былі спыненыя, таму што бакі не прыйшлі да кампрамісу.

Нагадаем, што Юры Лужкоў займаў пасаду мэра Масквы 18 гадоў -- з 1992 па 2010 год.

Пра тое, якія бізнэс-інтарэсы маюць Лужкоў і ягоная жонка Алена Батурына ў Беларусі, беларуская Свабода пісала тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG