У Горадні пройдуць першыя грамадзкія слуханьні наконт рэстаўрацыі Каложы

Каложа

Сёньня ў Горадні пройдуць першыя Грамадзкія слуханьні наконт рэстаўрацыі Калоскай (Барысаглебскай) царквы. Арганізатары, Таварыства беларускай школы, запрасілі да ўдзелу лепшых спэцыялістаў з усяе Беларусі.

Гарадзенскія ўлады ўжо праводзяць у вобласьці акцыю «Адновім разам Каложу», заведзены рахунак, на які можна пералічваць грошы. Аднак адкрытых грамадзкіх дыскусій у дзяржаўных СМІ пра рэстаўрацыю самага старога помніка архітэктуры Горадні дагэтуль няма.

Неабыякавых гарадзенцаў вельмі турбуе гэтае пытаньне, і менавіта таму Таварыства беларускай школы ладзіць сёньня першыя грамадзкія слуханьні. Асаблівую трывогу ў многіх гарадзенцаў выклікае праект рэстаўрацыі, які прапаноўвае інстытут «Гроднаграмадзянпраект».

Кажа адзін з арганізатараў грамадзкіх слуханьняў Эдвард Дзьмухоўскі:

Дзьмухоўскі: «Той праект, які прапаноўвае ўлада — гэта наватвор з цэглы і блёкаў. Насамрэч, ніхто ня ведае, як выглядала Каложа ў ХІІ ст., а людзі прапаноўваюць тут толькі свае фантазіі».

Асабліва арганізатараў слуханьняў турбуе тое, хто і якім чынам зьбіраецца рэстаўраваць Каложу, паколькі сапраўдных спэцыялістаў ад рэстаўрацыі ў Беларусі папросту няма. Такім чынам спадар Дзьмухоўскі і тлумачыць патрэбу ў як мага больш шырокіх грамадзкіх слуханьнях.

Дзьмухоўскі: «Мы хочам нармальнага дэмакратычнага абмеркаваньня, каб прыслухаліся менавіта да думкі спэцыялістаў і прафэсіяналаў у мастацтвазнаўстве, археалёгіі, думкі тых, хто непасрэдна вывучаў гэты храм. І самае галоўнае, каб усё ж гучала думка прафэсіяналаў, а ня так што нейкія людзі будуць задавальняць свае фантазіі датычна самага каштоўнага помніка гісторыі ў Горадні».

Адзін з удзельнікаў грамадзкіх слуханьняў, доктар гістарычных навук, Алесь Краўцэвіч падкрэсьлівае, што ў Беларусі засталося толькі два такіх унікальных помніка: у Горадні і Полацку. Ён канстатуе, што беларуская рэстаўрацыя ня здольная нешта зь імі зрабіць, а таму прапаноўвае выконваць эўрапэйскі прынцып — закансэрваваць аб’ект далікатна і асьцярожна да лепшых часоў.

Вось ягоныя аргумэнты:
Паглядзіце, цяпер у Лідзе „Дажынкі“, дык у замку замест лесьвіцы ХІV ст. паставілі лесьвічны праём панэльнага дома.


Краўцэвіч: «Я 15 гадоў прапрацаваў у сыстэме рэстаўрацыі, аб’езьдзіў усю краіну, бачыў мноства аб’ектаў, але нідзе ня бачыў рэстаўрацыі. Так, каб маглі выкласьці скляпеньне, аднавіць лесьвіцу… Паглядзіце, цяпер у Лідзе „Дажынкі“, дык у замку замест лесьвіцы ХІV ст. паставілі лесьвічны праём панэльнага дома. Вежу да дажынак, каб Лукашэнку паказаць, за два тыдні зрабілі. Дык гэта што — рэстаўрацыя?»

Таксама я папрасіў падзяліцца думкамі наконт рэстаўрацыі Каложы і некаторых гарадзенцаў, якія зьбіраюцца сёньня паўдзельнічаць у грамадзкіх слуханьнях.

Спадар: «Пакуль гэтага ня могуць рабіць спэцыялісты, нейкія захады з сілікатнай цэглай і блёкамі абсалютна немэтазгодныя і наагул недапушчальныя. Сапсаваць помнік — гэта ня выйсьце…».

Другі спадар: «Тая рэканструкцыя зь сілікатных блёкаў выглядае больш чым недарэчна. Але самае прыкрае, што нашы ўлады, калі надумаліся, будуць рабіць, і яны абсалютна не прыслухоўваюцца да грамадзкай думкі».


Да ўдзелу ў грамадзкіх слуханьнях наконт рэстаўрацыі Калоскай царквы запрошаныя:

  • Лаўрэцкі Генадзь — аўтар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Каложы.
  • Гліньнік Вадзім — навуковы кіраўнік аб’екту «Гістарычны цэнтар г.Полацку».
  • Трусаў Алег — археоляг, кандыдат гістарычных навук, гісторык беларускай архітэктуры, кіраўнік археалягічных раскопак на Каложы ў 1980-х гг.
  • Габрусь Тамара — доктар мастацтвазнаўства, сябра Савету па манумэнтальным мастацтве Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
  • Лаўроўская Ірэна — доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, дасьледніца гісторыі і архітэктуры Берасьця.
  • Трусаў Ігар — гарадзенскі гісторык архітэктуры.
  • Краўцэвіч Алесь — гарадзенскі гісторык і археоляг, доктар гістарычных навук.
  • Чарнатаў Вячаслаў — дацэнт катэдры архітэктурнага факультэта БНТУ.