31 жніўня праз 7 гадоў пасьля пачатку вайны ў Іраку, ЗША спыняюць баявыя дзеяньні ў гэтай краіне. У Іраку застаюцца 50 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў, але яны будуць выконваць ролю інструктараў ірацкага войска і сілаў бясьпекі.
Амэрыканскія войскі ў Іраку: даты і лічбы
Сёньня ў сувязі з вывадам амэрыканскіх войскаў прэм’ер міністар Іраку Нуры Аль Малікі заявіў:
“Сёньня Ірак – сувэрэнны і незалежны, ён сам прымае рашэньні аб сваім сёньняшнім дні і будучыні. Гэты дзень 31 жніўня назаўжды застанецца ў памяці ўсіх іракцаў”.
Кіраўнік ірацкага ўраду падкрэсьліў, што сілы бясьпекі незалежнага Іраку цяпер самі будуць супрацьстаяць усім пагрозам – як унутраным, так і зьнешнім.
Сёньня ўначы прэзыдэнт ЗША Барак Абама афіцыйна абвесьціць пра заканчэньне баявой місіі. Яшчэ летась неўзабаве пасьля інаўгурацыі ён назваў дату яе завяршэньня – 31 жніўня 2010 году. Ужо ў чэрвені амэрыканскія войскі сышлі зь ірацкіх гарадоў, 7 жніўня перадалі адказнасьць за вядзеньне баявых дзеяньняў ірацкім войскам.
У параўнаньні з 2007 годам, калі 170 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў стрымлівалі хвалю гвалту, зараз у Іраку застаецца каля 50 тысяч амэрыканскіх салдат.
Яны будуць навучаць і рыхтаваць ірацкіх вайскоўцаў. Місія гэтых сілаў называецца “Новы сьвітанак”. Праўда, агаворана, што ў выпадку пільнай патрэбы амэрыканцы могуць забясьпечыць ірацкім войскам і баявую падтрымку з паветра, але толькі на прамую просьбу ўраду Іраку.
Поўны вывад амэрыканскіх вайскоўцаў зь Іраку плянуецца завяршыць у наступным годзе. Учора ў Ірак з незаплянаваным візытам прыляцеў віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Гэты візыт – знак таго, што Амэрыка не пакіне Ірак зь яго бедамі сам на сам.
Многія перасьцерагаюцца, што ірацкія войскі самастойна ня здолеюць супрацьстаяць новай хвалі гвалту, якая можа пачацца пасьля сыходу амэрыканцаў. Сытуацыя ўскладняецца палітычным патам у ірацкай уладзе. Выбары 7 сакавіка ня выявілі яўнага пераможцы, для фармаваньня паўнавартаснай улады патрэбная згода, дамоўленасьць унутры палітычнай эліты, якой няма. У выніку ўраду, які перасіджвае свой тэрмін, бракуе легітымнасьці.
Адной з мэтаў візыту Байдэна было дапамагчы ірацкім палітыкам вывесьці сытуацыю з тупіку. Амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт сёньня сустрэўся з прэзыдэнтам Іраку Джалялям Талябані, прэм’ер-міністрам Нуры Аль-Малікі і былым прэм’ерам Аядам Аліўі, чыя партыя на сакавіцкіх выбарах набрала адносную большасьць галасоў.
Многія ірацкія палітыкі падкрэсьліваюць, што праблемы бясьпекі наўпрост зьвязаныя з палітычнай стабільнасьцю і выказваюць надзею, што вывад амэрыканскіх войскаў надасьць ірацкім лідэрам адказнасьці за лёс краіны і прымусіць іх дамовіцца.