На тле найбольшых за 9-гадовую прысутнасьць у Іраку стратаў у жывой сіле, ЗША пачынаюць выводзіць свае войскі з гэтай краіны.
Ня гледзячы на досыць складаную палітычную і эканамічную сытуацыю ўнутры дзяржавы, новыя ірацкія ўлады спрабуюць наладзіць сувязі са зьнешнім сьветам, страчаныя за часамі зрынутага дыктатара Садама Хусэйна.
Сёлета ў чэрвені Аляксандар Лукашэнка прыняў даверныя граматы ад амбасадара Іраку ў Беларусі Хайдара Мансура Хадзі Авіса. Некалькі гадоў праца ірацкага дыппрадстаўніцтва была фактычна "замарожаная". Пасьля ўвядзеньня войскаў ЗША ў Ірак у 2003 годзе ад'ехаў на радзіму прызначаны яшчэ Садамам Хусэйнам тагачасны амбасадар Сальман Зэйдан, зь іншага — зацягнутая фаза ваенных дзеяньняў не спрыяла хуткаму аднаўленьню міжнародных кантактаў.
Дарэчы, праца беларускай амбасады, якая была адкрытая ў Багдадзе ў верасьні 2000-га і прыпыніла свае функцыі ўвесну 2003-га, так і не адноўленая.
Да пачатку вайны ў Іраку беларускае кіраўніцтва мела досыць шчыльныя сувязі з рэжымам Хусэйна. Праўда, гэтыя стасункі ў бальшыні сваёй мелі скандальнае адценьне, паколькі суправаджаліся зьвесткамі пра гандаль зброяй, адмываньне грошай з удзелам беларускіх банкаў і г.д. Міжнародная супольнасьць неаднаразова вінаваціла беларускія ўлады ў парушэньні санкцый ААН датычна Іраку і махінацыях у рамках праграмы "Нафта ў абмен на харчаваньне".
У 2005 годзе быў апублікаваны даклад незалежнай камісіі, якая расьсьледавала "шэрыя схемы" ў супрацоўніцтве з урадам Садама Хусэйна. Беларускі сьлед у дакумэнце больш чым адметны. Так, трапіла ў гісторыю кампанія "Белмэталэнэрга", якая ў абыход санкцый заключыла больш за 70 кантрактаў на суму ў 250 мільёнаў даляраў. Гарантам па фінансавых зьдзелках выступаў беларускі "Інфабанк", які ЗША наўпрост абвінавачваў у адмываньні грошай ірацкага рэжыму. Зрэшты, міжнародныя прэтэнзіі асабліва не паўплывалі на дзейнасьць фінансавай установы, якая працуе дагэтуль, але пад іншай назвай — "Трастбанк".
Гэтаксама ў дакладзе згадваліся кампаніі "Лада-ОМС", "Белфарм" і нават цэлая Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі. Яе нязьменны лідэр Сяргей Гайдукевіч яшчэ за савецкім часам служыў у Іраку і, як высьветлілася, працягваў падтрымліваць плённыя сувязі з іракскімі ўрадоўцамі на асабістым узроўні. Пэрсанальна згадваўся і цяперашні кіраўнік афіцыйнай Беларускай фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, які лабіраваў ірацкія кантракты для канцэрну "Белнафтахім".
Цяпер кіраўніцтва Беларусі заклікае забыцца пра старое і пачаць выбудоўваць новыя адносіны. Аляксандар Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з ірацкім амбасадарам Хайдарам Мансурам Хадзі Авісам заявіў, што Беларусь гатовая ўзяць актыўны ўдзел у аднаўленьні і будаўніцтве інфраструктуры, жылых дамоў і прамысловых аб'ектаў. Гэтаксама ён выказаў упэўненасьць, што будуць запатрабаваныя ў Іраку беларуская тэхніка і тавары шырокага ўжытку. Зразумела, што мае свой інтарэс Беларусь і да нафтагазавай сфэры Іраку — Менск прапануе Багдаду свае паслугі на аднаўленьне зьнішчаных радовішчаў нафты ў абмен на сыравіну. Праўда, нейкіх сустрэчных прапановаў беларускі бок пакуль што так і не атрымаў.
На гэты момант тавараабарот паміж двума краінамі складае блізу 5 мільёнаў даляраў. Імпарт з Іраку адсутнічае, уся сума прападае на беларускі экспарт — невялікія партыі трактароў, запчасткі да аўтатрактарных агрэгатаў, мэталюргічная прадукцыя, сухое малако.
У беларускіх ВНУ навучаюцца блізу 200 ірацкіх студэнтаў.