Не, адразу скажу, што сьвечку пры перадачы тых грошай не трымаў і расьпіскі чарнілам ці крывёй на адпаведных каштарысах ня бачыў. Так, маю некалькі меркаваньняў і небясплённых, на мой погляд, аналёгіяў.
Тэма гэтая цяпер, мабыць, самая папулярная. Колькі шуму ў свой час нарабіла публікацыя ў Newsweek з сэнсацыйнага паведамленьня, што стаўка Масквы на беларускіх выбарах – Андрэй Саньнікаў. Сам спадар Саньнікаў загадкава курыў сваю трубку, не пацьвярджючы, але і не абвяргаючы сэнсацыю, што ў вачах некаторых рабіла яе яшчэ больш праўдападобнай.
Іншым атрымальнікам незьлічоных маскоўскіх мільёнаў і адпаведна крамлёўскай крэатурай пагалоска ахрысьціла лідэра кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімера Някляева. Вось ужо і замежныя экспэрты яе падхопліваюць: амэрыканскі адмысловец Пол Гоўбл адзначае :“Хто можа быць прарасейскім кандыдатам – дагэтуль невядома. Многія ў Менску выказваюць меркаваньне, што ім стане Ўладзімер Някляеў” , паводле славацкага дасьледніка Балаша Ярабіка “накіраваная супраць Лукашэнкі кампанія «Гавары праўду», распачатая ў лютым гэтага году, па сутнасьці — «мяккі» расейскі праект”.
Гіпотэзы, ацэнкі, а то і спасылкі на менскія чуткі ў тэкстах замежнікаў вяртаюцца ў Менск (і ў Маскву, дарэчы) ужо як ісьціна ў апошняй інстанцыі – ну дзе ж яшчэ, як не на Захадзе, дакладна ведаюць, што там сабе думаюць Пуцін з Мядзьведзевым?
“Крэатуры Масквы” як мэдыйны эфэкт
Змаганьне з “крэатурамі Масквы”, распачатае некаторымі выданьнямі і палітычнымі партыямі (гл. Апошнюю заяву ПБНФ), насамрэч толькі актуалізуе самую ідэю маскоўскіх ставак – ну ня могуць жа такія сур'ёзныя і паважаныя людзі гэтак пераймацца на пустым месцы.
Можа і сапраўды месца не пустое, пра сьвечку сказана вышэй. Але ўявім на імгненьне, што пустое. І як можна абвергнуць меркаваньне, якое стала ўжо даволі ўстойлівым? Масква яго абвергне? Ну, па-першае, неяк не да твару, па-другое, абвяргала ўжо пэўны час таму вуснамі свайго пасла Сурыкава.
Ну і што, прыпыніла гэта распаўсюд і ўмацаваньне меркаваньня? Ні на ёту. Для тых, хто паверыў у пагалоску, любыя маскоўскія абвяржэньні – бізантыйскія хітрыкі, якія хаваюць іх шматхадовыя інтрыгі.
Іншымі словамі, навідавоку мэдыйны эфэкт, некалькі пісьменна зробленых інфармацыйных ін’екцыяў, вынік якіх жыве сваім жыцьцём, і любыя спробы прыпыніць яго распаўсюд толькі спрыяюць яму.
І каму гэта патрэбна? І навошта гэта? А вось на гэта – абяцаная аналёгія.
Сэрбія-2000 – Беларусь-2010
Чаму Захад у 2000 годзе паставіў у Сэрбіі на Воіслава Каштуніцу? Хіба не было ў сэрбскай апазыцыі палітыкаў, пагляды якіх былі значна бліжэйшымі да стандарту заходніх каштоўнасьцяў? Былі. З усёй дэмакратычнай апазыцыі погляды сп. Каштуніцы былі ад гэтага стандарту як раз ці не найбольш далёкія. Чаго вартая адна з тэзаў яго перадвыбарчай кампаніі, што “на шыі сэрбскага народу дзьве пятлі – Мілошавіч і НАТА”. Дарэчы, яго сэрбскі нацыяналізм быў даўнім і шчырым - яшчэ ў 1974 годзе малады асьпірант Бялградзкага ўнівэрсытэту Воіслаў Каштуніца быў звольнены з працы за публічны пратэст супраць наданьня Косаву статусу аўтаноміі.
Але заходнія палітыкі і аналітыкі прыйшлі да высновы, што ва ўмовах Югаславіі 2000 году (а ня ў тых, якія хацелася б мець) з сэрбскім народам, які існаваў на той момант (а ня з тым, які хацелася б бачыць) менавіта і толькі такі палітык, як Каштуніца, можа дамагчыся таго, чаго хацелі і іншыя сэрбскія дэмакраты, і Захад. А паставілі б на апазыцыянэра, погляды якога бездакорна супадалі з заходнім дэмакратычным катэхізісам – можа, ён бы і дагэтуль той катэхізіс у апазыцыі паўтараў, а краінай і дагэтуль кіраваў бы Мілошавіч.
А нацыяналіст Каштуніца здолеў перамагчы нацыяналіста Мілошавіча. Пры заходняй падтрымцы, між іншым. Якой, у якіх формах, ну я і там сьвечку не трымаў – кажуць, пры нейкай.
Аналёгія на першы погляд складаная. Сэрбскі нацыяналізм непадобны на беларускую прарасейскасьць, Сэрбія 2000 – не Беларусь 2010 і г.д. Справа ў іншым: у тым, што амаль 10 гадоў таму Захад зрабіў стаўку на палітыка, чые погляды былі далёкімі ад тых, якія панавалі ў Вашынгтоне і Брусэлі, але які мог зьмяніць сытуацыю ў сваёй краіне. Зьмяніць на стан, які ў названых сталіцах лічылі лепшым, чым той, што ёсьць. Што значыць мог? А тое і значыць – у самым простым разуменьні дэмакратыі: які мог спадабацца не тусоўцы бялградзкіх лібэралаў, а мільёнам сэрбаў.
Каму што патрэбна?
Аўтары, якія цяпер у Беларусі выкрываюць крэатуры Крамля, завяршаюць свае аналізы і публіцыстыку высновай – такія кандыдаты нам непатрэбныя. А беларускаму народу? Можа нехта палічыў (ці пралічыў), што менавіта такія і патрэбныя, і часткова менавіта таму, што яны непатрэбныя шаноўным калегам, якія пра гэта пішуць. І палічыў (пралічыў) зусім насамрэч не ў Маскве, а ў тых самых Вашынгтоне і Брусэлі. Пры гэтым можна ж ня толькі знайсьці чалавека з належнымі якасьцямі, гэтыя якасьці можна яму і надаць. Іміджы ў прынцыпе канструююцца.
Дык Масква ж зразумее, у якой якасьці яе выкарыстоўваюць. Так, і што зробіць? Абвергне? Ну і калі ласка, кола пагалоскі пакоціцца яшчэ шпарчэй. Ды й чаго Маскве пераймацца – ёй гэтая гульня пакуль не на шкоду, плаціць жа насамрэч зусім не яна.
Ну і выкрывальнікам “рукі Масквы”, і шукальнікам расейскіх грошай у гэтым пляне адведзенае належнае і пачэснае месца – яны абсалютна шчыра ствараюць эфэкт прысутнасьці гэтай “рукі”, прычым менавіта ў той форме, у якой гэта патрэбна сцэнарыстам.