Газавая вайна: Беларусь заплаціла “Газпрому”, патрабуе грошы за транзыт

23 чэрвеня «Газпром» давёў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь да 60% ад плянавых аб’ёмаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік газавага холдынгу Аляксей Мілер пасьля пасяджэньня апэратыўнага штабу па сытуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь. Ён паведаміў, што сёньня а 9 гадзіне раніцы пастаўкі скарочаныя адразу яшчэ на 30%.

22.00 Для падачы газу ў Калінінград падрыхтаваны альтэрнатыўны газаправод

Альтэрнатыўны газаправод праз Латвію і Літву прыведзены ў нарматыўны стан і падрыхтаваны для падачы газу ў Калінінградзкую вобласьць Расеі, паведаміў "РИА Новости" прадстаўнік абласнога міністэрства разьвіцьця інфраструктуры.

Па словах крыніцы, Калінінградзкая вобласьць атрымлівае газ у неабходных аб'ёмах.


21.00 Грыбаўскайце: Энергетычныя спрэчкі непакоіць Эўразьвяз


«Спрэчкі, якія паўтараюцца, асабліва ў энергетыцы, паміж краінамі, асабліва паміж Расеяй і іншымі краінамі, павінны выклікаць занепакоенасць ва ўсёй Эўропы. Гаворка ідзе пра бясьпеку паставак газу і іншых энерганосьбітаў у Эўропе, каб гэта было забясьпечана, асабліва дзяржавам ЭЗ. Гэта агульная справа», — заявіла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

18.57 Літва можа скараціць пастаўкі газу ў Калінінград

Літоўская кампанія па транспартаваньні і пастаўках газу Lietuvos dujos, калі будзе бракаваць газу, які пастаўляецца з Расеі, скароціць транзыт у Калінінградзкую вобласьць Расеі.

«Калі газу будзе недастаткова, каб забясьпечыць сваіх спажыўцоў, прыйдзецца, перш за ўсё, скараціць (пастаўкі — BNS) ў Калінінград, прапарцыйна недаатрыманай колькасьці», — заявіў гендырэктар Lietuvos dujos Віктарас Валянтукявічус.

Ён удакладніў, што Літва і Калінінградзкая вобласьць прыкладна пароўну спажываюць каля 6 мільёнаў кубамэтраў газу на суткі.

Латвійская кампанія Latvijas gаze гатовая пастаўляць газ Літве, паведаміў BNS прэсавы сакратар кампаніі Вінсэнт Макарыс.

Latvijas gаze займаецца набыцьцём, транспартаваньнем, захоўваньнем і разьмеркаваньнем газу. Найбуйнейшыя саўладальнікі прадпрыемства — нямецкі E. ON Ruhrgas, расейскі «Гaзпрoм» і Itera Latvija.

Прапускная здольнасьць злучэньня з Латвіяй складае прыкладна 5 мільёнаў кубамэтраў на суткі, адзначае Інтэрфакс.

18.18 «Газпром» пацьвердзіць, што доўг Беларусі пагашаны толькі пасьля таго, як атрымае грошы. Пра гэта заявіў прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў. «Грошай на рахунку няма», — канстатаваў ён

17.45 Сямашка: Беларусь цалкам пагасіла доўг перад «Газпромам»

Беларусь 23 чэрвеня пералічыла «Газпрому» 187 мільёнаў даляраў і цалкам пагасіла доўг за пастаўкі газу, паведаміў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка.

«Мы пазычылі 200 мільёнаў і сёньня ў 16:00 пералічылі «Газпрому» 187 мільёнаў даляраў у лік пагашэньня доўгу», — паведаміў Сямашка.

17.40 Беларусь чакае ад «Газпрому» 260 мільёнаў даляраў за транзыт газу да 10:00 24 чэрвеня, інакш транзыт будзе спынены, заявіў намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Сямашка.

«Зараз мы маем абсалютнае права патрабаваць ад «Газпрому» пагашэньня доўгу за транзыт газу на суму 260 мільёнаў даляраў да 10:00 24 чэрвеня», — адзначыў Сямашка.

«Калі гэтага ня будзе зроблена, мы будзем вымушаныя спыніць транзыт вуглевадародаў», — дадаў ён.

Сямашка патлумачыў, што сума ў 260 мільёнаў даляраў — гэта доўг «Газпрому» за транзыт зь лістапада 2009-га.

Ён сьцьвярджае, што «Газпром» не заплаціў «ні аднаго цэнта ў лістападзе-сьнежні і цягам пяці месяцаў гэтага года».

Паводле зьвестак Сямашкі, «Газпром» хоча плаціць сёлета паводле стаўкі $1,45 за 1 тысячу кубамэтраў за 100 кілямэтраў. «Мы такой сплаты прыняць ня можам», — заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі.

Сямашка таксама падкрэсьліў, што «зь лістападу 2009 года» Газпром «перастаў прымаць акты зьверкі — колькі склаў транзыт, паводле якога тарыфу».

Паводле ягоных слоў, «у гэты пэрыяд дзейнічала стаўка тарыфу $ 1,74. «Газпром» прыдумаў сабе стаўку на ўзроўні $ 1,45».

17.00 У Літве заяўляюць пра скарачэньні паставак расейскага газу на 40%

На 16.00 беларускага часу аб’ёмы паставак газу Літве і Калінінградзкай вобласьці Расеі скарочаныя на 40%, паведаміў генэральны дырэктар кампаніі Lietuvos dujos Віктарас Валянтукявічус.

Ён кажа, што да апоўдні адхіленьняў ад нормаў паставак не было. Аднак пазьней пачаліся «анамаліі» і аб’ёмы газу сталі скарачацца.

Валянтукявічус паведаміў, што цяпер Літва выкарыстоўвае газ, які знаходзіцца ў трубаправодах на тэрыторыі краіны. «Злучэньне з Латвіяй пакуль не выкарыстоўваецца», — удакладніў ён.

Валянтукявічус дадаў, што пасьля паўночы магчымыя пастаўкі газу з Латвіі.

16.50 Левачкін: Кіеў не спрабуе зарабіць на газавай вайне

Украіна ня ставіць мэту дамагчыся якіх-небудзь эканамічных перавагаў, выкарыстоўваючы газавы канфлікт паміж Расеяй і Беларусьсю.

«Мы ня лічым сваёй мэтай выйграць за кошт канфлікту нашых сяброў і суседзяў», — заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Левачкін.

Ён падкрэсьліў, што Ўкраіна не зьяўляецца канкурэнтам Беларусі ў пытаньнях паставак газу ў Эўропу.



15.56 Польшча атрымлівае ўвесь расейскі газ

«Пастаўкі прыроднага газу на польска-беларускай мяжы ажыцьцяўляюцца па звычайнай схеме ў аб’ёмах, прадугледжаных кантрактамі», — заявіла прэсавая сакратарка польскага нафтагазавага прадпрыемства PGNiG Яанна Закшэўска.

«У выпадку, калі аб’ём паставак празь Беларусь зменіцца, PGNiG паведаміць пра гэта дадаткова», — перадае БелаПАН словы Закшэўскай.

15:52 «Газавыя войны»

15.36 Цэмэнтавы завод рыхтуецца да плянавага спыненьня

15.32 Брусэль: Сямашка ня даў яснага адказу

15.26
Што ж там «намуцілі» з газам?

15.10 Пастаўкі газу Літве празь Беларусь скарочаныя прыкладна на 30%.

Пра гэта паведаміў гендырэктар літоўскага прадпрыемства па транспартаваньні і пастаўках газу Lietuvos dujos Віктарас Валянтукявічус у інтэрвію Літоўскаму радыё.

Ён адзначыў, што афіцыйнага паведамленьня зь Беларусі пра скарачэньне аб’ёмаў паставак Lietuvos dujos пакуль не атрымлівала. Аднак ёсьць вуснае пацьвярджэньне зь беларускай газавай кампаніі.

Паводле Валянтукявічуса, пры ўзьнікненьні перабояў з пастаўкамі расейскі газ пойдзе ў Літву праз Латвію.


14.38 А. Фядута: «Газавая вайна — гэта харакіры беларускай улады»

Аляксандар Фядута
"Газавая вайна — гэта нешта падобнае да харакіры, якое беларуская ўлада робіць сама сабе. Зразумела, што гэты газ ня будзе танным, зразумела, што ў Расеі нельга выйграць, бо яна ўласьніца гэтага рэсурсу. Нам неабходна зараз зрабіць усё мажлівае, каб захаваць газавы транзыт празь Беларусь. Тое, што заявіла Ўкраіна, што яна гатовая прыняць на сябе большую частку газавага транзыту, — гэта разумныя і слушныя словы кіраўнікоў Украіны, бо яны думаюць пра свой народ і краіну. А ў нас гэта будзе мець катастрафічныя наступствы, калі гэтая вайна працягнецца«.


13.50 М. Залескі: «Завершыцца ўсё, як расейцы хочуць»

Міхась Залескі
Чарговую газавую вайну паміж Расеяй і Беларусьсю камэнтуе эканаміст Міхась Залескі:

«Гэта ведалі ўсе: рана ці позна Беларусі давядзецца плаціць усясьветныя цэны за газ. Аднак ня ўсе рабілі нейкія захады, каб падрыхтавацца да гэтага „шчасьлівага“ моманту. І таму пануе такая гістэрыка. Лукашэнка заўжды казаў, што ён прадстаўнік адзінага народу. Вось зь ім як з адным народам і абыходзяцца, як са сваім. І завершыцца гэта ўсё ня так, як мы хочам, а як расейцы хочуць».


13.35 Л. Злотнікаў: «Гэта параза. Беларусь больш ня зможа ставіць умоваў Расеі»

Леанід Злотнікаў
Чарговую газавую вайну паміж Расеяй і Беларусьсю камэнтуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Гэта параза. Беларусь больш ня зможа ставіць свае ўмовы Расеі ў многіх галінах нашых адносін. Ня будзе больш таннага газу. Магчыма, што і газ зараз стане з мытам, а таксама астатняя частка нафты. А калі Беларусь застанецца па-за межамі Мытнага саюзу, то можа такое здарыцца, што зьявяцца цяжкасьці з пастаўкамі нашай прадукцыі ў Расею — таксама з-за мыта».

13.27 Беларусь шукае газавую альтэрнатыву ў Літве

13.25. П. Садоўскі: «У «Газпрому» будуць праблемы з рэалізацыяй газу

Пятро Садоўскі
Чарговую газавую вайну паміж Расеяй і Беларусьсю камэнтуе дыплямат Пётра Садоўскі:

«У нас тры цэмэнтавыя заводы, у нас „Азот“ у Горадні — гэта ж монстры ў пляне спажываньня газу. Азот — там жа капраляктам — экспартная пазыцыя ў эканоміцы. Калі скароціцца вытворчасьць цэмэнту, то зьявяцца праблемы ў будаўніцтве і гэтак далей. І гэта тычыцца толькі двух прыкладаў — цэмэнту і азоту. Што робіць Эўропа ў такой сытуацыі: набывае звадкаваны газ у пэўных ёмістасьцях у Саудаўскай Арабіі і вязе з Катару. Нарвэгія абавязалася павялічыць пастаўкі. Нямеччына ўвогуле абмежавала запыты на газ адсоткаў на дзесяць. У „Газпрому“ будуць праблемы з рэалізацыяй газу. Таму я ня думаю, што ў Эўропе ўсё будзе гэтак жа адназначна».


13.07 Расейска-беларускі газавы канфлікт не адбіўся на Польшчы

13.00 Нямецкі міністар: «Масква і Менск мусяць памятаць пра свае абавязаньні»

12.54 А. Саньнікаў: «Мы сапраўды апынуліся ў стане вайны паміж суседзямі»

Андрэй Саньнікаў
Чарговую газавую вайну паміж Расеяй і Беларусьсю камэнтуе палітык Андрэй Саньнікаў:

«Пасьля 14 гадоў будаваньня так званай саюзнай дзяржавы мы сапраўды апынуліся ў стане вайны паміж суседзямі: Расеяй і Беларусьсю. І гэта ўсё зьвязана выключна з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Бо тыя марныя спробы знаходзіць не эканамічныя шляхі вырашэньня праблемы, а палітычныя ці ідэалягічныя — яны ўжо зараз прыводзяць да вельмі адмоўных наступстваў для беларускай эканомікі. Расея паводзіць сябе жорстка — так, але ж гэтая палітыка была абвешчаная Расеяй ня сёньня. Гэтая палітыка была абвешчаная два ці тры гады таму. І трэба было рыхтавацца, трэба было дывэрсыфікаваць крыніцы энэрганосьбітаў, дамаўляцца з суседзямі, дамаўляцца з эўрапейцамі, шукаць новыя тэхналёгіі — і гэта можна было зрабіць. А зараз кожнага разу, калі адбываюцца гэтыя канфлікты, мы бачым, што яны ўсё больш і больш жорстка праходзяць, і гэта адмоўна ўплывае на нашу эканоміку і адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй».


12.45 Р.Васілевіч сочыць за газавай вайной

«Мы сочым за гэтым канфліктам, уважліва сочым і разьлічваем, што гэта спрэчка будзе пасьпяхова вырашана», — заявіў журналістам генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, перадае Інтэрфакс.


12.18 «Гродна Азот» можа спыніцца

10.24 «Укртрансгаз» пакуль не падключыўся да газавай вайны

09.30 Транзыт газу праз Беларусь ідзе ў поўным аб’ёме і праблемаў у спажыўцоў у Эўропе няма. Пра гэта паведаміў кіраўнік «Газпрому» А.Мілер, перадае РІА «Новости».

21 чэрвеня «Газпром» скараціў пастаўкі газу ў Беларусмь на 15%, а 22 чэрвеня яшчэ на 15%.

У адказ 22 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў спыніць транзыт расейскага газу праз Беларусь у Эўропу.

«Газпром» абяцае давесьці абмежаваньне паставак газу ў Беларусь да 85%.

«Газпром» тлумачыць свае дзеяньні тым, што афіцыйны Менск не заплаціў доўг амаль у 200 мільёнаў даляраў за пастаўлены сёлета газ. А.Лукашэнка заявіў, што спыненьне транзыту працягнецца да таго часу, пакуль «Газпром» не заплаціць доўг за транзыт газу.


Газавая вайна: Беларусь пачала адбор транзытнага газу

Чарговая газавая вайна