Прэзэнтацыя кнігі пад назвай «Грунвальд. 15 ліпеня 1410 году», напісанай Анатолем Тарасам на расейскай мове, прайшла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Як высьветлілася, перамогу пад Грунвальдам войскі ВКЛ заваявалі дзякуючы нямецкаму здрадніку.
Гісторык Анатоль Тарас на 160 старонках сваёй кнігі дэталёва вывучае падрабязнасьці бітвы і палітычны аспэкт гэтай важнай для ўсёй гісторыі Ўсходняй Эўропы падзеі.
Тарас: «Не было б Грунвальду — мы б зараз з вамі размаўлялі на добрай нямецкай мове. І нашая правінцыя называлася б „Вайсрутэнія“, а можа быць і неяк па-іншаму — больш мудрагеліста».
Аўтар, працуючы над кнігай, у асноўным карыстаўся польскімі крыніцамі, робячы, аднак, папраўку на адмысловае польскае бачаньне гісторыі. Анатоль Тарас расказвае, што перамогу пад Грунвальдам беларуска-польскія войскі здабылі ў многім дзякуючы нямецкаму здрадніку.
Тарас: «Здрады так проста не бывае — відаць, чалавеку някепска заплацілі.
Не было б Грунвальду — мы б зараз з вамі размаўлялі на добрай нямецкай мове.
Анатоль Тарас лічыць, што беларусаў трэба выхоўваць пазытыўнымі прыкладамі з гісторыі. Падчас прэзэнтацыі кнігі «Грунвальд» дасьледчык сказаў, што плянуе дэталёва вывучыць іншыя слаўныя для беларусаў бітвы — пад Воршай, Клецкам ды Кірхгольмам — а таксама пачаць пісаць па-беларуску.
600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы адзначаюцца сёлета. У 1410 годзе аб’яднанае войска Вялікага княства Літоўскага і Польскай Кароны разьбіла армію Тэўтонскага ордэну, фактычна спыніўшы на некалькі стагодзьдзяў нямецкую агрэсію на ўсход.