Беларускія аўтааматары працягваюць пратэставаць супраць высокіх коштаў на паліва і плянуюць зладзіць у пятніцу 4 чэрвеня масавую акцыю. Мяркуецца, што каля сотні аўтамабіляў а 18:00 арганізавана заедуць на адну з заправак «Белнафтахіму» ў сваім горадзе і будуць запраўляць кожны па 2 літры паліва.
Менскія аўтааматары плянуюць, што ў масавай акцыі 4 чэрвеня возьмуць удзел больш як сто аўтамабіляў. Збор прызначаны на гарадзенскай трасе адразу за менскай кальцавой а 18:00, пасьля чаго аўто накіруюцца на АЗС «Белнафтахіму», якая месьціцца на ўезьдзе ў горад, і будуць запраўляць кожны па 2 літры бэнзіну. На пэўны час на АЗС узьнікне вялікая чарга. Гэтай акцыяй аўтааматары хочуць прыцягнуць большую ўвагу да праблемы дарагога паліва і сваіх патрабаваньняў, асноўнае зь якіх — атрымаць ад канцэрну «Белнафтахім» шчыры адказ наконт рэальнай прычыны шматразовых падаражэньняў бэнзіну. Арганізатары загадзя інфармуюць пра акцыю, каб не пацярпелі аўтамабілісты, якія ў ёй ня ўдзельнічаюць. А тых аўтааматараў, якія будуць браць удзел у акцыі 4 чэрвеня, арганізатары заклікаюць не парушаць правілы дарожнага руху, а таксама быць гатовымі да праверак супрацоўнікамі ДАІ — то бок мець у аўтамабілі аптэчку, вогнетушыцель, знак аварыйнага прыпынку.
Арганізатары грамадзянскай кампаніі «Стоп-бэнзін. Мы — ня дойныя каровы!» заклікаюць аўтааматараў у іншых гарадах гуртавацца ў групы ды праводзіць падобныя флэш-мобы на запраўках, якія належаць канцэрну «Белнафтахім», масава набываючы ня болей за 2 літры паліва.
Мы зьвязаліся з Аляксандрам, каардынатарам акцыі «Стоп-бэнзін» у Баранавічах:
«У Баранавічах падключыліся два мясцовыя аўтаклюбы, яны будуць браць актыўны ўдзел у заўтрашняй акцыі. Плюс аўтааматары зь ліку нашай мясцовай моладзі. Акцыю мы праводзім сумесна з усёй рэспублікай заўтра а 18:00. Пакуль у нас прагназуецца каля 40 аўтамабіляў, колькі зь іх прыедзе — даведаемся толькі заўтра».
Што думаюць пра акцыю «Стоп-бэнзін. Мы — ня дойныя каровы!» у дзяржаўным канцэрне «Белнафтахім»? Ці зьвяртаюць нейкую ўвагу на акцыю? Гэтыя пытаньні мы задалі прэс-сакратару канцэрну «Белнафтахім» Марыне Касьцючэнцы:
Касьцючэнка: «Камэнтаваць ніякія акцыі мы ня будзем».
Мы пацікавіліся, калі ж чакаецца наступнае падаражэньне паліва?
Касьцючэнка: «Мы адсочваем працэс узроўню коштаў на сусьветных рынках, безумоўна, сацыяльную сытуацыю ў краіне. Калі будзе прынятае такое рашэньне, мы заўсёды разьмяшчаем інфармацыю на нашым сайце. Заўчасна весьці нейкія размовы я лічу немэтазгодным».
На разьвітаньне мы спыталіся, ці будуць удзельнічаць прадстаўнікі «Белнафтахіму» ў круглым стале па тэме «Нафтанка, паліва і кошты», які 15 чэрвеня плянуе зладзіць у Менску грамадзкая арганізацыя «За Аўто».
Касьцючэнка: «Такое запрашэньне нам не паступала».