1 чэрвеня, у першы дзень акцыі «Стоп-бэнзін», каардынатары пратэстаў супраць павышэньня коштаў паліва перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта калектыўны зварот з патрабаваньнямі пераглядзець парадак фармаваньня адпускных коштаў канцэрну «Белнафтахім» на нафтапрадукты і пазбавіць «Белнафтахім» выключнага права на натуральную манаполію, апэлюючы да закону «Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі».
Адказ на гэты запыт актывістам паабяцалі даць цягам месяца. Тым часам мы захацелі высьветліць: наколькі масавай атрымліваецца акцыя «Стоп-бэнзін» і ці ведаюць пра яе простыя аўтамабілісты?
Алесь, працуе ў фірме па продажы кампутараў, езьдзіць на «Мазьдзе CX-7», пра акцыю чуў: «Акцыя — гэта, канечне, добра. Трэба паказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Але мне здаецца, што ў дадзеным выпадку яна ня будзе мець нейкага станоўчага выніку. Але ўсё роўна паспрабую не запраўляцца 4-га чэрвеня».
Зьміцер Навіцкі, рэдактар аўтамабільнага сайту Domkrat.by, езьдзіць на «Фальксвагене-Гольф 3», пра акцыю чуў, але ня ўдзельнічае: «Тое, што акцыя адбываецца, — гэта вельмі добра. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нашым грамадзтве паціху абуджаецца момант супрацьстаяньня. У нас гэтага не хапае — такіх вось праяваў грамадзкай актыўнасьці. Маё стаўленьне да акцыі пазытыўнае, але я ня ўдзельнічаю».
Сяргей Вераб’ёў, займаецца продажам тэхнікі, езьдзіць на «Пэжо 406», пра акцыю нічога ня чуў, але з падаражэньнем паліва вынайшаў свой спосаб эканоміі: «Я перайшоў на 95-ы бэнзін. Машына на ім езьдзіць эканамічней, чым на 92-м. Зараз 92-гі стаў поўнае г… іншых слоў нават няма, а 95-ы — больш-менш. І на ім у мяне машына зьядае меней паліва… Я рэальна эканомію адчуў. Тут такі парадаксальны момант: усё паднялася, а езьдзіць стаў на 95-м».
Калі ўрад мае дзіркі ў бюджэце, то праблема павінна вырашацца не за кошт бэнзіну, гэта адназначна.
Юля, праграміст у прыватнай фірме, езьдзіць на «Мазьдзе 2», пра акцыю чула, але ня ўдзельнічае: «Пра акцыю „Стоп-бэнзін“ я чула, але ня ўдзельнічаю. Таму што якой бы цана на бэнзін ні была — езьдзіць усё адно трэба».
Тым часам грамадзкае аб’яднаньне «За Аўто» ініцыявала арганізацыю 15-га чэрвеня ў Менску круглага стала па тэме «Нафтанка, паліва і кошты». Да ўдзелу плянуюць запрасіць чыноўнікаў, прадстаўнікоў канцэрну «Белнафтахім», кіраўнікоў і ўладальнікаў заправачных станцыяў, удзельнікаў кампаніі «Стоп-бэнзін», прадстаўнікоў аб’яднаньняў аўтааматараў, прадпрымальнікаў і аўтаперавозчыкаў.