Вольга Някляева: адчуваю вялікую падтрымку

Госьця Начной Свабоды – Вольга Някляева, жонка лідэра грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімера Някляева.


Соўсь: Што на дадзены момант вядома пра ягоны стан здароўя?

Някляева: Два дні ён жыў на адных бутэрбродах, напэўна. І тое, еў толькі адзін раз, калі я перадала. Вада. І гэта ўсё. Пры тым, што ў яго ёсьць праблемы з падстраўнікавай залозай. І я ведаю праз адваката, што ён скардзіўся, што гэта турбуе яго.

Я пакінула яму лекі, і неабходныя лекі ў яго былі, бо гэтыя два дні я за гэта змагалася, стаяла там і не адыходзіла, пакуль яны ў мяне лекі не ўзялі.

Соўсь: Ці адчуваеце вы цяпер падтрымку сяброў, знаёмых, незнаёмых раней вам людзей? Для вас важная вось такая салідарнасьць?

Някляева: Адчуваю вялікую падтрымку. Мой тэлефон проста разрываецца з раніцы да вечара. Амаль кожную хвіліну тэлефануюць, перадаюць, калі я змагу, прывітаньні Валодзю, падтрымку. Дзякуй усім вялікі. Паколькі ў нас сканфіскавалі нашыя ноўтбукі, я не магла заходзіць у інтэрнэт, гладзець, што пішуць людзі. Мне таксама пераказвалі, што падтрымка ня толькі ў нашай краіне, але й паўсюль.

Соўсь: Вы разам зь ім працавалі яшчэ ў часопісе “Крыніца”, як на вашае ўражаньне якія асноўныя рысы Някляева як мэнэджэра, як кіраўніка?

Някляева: Уладзімір Пракопавіч вельмі добры кіраўнік. Лепшага галоўнага рэдактара відаць не было ніколі. І гэта гавораць усе, хто працаваў зь ім. Уся рэдакцыя "Крыніцы". Працавалася нам зь ім вельмі добра і прыемна, і ўсе прыгадваюць, калі сустракаемся. Усе гавораць, што лепшага кіраўніка ў іх ніколі не было.

Соўсь: Што скажаце, з чым прыйдзеце заўтра да сьледчага ізалятара да мужа, што прынясеце яму?

Някляева: Ну, вядома, сваё сэрца. Думаю, што сустрэну яго з кветкамі. Мы вельмі часта разумеем адзін аднаго і бяз словаў. Нам дастаткова паглядзець адзін на аднаго, і ўсё будзе зразумела. Трэба падрыхтавацца, як буду выглядаць, так ён убачыць, як я сябе ўнутрана адчуваю.

Слухаць гутарку цалкам: