Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Някляева: “Спакою ў мяне больш няма”


Вольга Някляева
Вольга Някляева

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў, рэдактар газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк і актывіст АГП Андрэй Дзьмітрыеў яшчэ адну ноч правядуць у ізалятары часовага ўтрыманьня.


18 траўня іх затрымалі на трое сутак пасьля ператрусу ў офісах і на кватэрах актывістаў кампаніі. Усе трое зьяўляюцца падазраванымі ў крымінальнай справе за распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі. Сёньня сьледчыя паведамілі адвакатам, што затрыманыя выйдуць на волю заўтра ў 12:35.

Сваякі і паплечнікі затрыманых Уладзімера Някляева, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Вазьняка, калі даведаліся, што іх прывезьлі з ізалятару ў міліцыю, спадзяваліся на іх хуткае вызваленьне.

Тое, што ніхто са сьледчай групы Ленінскага РУУС , якую ўзначальвае Вікторыя Юхневіч, не выклікаў адвакатаў затрыманых, давала падставы меркаваць, што затрыманых прывезьлі, каб вярнуць ім рэчы і адпусьціць на волю. Згодна з заканадаўствам, допыт падазраванага праводзіцца з удзелам адваката, калі размова ідзе, напрыклад, пра зьмяненьне статусу на абвінавачанага ці прад’яўленьні новых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Спачатку фармальны допыт быў прызначаны на 14 гадзіну, але потым перанесены на гадзіну пазьней. Сьледчыя выклікалі адвакатак Сяргея Вазьняка і Ўладзімера Някляева, каб задаць іх падабаронным новыя пытаньні.

У дачыненьні да Андрэя Дзьмітрыева такой неабходнасьці не было, але яго ўсё роўна прывезьлі разам з паплечнікамі і вывелі як небясьпечнага злачынцу ў кайданках. Гэта бачылі людзі, якія ад 12 гадзіны знаходзіліся каля будынку міліцыі.

Міліцыянты пагадзіліся перадаць затрыманым ежу, і гэта крыху ўсьцешыла сваякоў.

Уладзімер Някляеў праз адвакатку перадаў зварот на волю, у якім ён назваў ператрусы на кватэрах актывістаў і іх затрыманьні палітычна матываванымі. У прыватнасьці ён напісаў: «Можна расправіцца з кампаніяй „Гавары праўду!“, можна арыштаваць Някляева і актывістаў кампаніі. Але нельга зьнішчыць праўду».

Пасьля фармальнага допыту затрыманых адвезьлі ў турму. Сьледчыя сказалі адвакатам, што заўтра ў 12:35 іх падабаронныя выйдуць на волю.

Жонка паэта Вольга Някляева паехала ў ізалятар і змагла перадаць мужу прадукты і пігулкі:
Затрымалі, каб пазьдзеквацца і дух зламіць.

«Перадала яму тое, што ён прасіў — пераапрануцца, ваду, пігулкі, зубную пасту, мыла і ўсё такое. Узялі, і я ім вельмі ўдзячная.

Лічу, што затрымалі, каб пазьдзеквацца і дух зламіць. У мяне ўсё ў кватэры так і стаіць. Не было нават часу ўсё разабраць. Так і застаецца хаос.

Занепакоенасьць ёсьць. 72 гадзіны заўтра заканчваюцца, але баюся, што на гэтым ня скончыцца. Спакою ўжо ў мяне няма».

Навошта спатрэбілася прывозіць затрыманых актывістаў у міліцыю і трымаць там амаль увесь дзень, каб правесьці фармальны допыт?

Сьвятлана Калінкіна: «Мне падаецца, што гэта такая матывацыя арышту, бо ніхто не зразумеў, навошта было затрымліваць Вазьняка, Някляева, Дзьмітрыева. Сёньня яны зрабілі выгляд, што нібыта вядзецца сьледзтва.

Я, увогуле, ад самага пачатку не разумею, у чым прычына такога дэманстратыўнага скандалу. Ніякіх палітычных мэтаў кампанія не дэкляравала. У Беларусі шмат розных ініцыятываў і кампаній. Для запалохваньня дастаткова было па адным выклікаць людзей і нешта непрыемнае ім там казаць. А тут ва ўсім ёсьць паказальная дэманстрацыя».

Уладзімера Някляева, Сяргея Вазьняка і Андрэя Дзьмітрыева сваякі і сябры будуць чакаць заўтра каля брамы ізалятару часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG