Выпусьцілі з-пад варты і Віталя Каваленку, малодшага брата віцебскага актывіста. Абодвух міліцыянты затрымалі 8-га траўня нібыта за дробнае хуліганства.
На думку Сяргея Каваленкі, і акалічнасьці затрыманьня, і вызваленьне з ізалятару сёньня, калі ў горадзе прайшлі сьвяткаваньні Дня Перамогі, сьведчыць пра памкненьне віцебскай міліцыі “ізаляваць” актывістаў ды выключыць магчымасьць вулічных акцыяў.
Сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і ягонага брата Віталя затрымалі ўвечары 8 траўня ў харчовай краме недалёка ад дому, дзе яны жывуць. У Першамайскім РАУС на іх склалі пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, хаця абодва браты адмаўлялі сваю віну. Якраз напярэдадні ў цэнтры Віцебску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, прымацаваны на “страле” будаўнічага крана. Таму Сяргей Каваленка лічыць, што затрыманьне насіла прэвэнтыўны характар – каб нічога падобнага не паўтарылася ў Дзень Перамогі.
Братам Каваленкам паведамілі, што судзіць за нецэнзурную лаянку іх будуць 24 траўня ў Першамайскім райсудзе. Сяргея Каваленку чакаюць два суды запар праз падобныя абвінавачаньні. 6-га траўня яго затрымалі на тэрыторыі Чыгуначнага раёну, і суд, дзе разьбіраецца пратакол, складзены нібыта за дробнае хуліганства, перанесены на 25 траўня.
Але яшчэ раней, на 12 траўня, Кастрычніцкі райсуд Віцебску прызначыў разгляд крымінальнай справы актывіста. Сяргея Каваленку будуць судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй гарадзкой ёлцы. Супраць Каваленкі выстаўлены два абвінавачаньні: у злосным хуліганстве і ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі пад ёлкаю, калі ён спусьціўся ўніз. Актывісту пагражае да 5 гадоў турмы.