Сяргея і Віталя Каваленкаў затрымалі нібыта за нецэнзурную лаянку. Паводле падобнага абвінавачаньня Сяргей Каваленка быў затрыманы 6-га траўня, і 7-га траўня яго судзілі за гэта ў Чыгуначным райсудзе Віцебску.
Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ цьвердзіць, што правапарушэньня не было ні тады, ні цяпер, калі іх затрымалі разам з братам. На думку Сяргея Каваленкі, міліцыянтам дадзена ўказаньне “ізаляваць” яго на час сьвяткаваньняў Дня Перамогі, бо ўлады асьцерагаюцца ягоных верагодных акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Асудзіць апазыцыянэра “на суткі” 7 траўня не ўдалося, бо ён запатрабаваў адваката, суд перанесьлі на 25 траўня. Сяргей Каваленка тады казаў, што не выключае правакацыі і што будзе выходзіць у горад толькі разам з кім-небудзь, каб побач былі сьведкі. Аднак гэтая тактыка не спрацавала: актывіста затрымалі разам зь ягоным малодшым братам.
Раніцай 9 траўня браты Каваленкі заставаліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Хутчэй за ўсё, найбліжэйшыя два дні яны правядуць там, бо ў судзе 9 і 10 траўня – выходныя дні.