“Пры цяперашнім рэжыме выбары ня могуць быць дэмакратычнымі”

"Ці лічыце вы гэтыя выбары свабоднымі і дэмакратычнымі? Чаму?" На гэтае пытаньне адказваюць дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты з Гомелю — і тыя, хто зьняўся з выбараў, і тыя, за каго сёньня галасавалі выбарцы.





Васіль Палякоў
, старшыня абласной арганізацыі АГП — ён адмовіўся балятавацца ў Гомельскі абласны савет:

“Я не лічу гэтыя выбары дэмакратычнымі й свабоднымі. Па-першае, таму, што нашых прадстаўнікоў не ўключылі ў склад участковых камісіяў. Я працую ў акруговай камісіі, але нават мне як сябру камісіі не даюць знаёміцца са сьпісамі выбарцаў. Сёньня я на некалькіх участках папрасіў паказаць сьпісы тых людзей, якія зрабілі заявы на галасаваньне дома, але мне гэтыя сьпісы не паказалі”.

Кастусь Жукоўскі
, каардынатар стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, кандыдат у дэпутаты гарсавету:

“Тое, што зараз адбываецца, я не лічу выбарамі ўвогуле. Калі ўсё чыста, дык пусьціце апазыцыйных прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў, дайце нармальна назіраць, а не сядзець у куце.

Старшыня выбарчай камісіі Мікалай Малы, ён жа намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну, відаць, наагул ня ведае заканадаўства. Яго паставілі начальнікам, а ён ня ведае. Сёньня ўвесь час ён мяне перасьледуе. Тэлефануе на ўчасткі й кажа, што я ня маю права знаходзіцца падчас галасаваньня на ўчастку.

На адным з участкаў жанчына з камісіі хацела падрабіць пратакол. Я паскардзіўся менавіта Малому, а ён кажа, што гэта яна зьбіралася даць мне гэты пратакол”.

Зьміцер Сьцепанец
, прадстаўнік руху “За свабоду”, кандыдат у дэпутаты гарсавету:

“Я не лічу, што выбары свабодныя й дэмакратычныя. Кандыдатам ад улады больш дазвалялася, чым кандыдатам ад апазыцыі. Учора быў дзень цішыні. Аднак мая апанэнтка Канцавая расклейвала свае перадвыбарчыя ўлёткі з сынам у пад’ездах. Мы зрабілі ёй заўвагу. Яна адказала, што глядзела тэлевізар, і там сказалі, што дазволілі”.

Яўген Якавенка
, сябра стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога савету:

“Выбары на сёньня не зьяўляюцца свабоднымі й дэмакратычнымі. Датэрміновае галасаваньне як інстытут застаецца. Туды людзей гоняць, гоняць пагрозамі, вуснымі загадамі. Падчас агітацыі зьдзіралі нашыя плякаты, перашкаджалі ладзіць пікеты, сустрэчы зь людзьмі.

На стадыі датэрміновага галасаваньня ўвесь час хаваліся пратаколы датэрміновага галасаваньня. Даводзілася выбіваць іх з боем.

Былі праблемы з вывешваньнем агітацыі на выбарчых участках. Гэтая агітацыя пэрыядычна зьнікала, нягледзячы на тое, што за яе нясуць адказнасьць выбарчыя камісіі”.

Уладзімер Сякерка
, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” — ён адмовіўся балятавацца ў Гомельскі абласны савет:

“Пры цяперашнім рэжыме выбары ня могуць быць дэмакратычнымі. Улада зацікаўленая ў тым, каб у саветы прайшлі толькі яе прызначэнцы. Сёньня камісія не дала магчымасьці назіральнікам кантраляваць галасаваньне дома”.

.