Папраўкі, унесеныя ў Выбарчы кодэкс паводле патрабаваньня міжнародных інстытутаў, у прыватнасьці АБСЭ, фактычна не закранулі працу назіральнікаў. На мясцовыя выбары не запрошаныя міжнародныя назіральнікі — старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына аргумэнтавала гэта тым, што ўва ўсім сьвеце гэта не практыкуецца, хаця і не забаронена. Толькі каля 50 прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу выказалі жаданьне назіраць за выбарамі. Што да назіральнікаў ад грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, — іх таксама няшмат. Сустаршыня грамадзкай ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак тлумачыць:
«Мы не рабілі гэтым разам вялікага назіраньня ў дзень галасаваньня, такая мэта ня ставілася. Для нас вельмі важна на гэтых выбарах паглядзець, чым яны адрозьніваюцца ад мінулых, як зьмены ў заканадаўстве зьмянілі ход выбарчага працэсу, ці стаў ён больш дэмакратычным альбо не. Для гэтага ня трэба вялікая колькасьць назіральнікаў. Дзесьці каля 200 назіральнікаў працуе ў цэлым па краіне».
Фармальна назіральнікаў маюць права накіроўваць партыі, грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы. Назіраць за выбарамі маюць права дэпутаты ўсіх узроўняў і давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты.
Кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету па Акадэмічнай выбарчай акрузе № 48 Першамайскага раёну Валер Ухналёў сёньня абышоў шмат участкаў. Вось што ён распавёў пра тое, як працуюць назіральнікі:
«Усюды па-рознаму. І можна будзе казаць пра тое, як справы з назіраньнем, калі пачнецца падлік галасоў. Зараз, да прыкладу, на маіх участках няма праблемаў, назіральнікі ўсё бачаць, усё ў іх навідавоку, усё праглядаецца. Ёсьць праблемы ў Сьвіслачы Пухавіцкага раёну. Там назіральнікаў пасадзілі так, што яны ня бачаць ні скрыню для галасаваньня, ні як бюлетэні выдаюць».
Шмат якія пытаньні застаюцца закрытымі для назіральнікаў. І пабачым, што будзе ўвечары, якая будзе працэдура падліку галасоў.
Што да першых высноваў, як працуюць назіральнікі на выбарах па новых правілах, то бок паводле адкарэктаванага Выбарчага кодэксу, сустаршыня грамадзкай ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак кажа:
«Па-першае, мне незразумелая лёгіка Цэнтравыбаркаму, які на мясцовых выбарах дазваляе цэнтральным органам кіраваньня рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў накіроўваць назіральнікаў толькі ў Цэнтравыбаркам, але яны ня могуць накіраваць назіральнікаў ва ўсе выбарчыя камісіі. Бо на парлямэнцкіх, на прэзыдэнцкіх выбарах сыстэма іншая, якраз магчымасьці для накіраваньня назіральнікаў больш шырокія. Па-другое, ці могуць назіральнікі рэальна назіраць ход выбарчых працэдур? З гэтым ёсьць па-ранейшаму праблемы. Шмат якія пытаньні застаюцца закрытымі для назіральнікаў. І пабачым, што будзе ўвечары, якая будзе працэдура падліку галасоў. Ці дапусьцяць назіральнікаў сачыць за гэтым».
На папярэдніх выбарах назіральнікі фактычна былі пазбаўленыя магчымасьцяў бачыць працэс падліку. На выбарчых участках ім адводзіліся такія месцы, зь якіх можна было бачыць у лепшым выпадку толькі сьпіны чальцоў камісіі, якія фактычна закрывалі сваімі тулавамі сталы зь бюлетэнямі. Тут варта зазначыць, што першапачатковы варыянт паправак у Выбарчы кодэкс уключаў і папраўку, якая тычылася пашырэньня правоў назіральнікаў. Але Аляксандар Лукашэнка на нарадзе перад прадстаўленьнем законапраекту заявіў: «Я ня бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць». Пазьней старшыня ЦВК спадарыня Ярмошына матывавала адхіленьне гэтай папраўкі так: «Фармулёўка аб умовах, якія дазваляюць назіраць агляднасьць падліку галасоў, выключаная як суб’ектыўная».
Такім чынам, зараз інтрыга ў тым, ці дапусьцяць назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў.