Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: дзецям — канцэрт, бацькам — буфэт


Завабіць людзей да скрыняў для галасаваньня на многіх выбарчых ўчастках спрабавалі з дапамогай канцэртаў і танных буфэтаў. Так было, напрыклад, у школах Лошыцкай выбарчай акругі № 14.

Выбарнік знаёміцца з кандыдатамі ў дэпутаты перад галасаваньнем
Чальцы выбарчай камісіі чакаюць наведнікаў
Галасаваньне
Сярод назіральнікаў — прадстаўнікі школьнай адміністрацыі
У школьнай сталоўцы — буфэт
Школьны канцэрт без гледачоў
Па дарозе на выбарчы ўчастак
У школе выбарчы ўчастак і фэстываль бальных танцаў
Гучная музыка з вакон школы № 222 чуваць яшчэ на падыходах — тут месьцяцца ўчасткі № 73 і 74. Настаўнікі сустракаюць выбарцаў пры ўваходзе. Цікаўлюся ходам галасаваньня:

Карэспандэнтка: «Наколькі актыўна сёньня людзі ідуць на выбары?»

Настаўніца: «Актыўна. Магчыма, зранку ня так актыўна было...»

Іншая настаўніца: «Пасьля 10 гадзіны народ, напэўна, прачнуўся і, канечне, дружна пайшлі на нашыя ўчасткі № 73 і 74».

Карэспандэнтка: «Вы задаволеныя тым, як праходзіць выбарчая кампанія?»

Настаўніца: «Мы задаволеныя, бо настрой ва ўсіх прыўзьняты. У школе працуе і мэдычны кабінэт, і кавярня-бар, музыка гучыць — пэўна, гэта важна для ўсіх нас».

У актавай залі школы, дзе праходзіў канцэрт, гледачоў, аднак, было няшмат. У пераважнай бальшыні бацькі малых артыстаў сканцэнтраваліся ў спартовай залі, дзе падчас галасаваньня ладзіўся дзіцячы фэстываль бальных танцаў. Завабіць выбарцаў таксама імкнуліся на ўчастку № 72, разьмешчаным у суседняй школе № 24. Вось што паведаміў старшыня Аляксандар Хрушчоў:

«Тых, хто ўпершыню галасуе, мы частуем шакалядкай. Як раней, традыцыйна было, што выбары — гэта сьвята. Ну, мы, з улікам крызісу, вось такое маленькае сьвята наладзілі. Таксама для малых дзетак, якія з бацькамі прыходзяць — ну чаму іх не заахвоціць? Драбяза, а прыемна».

Значную частку школьнай сталоўкі ў дзень галасаваньня заняў буфэт з садавіной-гароднінай, сьвежай выпечкай і сьпіртовымі напоямі. Паводле спадара Хрушчова, сачыць за ходам галасаваньня на ўчастку былі зарэгістраваныя па два назіральнікі: ад працоўных калектываў, БРСМ, «Белай Русі» і вэтэранаў. Аднак з трох чалавек, якія сядзелі за сталом з пазнакай «Назіральнікі», толькі адзін прэзэнтаваў вэтэранскую арганізацыю:

Карэспандэнтка: «Каго вы прадстаўляеце?»

Спадарыня: «Школу № 24».

Карэспандэнтка: «А хто грамадзкія арганізацыі?»

Спадарыня: «Я — вэтэранскую арганізацыю. Выбары праходзяць вельмі прыемна, усім прапаноўваем прайсьці ў буфэт. Усё вельмі добра».

Кандыдатамі ў дэпутаты па Лошыцкай выбарчай акрузе № 14 балятаваліся чатыры прадстаўнікі розных палітычных партый. Аднак шмат хто з выбарцаў упершыню знаёміўся з кандыдатамі толькі на выбарчых участках. Адсутнасьць інфармацыі — адна з асноўных заганаў выбарчай кампаніі, якую людзі найчасьцей называлі ў дзень галасаваньня:

Карэспандэнтка: «Ці вызначыліся, за каго будзеце галасаваць?»

Спадар: «Не, яшчэ ня вызначыліся. Паглядзім».

Спадарыня: «Інфармацыі вельмі мала. У нас інфармацыйныя стэнды павесілі, але ніякай інфармацыі не было».

Карэспандэнтка: «Якія спадзяваньні ўскладаеце на новаабраных дэпутатаў?»

Спадар: «А якія там спадзяваньні...»

Спадарыня: «Абы горш не было». (Сьмяецца.)

Спадар: «Не, спадзяемся, што дэпутаты будуць працаваць».

Карэспандэнтка: «Ці ўсё вам падабаецца як выбарніку?»

Спадарыня: «Інфармацыі было малавата. Добра было б, каб пабачыць, пачуць чалавека, а то што гэты лісток? Прачыталі... і на тым дзякуй». (Сьмяецца.)

Карэспандэнтка: «Вы прагаласавалі ці яшчэ не?»

Спадарыня: «Так, мая дачка нават упершыню — ёй і пытаньні задавайце».

Карэспандэнтка: «За каго галасавалі, калі не сакрэт?»

Юначка: «Супраць усіх. Бо няма годных дэпутатаў сярод названых кандыдатаў. Трэба падымаць краіну, а годных людзей няма. Трэба прапускаць у дэпутаты тых, хто здолее гэта зрабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG