Алесь Зарэмбюк знаходзіцца ў Ашмянскім РАУС. Ён патлумачыў, што яго затрымалі на выезьдзе з Ашмянаў, калі ён накіраваўся дахаты ў Масты. Паводле яго, ДАІ ўжо чакала яго.
Сёньня Алесь Зарэмбюк быў у Менску на паседжаньні рабочай групы асамблеі няўрадавых арганізацый, а затым паехаў у Вільню, дзе займаецца ў ЭГУ. Аднак у дарозе яму стала вядома, што супраць яго распачата крымінальная справа аб махлярстве, у Мастах у доме бацькі пачаўся ператрус. Людзі ў цывільным, не прадставіўшыся, сказалі Алесевай жонцы Тацяне, якая працуе ў райбальніцы доктарам, што ў іх на кватэры таксама будзе праведзены ператрус. Таму Алесь Зарэмбюк вырашыў вяртацца дахаты, але быў затрыманы міліцыянтамі.