Старшыня стваранага прафсаюзу Ірына Яскевіч распавяла, што Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу на Міністэрства юстыцыі, якое не зарэгістравала новае грамадзкае ўтварэньне 23 студзеня.
Адным з аргумэнтаў Міністэрства юстыцыі было тое, што агульная колькасьць асобаў на ўстаноўчым сходзе – 462 чалавекі – не адпавядае патрабаваньням заканадаўства. Але актывісты прафсаюзу зьбіраліся давесьці, што дэлегатаў было больш за 500 – то бок за неабходную для рэгістрацыі мінімальную колькасьць. На папярэднім слуханьні ў Вярхоўным судзе 18 сакавіка актывісты заявілі, што ў іх ёсьць усе доказы законнасьці сходу, нават відэазапіс імпрэзы.
Тады Вярхоўны суд знайшоў іншыя падставы для нерэгістрацыі. У прыватнасьці, тое, што адзін з заснавальнікаў прафсаюзу Мікалай Канах быў прыняты ў прафсаюз на тым самым устаноўчым сходзе.
Стваральніца прафсаюзу, віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч парушэньня ў гэтым ня бачыць: спадара Канаха спачатку прынялі ў прафсаюз, а потым выбралі яго ў раду грамадзкай арганізацыі. Сапраўдную прычыну таго, што Вярхоўны суд вынес пастанову не разглядаць скаргу і лічыць адмову Мін'юсту канчатковай, спадарыня Яскевіч бачыць у іншым – у тым, што рашэньне не рэгістраваць прафсаюз “Разам” мае палітычны характар.
Прафсаюз меў на мэце абарону правоў дробных прадпрымальнікаў Віцебшчыны і ўсёй Беларусі, а ў дзяржаўных органаў іншая мэта – каб яны былі падпарадкаванымі і цалкам бяспраўнымі, кажа Ірына Яскевіч.