4 студзеня адміністрацыя лякарні вынесла ёй вымову за нібыта парушэньне правілаў дагляду хворых. З пакараньнем Марозава не пагадзілася й зьвярнулася з пазовам у суд.
3 сакавіка, знаёмячыся з матэрыяламі справы, актывістка знайшла ў іх загад аб скасаваньні спагнаньня. Паводле яе, загад быў падпісаны другога сакавіка галоўным лекарам Валянцінай Бялко.
Загад падпісаны заднім чыслом. Зь ім на працы мяне не знаёмілі.
“Загад падпісаны заднім чыслом. Зь ім на працы мяне не знаёмілі. Не паведамлялі мне пра загад аб зьняцьці вымовы й на першым судовым паседжаньні. Як ён зьявіўся ў матэрыялах справы, мне таксама няясна. На судзе не было галоўнага лекара. Як сказала сакратарка, зь невядомых прычын. Чаму скасавалі спагнаньне, я магу толькі здагадвацца. Відаць, у адміністрацыі былі дужа важкія прычыны на тое. Відаць паўплывала тое, што розгалас канфлікту разьнёсься далёка за межы раёну”, — зазначае Алена Марозава.
Як кажа Алена Марозава, яе пакаралі за скаргу ў райвыканкам і абласную ўправу аховы здароўя на факты парушэньня правілаў лекаваньня хворых і атмасфэру нецярпімасьці да сябе з боку адміністрацыі.
На судзе інтарэсы Алены Марозавай бараніў юрыст прафсаюзу РЭП Уладзімер Лазоўскі.
“Спагнаньне было абсалютна незаконнае. Той факт, што Марозава зьвярнулася ў суд, і стаў прычынай таго, што адміністрацыя ня ўстояла і адмяніла загад. Калі б вымова не была абскарджаная, то адміністрацыя знайшла б прычыну для іншага пакараньня, каб потым звольніць Марозаву за сыстэматычнае парушэньне мэдычнай дысцыпліны. Пасьля таго як стала вядома пра загад аб скасаваньні вымовы, мы адклікалі з суду свой пазоў”.
Лекар-інфэкцыяніст Алена Марозава працуе ў Клічаўскай раённай бальніцы ад 1997 году. Лекары такой спэцыялізацыі надта запатрабаваныя ў раённых шпіталях. Іх не хапае. Лекарка сьцьвярджае, што прычына яе канфлікту з начальствам — у адстойваньні інтарэсаў хворых. Яна часта не пагаджаецца з дыягназамі, якія ставяць яе калегі.