Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абараніць мэдыка ўзяўся незалежны прафсаюз


У райцэнтры Клічаў, што на Магілёўшчыне, актывісты незалежнага прафсаюзу зьбіраюць подпісы ў падтрымку сваёй тамтэйшай актывісткі, лекаркі раённай бальніцы Алены Марозавай.

Яна сьцьвярджае, што за крытыку начальства й выкрыцьцё фактаў злоўжываньня яе змушаюць звольніцца. Адміністрацыя лякарні канфлікту не адмаўляе, аднак і не камэнтуе. Спасылаецца на судовы працэс, які ініцыявала Алена Марозава.

Урач-інфэкцыяніст Алена Марозава працуе ў Клічаўскай раённай бальніцы ад 1997 году. Лекары такой спэцыялізацыі надта запатрабаваныя ў раённых шпіталях. Іх не хапае. Лекарка сьцьвярджае, што прычына яе канфлікту з начальствам — у адстойваньні інтарэсаў хворых. Яна часта не пагаджаецца з дыягназамі, якія ставяць яе калегі.
Я ўжо ад гэтага перасьледу задыхаюся ...

“Былі выпадкі, калі й пяцёра лекараў не згаджаліся з маім дыягназам. Прыяжджаюць спэцыялісты з Магілёва — і скасоўваюць дыягназ, пастаўлены гэтай групай лекараў. Гэта ўсё ўспрымаецца як асабістая крыўда. Я так для сябе й ня вырашыла, ці яны гэта робяць на шкоду мне, ці зь невуцтва. Лекары адвярнуліся ў той бок, дзе ўлада. Улада сёньня дае месца працы, нейкія прэміі, ільготы, а праўды ўлада ня любіць. Я ўжо ад гэтага перасьледу задыхаюся”, — распавядае Алена Марозава.

Як кажа лекарка, выявіла яна і фінансавыя злоўжываньні ў бальніцы. Пазьней іх пацьвердзіла й праверка бабруйскага аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў:

“Яны працавалі каля месяца. Намагаліся аднавіць ісьціну. Ім удалося знайсьці каля дванаццаці мільёнаў. Пасьля гэтага мне зусім жыцьця не даюць. Аб’явілі мне заўвагу нават. Прычым у такой вычварнай форме, што нават не ўказана, за што толкам. Вось гэтую заўвагу я абскарджваю ў судзе”.

Каб абараніць сябе, Алена Марозава ўступіла ў незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін народнай гаспадаркі. Яна спадзяецца на яго дапамогу.

Што думае пра канфлікт адміністрацыя мэдычнай установы, ці згаджаецца яна з абвінавачаньнямі Алены Марозавай?

“Я камэнтаваць гэта ўсё не зьбіраюся. У яе ёсьць пытаньні. Яна на нас у суд падала, таму пакуль без камэнтароў. Добра?” — заявіла ў тэлефоннай гутарцы галоўны ўрач клічаўскай бальніцы Валянціна Бялко.

Пра тое, што ў Клічаве зьбіраюць подпісы ў падтрымку Алены Марозавай, спадарыня Бялко ведае. Ведае яна й пра спрычыненасьць да гэтай акцыі незалежнага прафсаюзу. Збор подпісаў яна таксама пакінула без камэнтароў.

Паводле прафсаюзнага актывіста Юрыя Дарашэнкі, у падтрымку Алены Марозавай за няпоўны месяц аддалі свае подпісы больш за сто жыхароў Клічаўскага раёну:
Паасобку няможна абараніцца ...

“Мы сталі зьбіраць гэтыя подпісы дзеля таго, каб паінфармаваць насельніцтва пра тое, што рэальна адбываецца ў гэтай бальніцы, каб абараніць саму магчымасьць атрымліваць людзям паўнавартаснае лекаваньне, а ня нейкі паўфабрыкат. З гэтымі подпісамі я пайду на прыём да губэрнатара, я ўжо запісаўся да яго. Паасобку няможна абараніцца”.

Юры Дарашэнка сьцьвярджае, што прафсаюзу ўдалося выявіць факты няякаснага лекаваньня і ў шэрагу іншых раённых бальніц Магілёўшчыны.

“Гэта менавіта паўсюдная практыка. Чым далей ад Менску, тым больш свавольстваў дапускае мясцовая ўлада. У Магілёўскай вобласьці — гэта сыстэма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG