Падчас саюзнага Саўміну, які адбыўся на гэтым тыдні ў Берасьці, прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін зрабіў надзвычай дзіўную заяву. Ён сказаў, што “непрызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі можа мець адзін станоўчы эфэкт – нармалізацыю стасункаў Беларусі з Захадам”.
Тут выклікае зьдзіўленьне ня зьмест думкі, досыць трывіяльны, а тое, хто яе выказвае.
У свой час расейскі МЗС заходзіўся ад гневу ад заяваў тагачасных кіраўнікоў замежнай палітыкі ЭЗ К.Шварцэнбэрга, Х.Саляны і Б.Фэрэры-Вальднэр, што ў выпадку прызнаньня Менскам незалежнасьці гэтых грузінскіх аўтаноміяў пэрспэктыва паляпшэньня стасункаў Беларусі з Эўропай стане вельмі туманнай. Гэта адназначна трактавалася Масквой як ціск і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі, як спроба вырваць Беларусь са сфэры расейскага ўплыву. Ды і пазьней многія расейскія аналітыкі і палітыкі трактавалі гэты геапалітычны гешэфт Лукашэнкі і ўступленьне Беларусі ва Ўсходняе партнэрства як падступную здраду Расеі.
І раптам такі ўседаравальна-памяркоўны тон, маўляў, ну не прызналі і добра, абы на здароўе, мы, маўляў, і самі галаву ламалі, як памірыць Беларусь з Захадам, а беларусы самі прыдумалі. Малайцы!
Неяк непадобна на Маскву і ў прыватнасьці на Пуціна.
Нехта можа палічыць, што Пуцін нарэшце раскрыў беларуска-расейскую гульню, Масква з Менскам “дамовіліся не дамовіцца” наконт Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, каб прапхнуць беларускага траянскага каня ва Ўсходняе партнэрства. Але з партнэрства непрыступная Троя, як з ваўчынага хваста сіта. І траянскі конь зь Беларусі адпаведны. Да таго ж зь якой радасьці мацёры чэкіст будзе публічна “паліць” тонкую спэцапэрацыю?
Дык у чым прычына? Тут на мой погляд варта прыгадаць кантэкст візыту расейскага дуумвіра. Прэзыдэнт Лукашэнка адляцеў у Вэнэсуэлу, не знайшоўшы часу сустрэцца з прэм’ерам суседняй дзяржавы, паказаўшы, што той для яго – ня больш чым прэм’ер, да таго ж, такога ж тэхнічнага кшталту, як і пуцінскі візаві Сідорскі. Гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, як раз тая самая нармалізацыя стасункаў Беларусі з Эўропай перажывае хіба ня самы сур’ёзны крызіс за ўвесь час сваёй нядоўгай гісторыі. Рэзкае, каскаднае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прыводзіць да усё большага расчараваньня Эўропы. Пакуль толькі расчараваньня, але адмова ў крэдытах з боку Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку – першы званочак таго, што нармалізацыя стасункаў можа быць і замарожаная, калі не павернутая ў адваротны бок. Ну і з трэцяга боку, Пуцін у Берасьці быў у гуморы, адпускаючы розныя зьедлівыя жарцікі, прыгадваючы Кісу Вараб’янінава з “12 крэслаў” з ягоным “гандаль тут недарэчны”.
Дык можа і дзіўная фраза пра нармалізацыю і Абхазію з Асэтыяй – проста сьцёб, злы сарказм, сказаны з непраніцальным тварам?
У сэнсе – ну і як нармалізаваліся? Падабаецца? Шмат атрымалі за здраду Расеі? Кажучы словамі клясыка, “ну што, сынку, дапамаглі табе твае ляхі?”
Складана сказаць, ці мелі рацыю Ўладзімер Мацкевіч і Зянон Пазьняк, убачыўшы за новым ціскам на Саюз палякаў “руку Масквы”. А за атакай на незалежныя СМІ – таксама рука? Нейкая Масква як шматрукі індыйскі бог. Можа і рука, а можа і ўласнае сувэрэннае рашэньне. А Пуціну што – калі праціўнік (ці закляты саюзьнік) робіць якое глупства, самая разумная тактыка яму не перашкаджаць.
А потым, калі справа зайшла даволі далёка, дасьціпна даць зразумець, што ў Маскве ўважліва сочаць за сытуацыяй, разумеюць яе наступствы і маюць з улікам іх пэўныя пляны.